Лепей не будзе? Што з чэргамі на межах Беларусі і куды ехаць, каб хутчэй прапусцілі


Калі вы хочаце выехаць з Беларусі праз Берасце ці Каменны Лог, запасайцеся цярплівасцю, ежай і пітвом. Чэргі ў Польшчу і Літву вялізныя, а Памежны камітэт не бярэцца прагназаваць, калі стане лепей. Хіба ў Латвію чэргі меншыя, але паездка ў Варшаву праз Даўгаўпілс не гарантуе эканоміі часу.

Чарга на Варшаўскім мосце – адзіным дзейным памежным пераходзе для легкавых аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы. 29 жніўня 2023 года.
Фота: Gpk.gov.by

Якія лічбы ў беларускіх памежнікаў

Станам на ранак 29 жніўня ў чарзе на межах Беларусі з Польшчай і Літвой даўжэзныя чэргі на выезд. Паводле статыстыкі Памежнага камітэту, сітуацыя такая.

Польшча. У пункце «Берасце» (адзіны адкрыты для пасажыраў на беларуска-польскай мяжы) больш за 300 легкавікоў і 18 аўтобусаў, а днём раней даходзіла да 350 легкавікоў і 25 аўтобусаў у чарзе на выезд. Пункт «Казловічы» адкрыты толькі для цяжкавікоў,

Літва. На пунктах «Катлоўка», «Каменны Лог», «Беняконі» і «Прывалка» – каля сотні легкавікоў у чарзе на выезд. Самыя нагружаныя – «Беняконі» і «Каменны Лог», дзе днём раней бывала і за 160 легкавікоў у чарзе, а чарга цяжкавікоў на «Каменны Лог» перавальвала за 300. Затое практычна няма чаргі на выезд аўтобусаў.

Латвія. На пунктах пропуску «Грыгораўшчына» і «Урбаны» на мяжы з Латвіяй чэргі на выезд днём раней былі на пару дзясяткаў легкавікоў і цяжкавікоў, часам чэргаў легкавікоў і не было. Ранкам 29 жніўня на «Урбаны» чарга звыш 20 легкавікоў, на «Грыгораўшчыну» чаргі легкавікоў няма. Аўтобусы, калі верыць Памежнаму камітэту, у чарзе там практычна не стаяць.

Што пішуць у чатах

Чэргі на мяжы актыўна абмяркоўваюць у Telegram-чатах. Выглядае, што на легкавым аўце стаяць у чарзе на выезд у Польшчу і Літву давядзецца прынамсі 6 гадзінаў, а можа, нават значна больш – хтосьці стаяў і 24 гадзіны, хтосьці 33. Нават у чарзе на нібыта не нагружаныя «Урбаны» на мяжы з Латвіяй можна чакаць 4 гадзіны. Бывае, за гадзіну не прапускаюць ніводнай машыны.

У адным з такіх чатаў у чэргах на мяжы з Польшчаю вінавацяць гандляроў-прадпрымальнікаў з нумарамі Берасцейскай вобласці, не спадзяюцца на актыўнасць на «Каменным Логу» (з 7:40 да 10:10 руху ў чарзе легкавікоў там не было – а днём раней такі ж час без руху быў у чарзе на «Прывалку») і пішуць, што на «Катлоўцы» чарга легкавікоў рухаецца, але вельмі-вельмі марудна. Чарга стаіць не толькі перад «Каменным Логам», але і за ім – перад літоўскім пунктам пропуску.

«Не вядзіцеся на маленькія чэргі, яны нават не рухаюцца. Калі трэба ў Польшчу, едзьце, напэўна, праз Берасце», – піша пра мяжу з Літвой адзін з карыстальнікаў.

Іншыя ў чаце абмяркоўваюць, на якіх аўтобусах ехаць: пішуць, што прапускаюць тры рэйсавыя на адзін турыстычны аўтобус, таму рэйсавымі хутчэй. Адна карыстальніца расказвае, што на аўтобусе прыехала на пункт «Берасце» а 1:34 ночы і была 14-й у чарзе, перасела а 3-й ночы на аўтобус, які быў 6-м у чарзе – і а 6:15 была ў Тэрэспалі, што амаль адразу за пераходам. Але пішуць таксама, што ранкам на «Берасці» зусім не было чаргі аўтобусаў.

