«У палякаў – квадратныя вочы». Беларускіх памежнікаў абвінавацілі ў затрыманні аўтобусаў на мяжы


Кіроўца аўтобуса, які амаль штодзень выконвае рэйсы паміж Берасцем і Варшаваю, абвінаваціў беларускіх памежнікаў у чэргах на мяжы. Мужчына сцвярджае, што пасля афармлення на беларускім баку транспарт некалькі гадзінаў трымаюць у зоне чакання і без прычыны не пускаюць да польскага пункту, піша «Зеркало».

Чарга на заезд у Польшчу на пункце пропуску «Варшаўскі мост». Берасце, Беларусь. 25 чэрвеня 2023 года.
Фота: «Граница Беларусь-ЕС» / Telegram

Беларускі памежны камітэт рэгулярна вінаваціць польскіх калегаў у маруднай працы на пераходзе «Варшаўскі мост – Тэрэспаль». Штодня ведамства публікуе лік транспарту, што мінуў мяжу, і наколькі гэтая колькасць не адпавядае норме.

Кіроўца аўтобуса, які выконвае рэйсы паміж Берасцем і Варшаваю, у размове з выданнем «Зеркало» апавёў версію таго, што адбываецца на мяжы. Мужчына сцвярджае, што менавіта беларускія памежнікі беспадстаўна трымаюць транспарт у зоне чакання пасля афармлення:

«Яны проста не выпускаюць аўтобусаў на польскі бок. Пасля правярання пасажыраў і афармлення дакументаў на выезд аўтобус спыняецца ў зоне чакання каля крамы «duty free» і чакае дазволу рухацца да нейтральнай паласы на мосце праз Буг. І вось дазволу апошнім часам можна чакаць 2–3 гадзіны. Апошні раз з усімі аформленымі дакументамі на руках я каля гэтай крамы прастаяў 4,5 гадзіны».

Праз гэта, кажа суразмоўца, палякі нават не ведаюць пра чаргу:

«Заязджаеш, паляк пытаецца: маўляў, што ў вас там робіцца, чаму не едзе ніхто. Кажаш: на беларускім баку – 30 аўтобусаў. Ён робіць квадратныя вочы: чаго ж іх сюды не пускаюць? А на польскім баку ў гэты час усяго адзін аўтобус стаіць».

Агляд
Польшча і Літва абмяркоўваюць магчымасць закрыцця межаў з Беларуссю. Спыталі ў беларусаў, як яны да гэтага ставяцца
2023.08.18 18:00

Мужчына запэўнівае, што ў Тэрэспалі заўсёды адкрываюць дадатковыя каналы і ўводзяць у працу больш памежнікаў, калі бачаць чаргу аўтобусаў. «Затрымліваюць плынь менавіта беларускія памежнікі», – адзначае кіроўца.

Паводле суразмоўцы, на польскім баку афармленне аднаго аўтобуса займае ў сярэднім гадзіну. Агулам жа на шлях ад памежнага шлагбаума на беларускім баку да шлагбаума на польскім ідзе цяпер каля 16 гадзінаў:

«Мая версія: так адбываецца праз бардак у сістэме. І гэты бардак навязаны памежнікам зверху: каб людзі павольней міналі мяжу. І трэба паказаць, што ў гэтым Польшча вінаватая».

Беларускі кіроўца таксама апавёў, што допытаў і правяранняў тэлефонаў пры выездзе з Беларусі стала менш:

«Вельмі рэдка могуць дадаткова праверыць чалавека, які прыцягваўся ў 2020 годзе. Але нават размовы з людзьмі ў цывільным цяпер праходзяць значна хутчэй. На ўездзе ў Беларусь па-ранейшаму дапытваюць усіх грамадзянаў Украіны. І там шанцы 50 на 50 – вернецца пасажыр у аўтобус ці не».

Агляд
Лепей не будзе? Што з чэргамі на межах Беларусі і куды ехаць, каб хутчэй прапусцілі
2023.08.29 13:43

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў