Дзе я, а дзе Арцах? – Побач!

Тыдзень таму я репостнула ў сваім інстаграме пост са сціслымі адказамі на пытанні пра тое, што такое Арцах, што адбываецца цяпер у Нагорным Карабаху, і якія паралелі паміж расейскім уварваннем ва Украіну і тым, што цяпер адчуваюць людзі з Арцаха. Пост быў хутчэй актывісцкі, а не журналісцкі, а менавіта – эмацыйны і з выразна пазначанымі сімпатыямі ў бок народа Арцаха і Арменіі. Мая азербайджанская прыяцелька напісала мне тады ў адказ: «Не чакала ад цябе такога». І скінула яшчэ адзін палітычны «мэм».

Крыніца: сацыяльная сетка X

Я не стала ўступаць з гэтай сяброўкай у дыскусію. Я адчувала сябе да яе непадрыхтаванай. Усё ж такі яна сама жыве на тэрыторыі Паўднёвага Каўказа, а я слова «Арцах» даведалася ўсяго пару дзён таму. Не мне ёй тлумачыць, што там да чаго. Я не ведаю кантэксту, не ведаю ўсёй палітычнай падаплёкі, а абараняць умоўнае «супраць усяго дрэннага і за ўсё добрае» – так сабе стратэгія для даследчыцы. Я напісала ёй тады, цытую даслоўна: «Я не адчуваю сябе дастаткова упэўненай і інфармаванай, каб казаць пра гэта цяпер. Агрэсар заўсёды вінаваты – вось гэта я ведаю дакладна. Буду рада паразмаўляць пра гэта з табой пазней і асабіста». Яна лайкнула паведамленне.

Потым я прачытала навіну пра тое, што ўлады самаабвешчанай рэспублікі заявілі аб спыненні яе існавання і роспуску ўсіх дзяржаўных органаў. З тэрыторыі былой Рэспублікі выехала практычна ўсё насельніцтва. Людзі баяцца этнічных чыстак. Бензін, галоўная валюта Арцаха апошніх дзён (нароўні з ежай), стаў прычынай смерці як мінімум 125 людзей пасля выбуху на бензасховішчы. Людзі вымушаныя бегчы ў імкненні захаваць жыццё сабе і сваім дзецям і ахвяраваць пры гэтым сваімі дамамі.

Тысячы людзей пакідаюць свае дамы і пераязджаюць з Нагорнага Карабаха ў Арменію. 29 верасня 2023 г. фота: Ashley Chan / Zuma Press / Forum

Я прачытала некалькі аналітычных артыкулаў на гэтую тэму і не магу сказаць, што разабралася ва ўсіх аспектах гэтага тэрытарыяльнага і этнічнага канфлікту на 100% і з радасцю буду ўступаць у любую палітычную дыскусію з гэтай нагоды. З аднаго боку, я гляджу на фатаграфіі людзей, якія перажылі блакаду і голад, і дакладна ведаю, што гэтыя людзі не могуць быць вінаватыя. Яны не прасілі нікога іх «ратаваць» і спакойна жылі ў сваіх дамах, пакуль да іх у дом не прыйшлі азербайджанскія салдаты з такой знаёмай фармулёўкай пра «антытэрарыстычную аперацыю». Цяпер іх жыццё ператварылася ў кашмар з-за палітычных амбіцый суседняй дзяржавы Азербайджан.

З іншага боку, ёсць верагоднасць, што ў сітуацыі «двух ліхаў» палітычныя амбіцыі Азербайджана могуць быць камусьці больш сімпатычныя, чым палітычныя амбіцыі Арменіі. Расея доўгі час падтрымлівала Арменію, абедзве гэтыя краіны па-ранейшаму знаходзяцца ў АДКБ, і тут можна было б прымяніць пераробленую формулу знаёмай прымаўкі пра «сябры маіх ворагаў – мае ворагі». Але ў сітуацыі Арцаха Расея адмовілася ад ролі «лепшай сяброўкі» і не ўзмацніла вайсковую моц Арменіі. Прычынаў для гэтага аналітыкі называюць некалькі: зніжэнне ўплыву Масквы на сітуацыю ў рэгіёне праз вайну з Украінай; узмацненне вайсковай моцы Азербайджана з выкарыстаннем рэсурсаў новай «лепшай сяброўкі» Турцыі (а там, нагадваю, балем кіруе яшчэ адзін дыктатар – Эрдаган); а таксама зачараванасць Захаду барацьбой за тэрытарыяльную цэласнасць дзяржаў, і тут Захад хутчэй падтрымлівае Азербайджан, які, у іх разуменні, хоча вярнуць суб’ектнасць і выступіць супраць імперскіх інтарэсаў Расеі.

Для таго, каб разабрацца, на чыім баку ляжаць мае сімпатыі, мне прыйшлося здзейсніць інтэлектуальнае высілак і прачытаць некалькі аналітычных разбораў – напрыклад, на сайце «Белсату» або «Радыё Свабода». Здзейсніць гэты высілак, на мой погляд, – гэта абавязак тых нас, беларусак і беларусаў, хто чакае, што людзі ў іншых краінах павінны разбірацца ў палітычнай сітуацыі ў Беларусі і дапамагаць нам, мігрантам і ўцекачам, хай нават спачувальным кіўком галавы і каментаром: «Так, у вас там кашмар. Я разумею, чаму ты з’ехала. А як там Бабарыка, дарэчы, ці ёсць навіны пра яго?».

Мая азербайджанская прыяцелька, як высветлілася, паняцця не мае, што ў Беларусі палітычныя рэпрэсіі закранулі амаль кожную сям’ю і што за лайк у сацыяльных сетках можна «прысесці» на некалькі гадоў. Я не лічу, што яна абавязаная гэта ведаць. Магчыма, я нават «інфармацыйна абслужу» яе, калі настрой будзе. І калі на гэта будзе запыт з яе боку.

Свет такі вялікі. Інтэрнэт такі хуткі. Аб’ёмы інфармацыі такія бясконцыя, што іх не паспяваеш не тое што аналізаваць, але нават проста чытаць. У цяперашні час у свеце працягваюцца 32 канфлікты, сярод якіх этнічныя разборкі, грамадзянскія войны, тэрарыстычныя выступы і наркавойны. Мы павінны не толькі распавядаць пра тое, як з сітуацыяй у Беларусі, але таксама даведвацца, як ідуць справы ў іншых краін. Інтарэсы ў палітыцы не павінны абмяжоўвацца адной, дзвюма, трыма краінамі. У глабальным свеце ўсё звязана адно з адным.

Наша дасведчанасць стане прычынай нашай эмпатыі – мы чакаем эмпатыі ад іншых, а значыць, павінны быць гатовыя яе прадастаўляць. Калі мы не можам тут і цяпер татальна змяніць расклад спраў у Беларусі і выпусціць з турмы нашых сяброў, – мы можам інвеставаць гэты час у самаадукацыю і разабрацца, напрыклад, у тым, ці хоча Пуцін сваёй бяздзейнасцю ў Арцаху ўзмацніць настроі грамадзян Арменіі супраць іхняга прэм’ера і паставіць на яго месца ў самым бліжэйшым часе яшчэ больш падатлівага палітыка.

Віка Біран / УК belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў