Ігар Банцэр: «Перавядуць у калонію. Суд – толькі фармальнасць». Інтэрв'ю


Гарадзенскі панк-музыка, гарадскі актывіст і былы прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі чакае суда ў «хіміі», дзе адбывае пакаранне – 1,5 года прымусовых працаў. Цяпер за нібыта парушэнне турэмных правілаў яму пагражае турэмнае зняволенне.

Нядаўна ён выйшаў з карцару, дзе правёў 40 дзён, палову з якіх галадаў. 29 верасня сёлета суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць Банцэра ў калонію агульнага рэжыму. Палітвязня абвінавачвалі ў шасціразовым парушэнні рэжыму папраўчай установы. Цяпер Банцэр у Віцебскім СІЗА.

Ігар Банцэр.
Фота: MK / Belsat.eu

– Як сябе адчуваеш пасля галадавання ў карцары?

– Калі 19 верасня я вярнуўся ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, або на «хімію», першае пытанне кіраўніка было, ці я пагаліўся. Нікога не цікавіла, які ў мяне фізічны стан. Бо нібыта за тое, што не галіўся, я атрымаў дадатковыя 10 содняў штрафу. Пасля душу мяне яшчэ раз выклікалі ў кабінет наглядчыкаў, і адзін з іх сказаў мне зняць маску, каб паглядзець, ці не паголены я. Вядома, усё, што яны робяць, – у іхнай кампетэнцыі, я не магу адмовіць. Але так яны паказваюць, што я для іх ніхто.

Артыкулы
Палітзняволенаму Ігару Банцэру хочуць змяніць рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію
2021.09.22 13:38

– Ці даюць табе медычную дапамогу?

– На сёння мне не выклікалі доктара, хаця некалькі разоў на тыдзень падчас пагадзінных збораў (так званыя прафулікі) я сігналізаваў, што мне патрэбен доктар, бо я пасля галадавання. Учора прыйшоў доктар, але адміністрацыя не паведаміла мне пра гэта. Але, на жаль, менавіта так ёсць, калі супрацьстаіш сістэме.

Артыкулы
Ігар Банцэр вярнуўся на «хімію» пасля 40 дзён у ШІЗА. Адчувае сябе кепска, дапамогу яму не аказваюць
2021.09.15 16:02

– За што дакладна цябе цяпер пакаралі карцарам?

– Я трапіў у карцар толькі за тое, што праз 2 хвіліны пасля 22:00 не быў у ложку. І звычайна за гэта ніхто не трапляе ў карцар, а атрымлівае максімум вусную вымову. Тады карцар працягнулі мне яшчэ на 10 дзён за тое, што не пагаліўся. Потым яшчэ адно пакаранне нібыта за адмову прыбрацца, што таксама не адпавядае рэчаіснасці, і яшчэ 10 содняў нібыта за спрэчку і крык на афіцэра.

Ігар Банцэр.
Фота: MK / Belsat.eu

– Дзе цяпер адбываеш пакаранне, якія там варункі?

– Гэта прамысловая зона каля дарогі з Віцебску ў Санкт-Пецярбург. Мы жывем у драўляным бараку, але, на шчасце, некалькі гадоў таму яго адрамантавалі і ўцяплілі. І нават, шчыра кажучы, я не чакаў такіх умоваў. Больш за 110 зняволеных адбываюць пакаранне, 15 з якіх – палітычныя.

– За што сядзяць палітычныя?

– За блакаванне вуліцы, за непадпарадкаванне міліцыянтам. Ёсць яшчэ адзін вядомы – Дзмітрый Абрамук. Ён прыехаў на «хімію» на два гады за так званую карагодную справу ў Берасці [Людзі танчылі на скрыжаванні, за што ўжо асудзілі некалькі дзясяткаў асобаў. – Заўвага Belsat.eu]. Ён удвая палітычны, бо яму далі дадатковы год за тое, што ён пазваніў у міліцыю і аблаяў Лукашэнку. Такім чынам яго пакаралі і за абразу Лукашэнкі.

Абноўлена
Агучаныя выракі ў справе пра масавыя закалоты ў Берасці. Бальшыня пакараных – моладзь
2021.05.21 12:55

– Ці ты працуеш?

– Не. Адразу пасля прыезду я сказаў ім, што я дырэктар рок-клубу ў Горадні і ў мяне ёсць праца, я арганізую мастацкія імпрэзы ды магу рабіць гэта дыстанцыйна. А мяне хацелі накіраваць у калгас і пераканалі, што я мушу працаваць там, куды мяне накіравалі. Яны размясцілі мяне ў пакоі на 12 чалавек, якім прызначылі працу ў калгасе. І хоць мы прачынаемся а 6:00, яны павінны ўставаць а 5:00, каб дабрацца да калгасу, што за 30 кіламетраў ад Віцебску. І гэта таксама для таго, каб прынізіць мяне: нібыта я сусветна вядома рок-музыка, а цяпер буду жыць з калгаснікамі. Пазней, калі яны адмовілі мне ў магчымасці працаваць у рок-клубе, я дастаў паперы: накіраванне ў больніцу з падазрэннем на жаўтуху, дрэнныя вынікі крыві пасля галадавання. Я сказаў, што паводле закону я павінен атрымаць медычную дапамогу, я павінен прайсці абследаванне. Потым мяне двойчы вазілі ў паліклініку, а потым нічога.

– Можаш выходзіць на вуліцу?

– Большасць зняволеных, у тым ліку далёкіх ад палітычных, звычайна нармалёва выходзяць на працу або ў краму. Аднак мяне або Абрамука выпускаюць толькі ў кампаніі з двума міліцыянтамі, пасля напісання заявы наглядчыку.

– Цяпер яны злыя на цябе і маюць намер накіраваць у калонію?

– Так. Калі я чытаю іхныя пратаколы, я не пазнаю сам сябе. Яны пішуць, што я агрэсіўны і вульгарны. Позву ў суд мне адмыслова прывезлі ў карцар за два дні да вызвалення, яны ўзялі такі дадатковы клопат на сябе​, бо не маглі дачакацца. Мая адвакатка быў у судзе, і яны паказалі ёй акты. А ў Беларусі існуе такое «вяршэнства права», што ў дакументах усё правільна. І вось: фармальна я парушаў правілы шэсць разоў, і з гэтага вынікае, што няма іншага варыянту, акрамя папраўчай калоніі.

Аналітыка
Калісьці ГУЛаг, сёння папраўчая калонія. Беларускія «палітычныя» трапляюць у працоўныя лагеры
2021.03.30 17:57

– Якое стаўленне ў вязняў да палітычных зняволеных?

Бывае па-рознаму. Я стаў ужо восьмым. Тыя, хто прыбылі раней, былі «нармальнымі». Людзі без турэмнага досведу, якіх схапілі знянацку. А клімат быў вельмі дрэнны, бо адміністрацыя зрабіла ўсё, каб прынізіць палітычных. Праз сваіх сакрэтных супрацоўнікаў яна распаўсюджвала чуткі, што палітычныя – гэта каста так званых апушчаных [самы нізкі ўзровень у турэмнай іерархіі, недатыкальны. – Заўвага Belsat.eu]. Але потым з’явіўся Дзмітрый Абрамук, які не хаваў сваіх поглядаў і адразу назваў Лукашэнку «педэрастам». Я сказаў яму, што не карыстаюся такою рыторыкай, але ў цэлым згодны з ягоным меркаваннем. І гэты Абрамук кажа адміністрацыі, што калі яго адправяць на працу, то ён выйдзе і зладзіць у цэнтры гораду пікет з бел-чырвона-белым сцягам. Атмасфера ў адносінах да палітычных змянілася пасля таго, які зʼявіліся ідэйныя асобы.

– Астатнія палітычныя намагаюцца не трапляцца на вочы?

– Я ведаю, што трое палітычных у нас напісалі ліст аб памілаванні. Большасць з іх падчас пратэстаў проста не здолелі ўцячы, калі іх схапілі, яны тлумачылі, што проста «праходзілі побач». Я, напрыклад, калі выходжу ў краму, меў шмат магчымасцяў уцячы, але я гэтага не зрабіў, бо гэта мая краіна і я панясу наступствы сваёй барацьбы. Дзмітрый падобны, хаця мы ідэалагічна вельмі розныя. Ён заўзятар, хуліган берасцейскага «Дынама», у яго правыя погляды, у мяне левыя.

– А як асуджаныя рэагуюць на твае погляды, на твой выгляд? Ты выглядаеш досыць экстравагантна.

– Я з’явіўся на «хіміі» досыць востра. Усе былі ў шоку. У мяне пазногці нават на пальцах ног былі памаляваныя – поўны манікюр і педыкюр. Адміністрацыя хацела згуляць на тым, што я блазнюк. Але потым высветлілася, што я магу пастаяць за сябе і не мяняю сваіх поглядаў. Мне было б камфортна жыць у Польшчы ці ў Нямеччыне.

Ігар Банцэр.
Фота: MK / Belsat.eu

– Ці чапляецца адміністрацыя да твайго выгляду?

– Калі павялічылі на мяне ціск, я змяніў свой стыль на чорны, у стылі чорнага блоку [тактыка анархісцкай арганізацыі. – Заўвага Belsat.eu]. І гэта выглядае сапраўды агрэсіўна. І калі ў адміністрацыі ёсць прэтэнзіі, я адказваю, што калі я надзяваў каляровае, вам не падабалася, то цяпер я ў чорным, і вам гэта таксама не падабаецца. Калі вам гэта не падабаецца, гэта вашая справа, я застануся ў гэтай краіне, я не ўчыню самагубства і буду апранацца так, як палічу вартым. З іншымі вязнямі спакойна, мы вырашаем праблемы падчас асабістых размоваў.

– Ці на «хіміі» асуджаныя маюць статус экстрэмістаў?

– Вядома, усе палітычныя атрымліваюць на ўваходзе жоўты значок, што яны схільныя да экстрэмісцкай ды іншай разбуральнай дзейнасці. Я спрабаваў сказаць камісіі, што мой артыкул у найлепшым выпадку – вулічнае хуліганства, а не экстрэмізм. Але за тое, што ў мінулым годзе ў мяне былі два прысуды паводле арт. 23.34 [«Удзел у незаконнай вулічнай акцыі». – Заўвага Belsat.eu], яны назвалі гэта разбуральнаю дзейнасцю. І няма шанцаў гэта змяніць.

***

Ігару Банцэру 41 год. Ён жыве ў Горадні, вядомы як панк-музыка, гарадскі актывіст, удзельнік анархісцкага і антыфашысцкага рухаў. Некалі быў прэс-сакратаром Саюзу палякаў Беларусі. Муж Анжэлікі Арэхвы – старшыні Вярхоўнай рады Саюзу палякаў у Беларусі. Пара выхоўвае дваіх малых дзяцей.

Ігара Банцэра пакаралі «хіміяй» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на паўтара года за вулічны перформанс – танец без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем пасля прэзідэнцкіх выбараў. Беларускія праваабаронцы прызналі Банцэра палітычным вязнем.

гутарыў Якуб Бернад, belsat.eu

Стужка навінаў