«Не час сварыцца. Мы павінныя быць разам»! Міхась Зарэцкі і ягоная барацьба з расейшчынай


На Дзяды ўзгадваем беларускага творцу Міхася Зарэцкага, які спачыў у Курапацкіх лясах. Цыкл «Лабірынты. (Не)расстраляныя».

Міхась Зарэцкі на пачатку трыццатых гадоў XX стагоддзя пазбег турмы, яго арыштавалі 3 лістапада 1936 года.

Разам з Алесем Дударом, Анатолем Вольным, Міхасём Чаротам быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. У дзень гібелі быў спакойны, падбадзёрваў сяброў, казаў: лепей смерць фізічная, чым маральная.

Міхась Касянкоў (творчы псеўданім Міхась Зарэцкі) – адзін з самых папулярных беларускіх празаікаў другой паловы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Ягоныя самыя вядомыя творы – «Дзіўная», «Ворагі», «Кветка пажоўклая», «Голы звер», «Ой, ляцелі гусі», «Максімаліст». Калі ўзмацнілася цэнзура, актыўна выкарыстоўваў у сваёй прозе метад «гістарычнага пераапранання». У трыццатыя гады ягоныя забароненыя творы кралі з бібліятэк.

Скрыншот з праграмы «Лабірынты». Крыніца: БЕЛСАТ HISTORY / YouTube

Міхась Зарэцкі быў не падобны да іншых беларускіх пісьменнікаў. Ён здзіўляў як у жыцці, так і ў творчасці.

Вострасюжэтная проза Міхася Зарэцкага вылучалася эратычнай жарсцю, нечаканымі сюжэтнымі паваротамі. Менавіта Зарэцкі ўвёў у айчынную літаратуру вобраз фатальнай жанчыны, якая ў яго была то камсамолкаю, то чэкісткаю, а то працаўніцаю заводу.

Калі ў траўні 1926 года выйшла аповесць «Голы звер», крытыка пісала: «Яго творамі не можна не захапляцца… У Зарэцкім мы маем літаратурную велічыню першаступянёвага значэння…»

Дастаткова часта ў ягоных творах жанчыны маніпулявалі мужчынамі, маглі наблізіць іхную смерць, маральна іх разбуралі. У прозе Міхася Зарэцкага ставала брутальнасці. Погляд пісьменніка на чалавека быў дастаткова суровы.

Калі чытаеш ягоную прозу, падаецца, ён не любіць жанчын. Урывак з ягонага апавядання «Бель»:

«Колькі хвілін абодва маўчалі. Потым ён пачаў нізкім, сціснутым голасам у відавочным абуджэнні:

– Дык, Ганна… Значыць, не будзе так? Ты не будзеш маёй… ну, не жонкай… прыяцелькай, сябрам, але зусім, каб усягды, каб жыць разам, разам працаваць…

– Мы будзем, як і раней, прыяцелямі. Будзем памагаць адзін аднаму…

– Не, не тое… не так… Ты разумееш мяне, Ганулька, толькі не хочаш прызнацца… Ну, скажы проста, канчаткова: не будзе так, як я кажу?

– Не, не будзе.

– Чаму?

– Я сама люблю волю…

– Ты… Змітровіча любіш…

– Ну, няхай сабе й так… Я люблю яго… моцна люблю, бо ён прыгожы, разумны, ён… падабаецца мне…

Даніла моўчкі ўзняўся.

– Ладна. Я пайду, Ганулька!

– Куды ты, Даніла? Чаго табе па начы бадзяцца… Ты ў мяне пераначуй.

– Ты не бойся, Гануля. Я ж помню твае словы: тут дрэнна, дык там добра; тут пуста, дык там поўна… Дабранач!..

Ён выйшаў на вуліцу. Цемень, вецер, завея».

З другой паловы дваццатых Зарэцкі актыўна выступаў супраць засілля русіфікацыі, супраць таго, каб нашае кіно рабілася пазаддзем расейскага кінематографу, супраць таго, каб айчынны тэатр ставіў п’есы маскоўскіх аўтараў, а не беларускіх.

Адкуль у былога палітпрацаўніка Чырвонай арміі, камуніста Міхася Зарэцкага былі апазіцыйныя настроі? Магчыма, бацькаў уплыў? Ягонага тату, сельскага дзяка, нельга было назваць ціхмяным духоўным служкам. Ва ўспамінах пісьменніка чытаем:

«У дачыненні да начальства бацька вёў сябе незалежна. «Вайна» з кіраўніцтвам, змаганне супраць усялякага роду несправядлівасці прайшла яркай ніццю праз усё жыццё бацькі».

Міхасю ж тата казаў:

«Запомні, сынок, ніхто не павінен дыктаваць табе, што рабіць. Ты мусіш, як Хрыстос, быць справядлівым, свабодным, упартым, моцным, смелым, і глядзі, каб ніякая халера цябе не змагла пакласці на лапаткі».

Празаік, сцэнарыст Анатоль Вольны (Ажгірей) захапляўся ўменнем Зарэцкага не згінацца пад агнём крытыкі:

«Другі б слабейшы можа і паддаўся. Але гэты ўпарты беларус не паддаецца і з кожным годам піша ўсё новае і новае».

Алесь Дудар адзначаў:

«Міхася цяжка збіць з ягонай пазіцыі».

Гэткія настроі востра праявіліся пасля 1926 года, калі Зарэцкі пабываў у творчай паездцы ва Украіне. Па вяртанні з радзімы Тараса Шаўчэнкі Зарэцкі на старонках беларускіх газетаў пісаў, што наш тэатр, на адрозненне ад украінскага, губляе нацыянальную адметнасць, робіцца прымітыўным. Захапляўся дружнасцю ўкраінцаў і шкадаваў, што гэткага няма ў беларусаў. Радаваўся ўздыму ўкраінскага кіно і засмучаўся, што з аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця» рэжысёры зрабілі высушаную агітку.

Пасля ж вяртання з Еўропы апазіцыйныя настроі Зарэцкага толькі ўзмацніліся…

Скрыншот з праграмы «Лабірынты». Крыніца: БЕЛСАТ HISTORY / YouTube

Разам з іншымі сябрамі «Маладняка» ён піша адкрыты ліст супраць русіфікацыі БДУ. Ліст быў надрукаваны 1 снежня 1928 года ў № 278 «Савецкай Беларусі». Беларускія маладыя творцы заяўлялі, што пакідаюць БДУ, бо ў яго сценах беларускіх пісьменнікаў абвінавачваюць у «белорусском шовинизме»…

Празаік Іларыён Барашка ў выступе ад імя арганізацыі БелАППу выказаў рэзкі пратэст супраць лісту тройкі. Пятрусь Броўка заявіў, што размовы пра слабую беларусізацыю БДУ – толькі шыльда. А ліст трох – палітычны памфлет, што ганьбіць БДУ і нацыянальную палітыку. Кандрат Крапіва казаў, што змяшчэнне ў друку ліста сведчыць пра капітуляцыю яго падпісантаў.

Скрыншот з праграмы «Лабірынты». Крыніца: БЕЛСАТ HISTORY / YouTube

«Звязда», «Чырвоная Беларусь», «Савецкая Беларусь» – фактычна ўся прэса выступіла супраць Міхася Зарэцкага і ягоных паплечнікаў. У першыя дні новага 1929 года іх выклікаюць для дачы тлумачэнняў.

З ліста трох, у якім беларускія пісьменнікі пратэставалі супраць русіфікацыі БДУ, з тэатральнай дыскусіі і артыкулаў пра беларускае кіно, дзе Зарэцкі, Дудар, Жылуновіч ды іншыя нашыя дзеячы змагаліся, каб наша краіна не ператварылася ў бязвольную рабыню Крамля, пачынаюцца першыя арышты, высылкі, спробы самагубстваў і саманагавораў.

Міхася Зарэцкага фізічна знішчылі, але маральна і духоўна не зламалі.

Ягоныя творы па-ранейшаму маюць вялікую папулярнасць, а ягоны моцны характар натхняе нас сённяшніх.

Глядзіце Цыкл «Лабірынты. (Не)расстраляныя» на YT-канале «Belsat HISTORY» (відэа вышэй).

Стужка навінаў