Святлана Ціханоўская: Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі


Дэмакратычныя сілы Беларусі як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта ў Варшаве заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская, выступаючы перад дэлегатамі Каардынацыйнай рады Беларусі.

Святлана Ціханоўская выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей… І вялікая ўдзячнасць усім беларусам унутры сістэмы, якія дзеляцца з намі каштоўнай інфармацыяй», – сказала Святлана Ціханоўская.

Намеснік кіраўніцы Пераходнага кабінету і прадстаўнік у пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка ўдакладніў на брыфінгу, які адбыўся пасля пасяджэння, што падыход, звязаны з неабходнасцю выдання ордару на арышт Аляксандра Лукашэнкі за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, звязаныя з дзейнасцю, накіраванай на «раскол элітаў». Гэты кірунак дзейнасці будзе адным з прыярытэтных.

На пасяджэнні ў Варшаве сябры Абʼяднанага пераходнага кабінету ўзгаднілі пратакол аб узаемадзеянні паміж Кабінетам і Каардынацыйнай Радай, а таксама зацвердзілі стратэгічныя прыярытэты для дэмакратычных сілаў. Святлана Ціханоўская пералічыла іх падчас сваёй прамовы перад дэлегатамі Каардынацыйнай Рады.

7 прыярытэтаў для дэмакратычных сілаў Беларусі

  1. Візуалізацыя Новай Беларусі павінна стаць нашым першым прыярытэтам. Мы павінныя даць адказы на пытанні: што будзе пасля Лукашэнкі? Паводле якой Канстытуцыі будуць адбывацца новыя выбары? Як будуць выглядаць рэформы ў эканоміцы?
  2. Падтрыманне рэпрэсаваных ужо сёння. Мы працуем над тым, каб стварыць міжнародны фонд дапамогі рэпрэсаваным, і разлічваем на дапамогу беларускага бізнесу за мяжою.
  3. Прыцягненне вінаватых да адказнасці. ААН прызнала, што ў Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці. Мы будзем дабівацца завядзення справаў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, дамагацца завядзення справаў у Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН.
  4. Дапамога беларусам у выгнанні. Пасля новага дэкрэту тысячы беларусаў застануцца без пашпартоў і дакументаў. Мы дамагаемся, каб пратэрмінаваныя пашпарты прызнавалі за сапраўдныя, выдавалі больш працяглыя віды на жыхарства. І, вядома, – рыхтуем да выдачы новы беларускі пашпарт.
  5. Умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Папулярызаваць беларускую мову, сапраўдную гісторыю. Адкрываць школы за мяжой і запускаць праекты дыстанцыйнай адукацыі для тых, хто ў Беларусі.
  6. Інфармацыйна-асветная праца. Неабходна супрацьдзейнічаць прапагандзе. Ствараць каналы для распаўсюду праўдзівай інфармацыі.
  7. Магчыма, самы важны прыярытэт – абарона незалежнасці Беларусі. Мы працуем над тым, каб арганізаваць слуханні ў Радзе бяспекі ААН.

Выбары ў КР – альтэрнатыва выбарам у псеўдапарламент

У сваім выступе Святлана Ціханоўская агучыла пазіцыю Кабінету наконт выбараў у Каардынацыйную раду, якая можа зрабіцца «сапраўды прадстаўнічым органам беларускіх дэмакратычных арганізацыяў і палітычных партыяў». Для гэтага неабходна правесці выбары ў наступны склад Каардынацыйнай рады. Яны, мяркуе дэмакратычная лідарка Беларусі, будуць «альтэрнатывай тым выбарам у псеўдапарламент, што праводзіць рэжым».

Святлана Ціханоўская выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем – яны не законныя. Але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву. Правесці грамадска-асветную кампанію, прасоўваць сваё бачанне Новай Беларусі, паказаць кантраст з тым, што прапаноўвае рэжым», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна заявіла таксама пра гатовасць праекту канцэпцыі пераходнага перыяду, які будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне і на слуханні ў Каардынацыйнай радзе.

«І вельмі важна, каб беларусы ўнутры краіны таксама ўдзельнічалі ў абмеркаванні гэтага дакументу», – зазначыла Святлана Ціханоўская.

Звяртаючыся да беларусаў, якія жывуць цяпер ва ўмовах лукашэнкаўскага рэжыму, – «ва ўмовах тэрору», абраная прэзідэнтка Беларусі заклікала не апускаць рукі.

Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Выкарыстоўвайце гэты час для самаразвіцця. Ёсць шмат магчымасцяў для самаадукацыі. Знаходзьце бяспечныя формы дэманстрацыі сваёй нязгоды. Шукайце аднадумцаў. Захоўвайце баявы дух. Толькі разам – мы зможам давесці да канца тое, што пачалі ў 2020-м. Мы абавязкова вернем сабе сваю краіну, сваю годнасць і сваю свабоду!» – кажа Святлана Ціханоўская.

«Мы не маем права спыніцца, пакуль кожны, хто застаецца ў засценках, не будзе вызвалены. І я хачу падкрэсліць, каб мяне пачулі і тыя, хто на баку рэжыму: мы не спынімся, пакуль не вернем нашую краіну!» – заявіла Святлана Ціханоўская.

Андрэй Ягораў: Нам патрэбная змяняльнасць лідараў

Перад дэлегатамі выступіў палітолаг і спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў. «Крытычным прыярытэтам» дзейнасці ён назваў падтрыманне грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі, якая застаецца пад жорсткім прэсінгам, а цэнтральнай праблемай – вызваленне палітвязняў.

Андрэй Ягораў, спікер Каардынацыйнай рады, выступае перад чальцамі Каардынацыйнай рады і журналістамі. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Кажучы пра выбары, якія рыхтуе рэжым Лукашэнкі, Ягораў сцвердзіў, што дэмакратычныя сілы мусяць ствараць уласныя інфармацыйныя нагоды і рабіць дзеянні, на якія рэжым вымушаны будзе рэагаваць. Адной з такіх магчымасцяў ён назваў выбары ў Каардынацыйную раду.

«Не тыя выбары, якіх у Беларусі няма ўжо столькі гадоў, а сапраўдныя дэмакратычныя выбары, на якіх могуць выбіраць сваіх прадстаўнікоў усе грамадзяне Беларусі, дзе б яны ні былі», – падкрэсліў Андрэй Ягораў.

На ягоную думку, такія выбары пашыраць прадстаўніцтва і легітымнасць усіх дэмакратычных сілаў, узмоцняць агульную вагу дэмакратычных сілаў у перамовах з партнёрамі, створаць механізм адказнасці для палітыкаў.

Ягораў падкрэсліў важнасць канкурэнтнасці і замяняльнасці лідараў.

«Канкурэнтнасць на гэтых выбарах – вельмі важная. Нам патрэбная змяняльнасць лідараў, нам патрэбная змяняльнасць складу Каардынацыйнай рады. І выбары могуць даць нам гэтую змяняльнасць. Новыя людзі прыйдуць з новымі ідэямі», – зазначыў спікер Каардынацыйнай рады.

Святлана Ціханоўская выступае перад журналістамі пасля пасяджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Кампанія выбараў у Каардынацыйную раду, калі мы хочам заангажаваць у яе шмат грамадзянаў краіны, а гаворка не пра дзясяткі тысячаў людзей, а пра сотні тысячаў, якія змогуць удзельнічаць у гэтай кампаніі, можа адбыцца тады і толькі тады, калі гэта будзе супольная кампанія ўсіх дэмакратычных сілаў. Калі Святлана Ціханоўская як нацыянальная лідарка закліча, каб людзі ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі», – дадаў Андрэй Ягораў.

Ён выказаў спадзяванні, што выбары ў Каардынацыйную раду Беларусі могуць стаць значным крокам да зʼяўлення сапраўднага беларускага руху, які ўзʼяднае беларусаў ва ўсім свеце і які на сёння ёсць мэтай дэмакратычных сілаў.

Лізавета Кохман, Павел Латушка і Святлана Ціханоўская выступаюць перад журналістамі пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пасля выступаў Святланы Ціханоўскай і Андрэя Ягорава журналістаў папрасілі пакінуць залу паседжання – астатняя частка сустрэчы чальцоў Абʼяднанага кабінету з дэлегатамі Каардынацыйнай рады праходзіла ў закрытым фармаце.

На пасяджэнні Абʼяднанага пераходнага кабінету і на сустрэчы з дэлегатамі Каардынацыйнай рады 2 кастрычніка прысутнічалі кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская, ейны намеснік Павел Латушка, прадстаўніца ў сферы сацыяльнай палітыкі Вольга Гарбунова, прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, намесніца прадстаўніка ў абароне і нацыянальнай бяспецы Лізавета Кохман, намеснікі прадстаўніка ў сферы транзіту ўлады Юрый Губарэвіч, Арцём Праскаловіч і Міхаіл Залеўскі, намеснік прадстаўніка ў замежных справах Уладзімір Астапенка, намеснік прадстаўніцы ў нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, кіраўнік апарата Кабінету Валерый Мацкевіч.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў