Пайшоў з жыцця стваральнік вобразу Чабурашкі і нарадзінец Менску Леанід Шварцман


Памёр рэжысёр-мультыплікатар і мастак мультыплікацыйнага кіно Леанід Шварцман. Пра гэта паведаміў шэф-рэдактар студыі «Саюзмультфільм» Сяргей Капкоў, перадае ТАСС.

Ён памёр у шпіталі пасля хваробы ва ўзросце 101 года.

Леанід Шварцман.
Фота: premier.gov.ru

Леанід Шварцман нарадзіўся ў 1920 годзе ў Менску ў сям’і бухгалтара Арона Шварцмана, нарадзінца Вільні, і хатняй гаспадыні Рахілі Шварцман родам з Менску. Пры нараджэнні яго назвалі Ізраілем, аднак ён змяніў імя ў 40 гадоў. У сямʼі размаўлялі на ідышы. Падлеткам ён пераехаў у Ленінград, дзе ўжо асталявалася ягоная старэйшая сястра. У 1941 годзе Шварцман закончыў навучанне ў школе пры Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры.

У 1945 годзе ён прыехаў у Маскву, паступіў ва Усерасейскі дзяржаўны інстытут кінематографіі (ВГИК), а з 1948 года ўжо працаваў на кінастудыі «Саюзмультфільм».

Леанід Шварцман.
Фота: РИА Новости

Леанід Шварцман быў мастаком-пастаноўшчыкам і рэжысёрам-мультыплікатарам многіх савецкіх мультфільмаў. Сярод ягоных працаў – «Пунсовая кветачка», «38 папугаяў», «Снежная каралева», «Кацяня на імя Гаў», «Залатая антылопа» і «Дзядзя Сцёпа – міліцыянер».

Ён таксама браў удзел у стварэнні візуальнага вобразу Чабурашкі для мультфільму «Кракадзіл Гена» ў 1969 годзе.

Леанід Шварцман.
Фота: kino-teatr.ru

Шварцман быў узнагароджаны званнем народнага мастака Расеі, а ў 2020 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Аляксандра Неўскага з фармулёўкай «за вялікі ўнёсак у развіццё айчыннай культуры і мастацтва, шматгадовую плённую дзейнасць». Таксама Шварцман быў ганаровым дырэктарам Маскоўскага музею анімацыі.

Hавiны
З Украіны ад вайны ўцяклі мільёны людзей. У Беларусь – менш за 0,2 %
2022.07.02 16:16

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў