Польшча і Літва абмяркоўваюць магчымасць закрыцця межаў з Беларуссю. Спыталі ў беларусаў, як яны да гэтага ставяцца


Краіны Балтыі і Польшча абмяркоўваюць магчымасць поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Пра гэта журналістам распавяла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ. За апошні час гэта не першы сігнал для беларускай улады, якая абвастрае сітуацыю на межах з Еўразвязам. Нашы калегі с «Вот Так» паразмаўлялі з жыхарамі Берасця, Горадні і Кобрына пра іх стаўленне да магчымасці з’яўлення новай жалезнай заслоны, пра тое, як зменіцца іх жыццё, калі Варшава і Вільня ўсё ж закрыюць мяжу, і што яны будуць рабіць у гэтым выпадку.

Закрыццё межаў можа стаць вялікай праблемай для жыхароў Беларусі і Польшчы — многія з іх займаюцца памежным бізнэсам, маюць у суседніх краінах сваякоў і сяброў, а беларусы разглядаюць адкрытую мяжу яшчэ і як спосаб уцёкаў ад палітычных рэпрэсій.

«У Польшчы дыхаю свабодай»

«Я б не хацела поўнага закрыцця мяжы. У мяне ў Польшчы дзеці, унукі, сябры, калегі. Два разы на месяц стабільна езджу туды па працы. З кожным годам — ды што там, месяцам — усё складаней праходзіць мяжу, але што рабіць? Для мяне прынцыпова важна мець такую магчымасць, там жывуць родныя для мяне людзі, Польшча стала для мяне роднай.

Што буду рабіць, калі ўсё ж такі вырашаць закрыць? Буду збіраць грошы, каб вакольнымі шляхамі, праз тую ж Турцыю хоць бы, раз на год лятаць у Беласток і бачыцца з дзецьмі, унукамі, проста бываць у цывілізаваным свеце. Я і цяпер езджу ў Польшчу, каб проста падыхаць там свабодай», — распавядае Анастасія з Горадні.

Прэс-канферэнцыя з удзелам міністра ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ і кіраўніка службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамаса Любаеваса з нагоды закрыцця КПП «Шумскас» і «Твярачус» на мяжы з Беларуссю.
Фота: Белсат

Артур, які ўсё жыццё пражыў у Берасці і працуе ў дзяржаўнай арганізацыі, заўважыў, што закрыцця мяжы не хочуць і многія прыхільнікі Лукашэнкі.

«У нас цёткі, якія ў выбарчай камісіі сядзелі, за бацьку [Аляксандра Лукашэнку] гэтыя бюлетэні ўкідвалі – ты думаеш, яны таксама хочуць, каб брама вось узяла і зачынілася? Ды яны туды на выходных на закупы ездзяць, сядзяць у гэтых чэргах, чартыхаюцца, але прыходзяць на працу і зноў — байцы ідэалагічнага фронту. Палякі такія, палякі сякія. Разумееш, для іх, калі закрыюць мяжу, гэта катастрофа будзе. У адной сын у Нямеччыне жыве, яна да яго два разы на год праз Польшчу ездзіць, у іншай у Польшчы сваякі, ды шмат хто яшчэ па сваіх справах туды прывык ездзіць. Для іх гэта будзе трагедыя, але яны ўсё сцерпяць, перавядуць стрэлкі на палякаў», — дзеліцца ён сваімі назіраннямі.

«Асабліва страшна за дзяцей»

Уладзімір, які пераехаў некалькі гадоў таму з Магілёўскай вобласці ў Кобрын, ставіцца да таго, што мяжу могуць закрыць, вельмі адмоўна. Ён лічыць, што беларусы – асабліва тыя, хто супраць рэжыму Лукашэнкі, – апынуцца ў вельмі цяжкім становішчы. Нягледзячы на ўсё гэта, з’язджаць з краіны Уладзімір пакуль не збіраецца.

Літоўскі памежны пункт пропуску «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы») на мяжы з Беларуссю за дзень да закрыцця на нявызначаны тэрмін. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Гэта [закрыццё мяжы] яшчэ мацней ізалюе ўсіх нас ад цывілізаванага свету, абмяжуе чалавечыя кантакты. Не толькі паміж беларусамі і палякамі, але паміж тымі беларусамі, якія вучацца або працуюць у Польшчы і Еўропе, і іх сем’ямі. Асабіста я лічу, што закрыццё польска-беларускай мяжы наўрад ці вырашыць тыя праблемы, дзеля вырашэння якіх гэта робіцца. Лукашэнкаўскі рэжым проста яшчэ мацней прыліпне да Расеі, якая стане яго адзіным эканамічным партнёрам. Мне такое рашэнне здаецца недальнабачным», — крытыкуе Уладзімір прапанову польскіх і літоўскіх палітыкаў.

Жыхар Горадні Вячаслаў таксама не ў захапленні ад перспектывы апынуцца закрытым у Беларусі. Ён можа страціць працу, звязаную з замежнымі паездкамі. Цяпер ён думае з’ехаць з Беларусі.

«Стратэгічна я, вядома, думаю, што закрыць межы – гэта дрэннае рашэнне. Таму што ў часы Савецкага Саюза межы былі закрытыя цалкам, і савецкія грамадзяне па большай частцы не ведалі, што адбываецца ў навакольным іх свеце, у краінах Захаду. Таму на іх вельмі моцна ўплывала прапаганда. Гэтак жа і цяпер, хоць часы больш адкрытыя.

Пройдзе некалькі гадоў, і людзям, якія не бачаць, як жывуць такія ж, як яны, грамадзяне ў іншых краінах, прамыюць мазгі. Не ўсім, зразумела, але шмат каму. Асабліва страшна за дзяцей.

Іх і так у школе гэтай прапагандай дзяўбуць да немагчымасці. Проста Захад можа беларусаў страціць, з’явяцца такія паўночнакарэйцы пад бокам. І яшчэ – калі межы закрыюцца па-сапраўднаму, вельмі многія беларусы азлобяцца на Польшчу і Літву, нават тыя, хто ім цяпер сімпатызуе», — кажа Вячаслаў.

«Чаму я павінна з’язджаць?»

Занепакоеная і беларуская моладзь: кожны год усё больш выпускнікоў школ адпраўляецца па вышэйшую адукацыю ў суседнюю краіну. Праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі неўзабаве гэтай магчымасці яны могуць пазбыцца.

Літоўскі памежны пункт пропуску «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы») на мяжы з Беларуссю за дзень да закрыцця на нявызначаны тэрмін. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

«Чаму наогул у наш час мы павінны думаць пра закрыццё межаў? Менавіта цяпер з’явілася так шмат магчымасцяў атрымаць якасную адукацыю, падарожнічаць, зарабляць. І ў нас гэта могуць забраць. Я проста не хачу ў гэта верыць.

Мне хочацца плакаць. Таму што пра людзей ніхто не думае. Мой тата ездзіць на працу ў Польшчу, добра зарабляе. Дзе мы цяпер будзем грошы браць, калі ўсё закрыецца? Я вельмі прывязаная да сваёй хаты. Думала, што буду вучыцца ў Польшчы і кожныя выходныя прыязджаць у Берасце. Чаму я цяпер павінна з’язджаць адсюль назаўсёды?» — перажывае Эвеліна з Берасця, якая праз год будзе заканчваць школу.

Hавiны
57 тысяч беларусаў хочуць новы нацыянальны пашпарт
2023.08.17 21:51

Яўген Чарнухін / УК

Стужка навінаў