«Мяжа – гэта латарэя», – рэзюмуе адзін з карыстальнікаў.

Сапраўды, можна выгуляць у часе, калі з Менску ў Варшаву ехаць легкавіком праз Латвію: «чыстай» паездкі без уліку чакання на мяжы – 12 гадзінаў замест сямі, на стаянні ў чарзе можна зэканоміць больш часу (калі не шкада паліва і сілаў на лішнія 350 км дарогі). А можна зэканоміць толькі пару гадзінаў часу на мяжы і сумарна прагуляць. Ды ў пачатку навучальнага года, піша іншы карыстальнік, нагрузка павінна б знізіцца.

Чаргі на выезд легкавікоў з Беларусі ў Латвію праз «Грыгораўшчыну» няма. 29 жніўня 2023 года.
Фота: Gpk.gov.by

З вяртаннем у Беларусь сітуацыя значна лепшая, але пачакаць на легкавіку таксама давядзецца, дый на аўтобусе з Вільні ў Менск можна даехаць усяго за 4 гадзіны і нават прыехаць на гадзіну раней за абяцаны час.

Што раіць Памежны камітэт

Патэлефанавалі пад выглядам звычайнага грамадзяніна на «гарачую лінію» Памежнага камітэту. Там не змаглі сказаць, калі і на які з пераходаў у Літву ці Польшчу ехаць, каб меней чакаць: гэта непрадказальна.

Пытаем: можа, лепей ехаць, напрыклад, не перад выходнымі, а ранкам пасля выходных? Адказваюць: не, так прадказаць немагчыма, бо бывае, што з іншага боку гадзіну-дзве прапускаюць нармальна, гадзіну-дзве не працуюць. Выходныя, працоўныя дні – усё адно.

«З нашага боку ўсё працуе штатна, – кажуць на «гарачай лініі» Памежнага камітэту Беларусі. – Удакладняйце на тым баку. Можаце патэлефанаваць і спытаць, калі яны пачнуць працаваць лепей. Суседнія краіны не выконваюць вызначаных нормаў пропуску асобаў і транспартных сродкаў. Мы прапускаем столькі, колькі прымаюць суседнія краіны».

Наўрад ці стане лепей

Літва і Польшча закрывалі пераходы на мяжы з Беларуссю ў сувязі са штучна створаным лукашэнкаўскімі ўладамі міграцыйным крызісам і ў сувязі з запрашэннем у Беларусь расейскіх баевікоў групы Вагнэра (або, паводле афіцыйнага беларускага боку, «з надуманых прычынаў»). Польшча, Літва і Латвія гатовыя цалкам закрыць межы з Беларуссю ў выпадку ўзброенай правакацыі на мяжы або ў выпадку масавага нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі.

На момант публікацыі выглядае малаімаверным, што міграцыйны крызіс і правакацыі на мяжы спыняцца: паводле польскага боку, беларускія памежнікі ў форме кідалі камяні ў польскіх за дзень да сустрэчы міністраў унутраных справаў Польшчы і краінаў Балтыі. У пачатку жніўня колькасць спробаў нелегальнага пераходу мяжы ў Польшчу істотна вырасла, і хоць апошнімі днямі зменшылася, але не да нуля, дый польскія памежнікі падазраюць, што ўлады Беларусі могуць «назапашваць» мігрантаў для вялікага прарыву.

Ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Польшча і краіны Балтыі патрабуюць выслаць з Беларусі баевікоў групы Вагнэра, а таксама адвесці ад межаў мігрантаў з трэціх краінаў. Літва ж і без таго падумвае, ці не закрыць яшчэ два пераходы на мяжы з Беларуссю, «Лаворышкес – Катлоўка» і «Райгардас – Прывалка», каб перавесці памежнікаў на іншыя пункты пропуску ў «зялёныя зоны» і эфектыўней змагацца з кантрабандыстамі. А кантрабандысты, калі верыць Літве, згубілі ўсялякі страх.

Рэпартаж
Польшча і краіны Балтыі назвалі дзве прычыны, праз якія могуць закрыць межы з Беларуссю
2023.08.28 15:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў