З Украіны ад вайны ўцяклі мільёны людзей. У Беларусь – менш за 0,2 %


У сувязі з вайной Польшча дала часовую абарону амаль 1,2 млн украінцаў. Агулам з Украіны ў Польшчу трапілі 4,3 млн асобаў. Колькасць украінцаў, ахвотных уцякаць ад вайны да «вызваляльнікаў», у Расею і Беларусь, значна меншая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Эвакуацыйны аўтобус з украінскімі ўцекачамі прыбыў з Львова ў Жэшаў, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Управа вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў налічыла па Еўропе 5 493 437 украінцаў, якія былі афіцыйна зарэгістраваныя са статусам, адпаведным уцекачу ад вайны. З іх 3,57 млн зарэгістраваныя на праграмы часовай абароны. Агулам з 28 лютага мяжу з боку Украіны мінулі 8,4 млн разоў (гэты лік азначае не колькасць асобаў, а менавіта колькасць пераходаў: чалавек можа ездзіць туды і назад).

Найбольш пераходаў мяжы зарэгістравалі ў Польшчы: аж 4,3 млн. Пры тым ва Украіну з Польшчы пераходаў было ўжо 2,26 млн. Зарэгістраваных уцекачамі з Украіны і тых украінцаў, хто атрымаў часовую дапамогу, у Польшчы 1,41 млн чалавек.

У Расеі ўцекачамі лічаць прыблізна 1,4 млн украінцаў, але гэта прыблізная ацэнка: столькі зарэгістравалі пераходаў мяжы з Украіны ў Расею.

У іншыя памежныя краіны ішлі меншыя плыні ўцекачоў: у Румынію – 736 тыс. пераходаў і 83,3 тыс. зарэгістраваных уцекачоў, у Малдову – 515 тыс. пераходаў і 82,7 тыс. зарэгістраваных уцекачоў, у Славаччыну 548 тыс. пераходаў і 79,9 тыс. уцекачоў, у Вугоршчыну – 861 тыс. пераходаў, але толькі 25,8 тыс. зарэгістраваных уцекачоў. У Нямеччыне зарэгістравалі 867 тыс. уцекачоў з Украіны, у Чэхіі – 382,8 тыс., у Турэччыне – 145 тыс.

Hавiны
Палякаў засцераглі ад бязвізавых паездак у Беларусь і нагадалі пра палітвязняў
2022.07.02 14:14

Беларусь – самая непрывабная для ўкраінскіх уцекачоў краіна-суседка, нягледзячы на вельмі працяглую мяжу. Улады Беларусі падтрымалі расейскі напад на Украіну, даўшы (насуперак уласнай Канстытуцыі) тэрыторыю для расейскага вайсковага ўварвання і расейскіх абстрэлаў. Гэта беларускія ўлады тлумачаць тым, што «на Беларусь рыхтаваўся напад».

Паводле звестак ААН, у Беларусь было толькі 16 662 пераходы мяжы з боку Украіны і толькі 9280 украінцаў зарэгістраваныя як уцекачы. Прыблізна столькі ж, 9130 уцекачоў, зарэгістравалі ў Чарнагорыі, у якую з Украіны ехаць амаль тысячу км праз Вугоршчыну і Сербію (у апошняй – яшчэ 8 тыс. уцекачоў).

Памежны камітэт Беларусі публікуе іншыя лічбы: з 24 лютага з Украіны ў Беларусь перайшлі 15 834 чалавекі, але праз Польшчу, Літву і Латвію прыйшлі яшчэ 19 179 украінцаў – агулам 35 013 украінцаў.

Са звестак ААН вынікае, што ў Беларусь скіраваліся 0,17 % уцекачоў. Калі браць беларускія лічбы пераходаў мяжы, то 0,19 % пераходаў мяжы з Украіны ў суседнія краіны былі ў Беларусь.

Гісторыі
У Беларусі бежанку з Украіны асудзілі на чатыры гады. У чым абвінавацілі і што кажуць сваякі
2022.06.06 17:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў