Магчыма, на нобэлеўскую цырымонію запросяць амбасадара Беларусі. Ціханоўская супраць


Фонд Нобэля 31 жніўня выдаў прэс-рэліз, з якога вынікае, што на нобэлеўскую цырымонію і банкет 10 снежня запросяць, сярод іншых, амбасадараў Беларусі і Расеі. Гэтым абурылася спачатку «народная амбасада» беларусаў у Швецыі, а потым і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.

Уручэнне Нобэлеўскай прэміі міру. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

З прэс-рэлізу Фонду Нобэля вынікае, што галоўная змена ў парадку запрашэнняў – тое, што запросяць прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў Швецыі. Раней не запрашалі прадстаўнікоў ультраправай партыі «Шведскія дэмакраты»: хоць тая заняла другое месца на парламенцкіх выбарах, а на яе падтрыманне абапіраецца кіроўная кааліцыя, арганізатары лічылі, што партыя не падзяляе каштоўнасцяў прэміі. Ды кіраўнік партыі ўжо адмовіўся наведваць цырымонію.

У прэс-рэлізе згадваецца, што запрасіць збіраюцца таксама амбасадараў усіх краінаў, якія маюць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Швецыі і Нарвегіі. Як адзначыла агенцтва «Reuters», гэта можа значыць, што запросяць у тым ліку амбасадараў Беларусі і Расеі, якіх летась не запрашалі, хоць іхныя суайчыннікі ў той год атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру.

«Белсат» звярнуўся па каментар у Фонд Нобэля, але на момант публікацыі не атрымаў адказу. Калі адказ з’явіцца, мы дадамо яго ў гэты артыкул.

Навіна аб магчымым запрашэнні на нобэлеўскую цырымонію амбасадара Беларусі абурыла «народную амбасаду» беларусаў у Швецыі: тая 31 жніўня заклікала дыпламатаў іншых краінаў байкатаваць цырымонію. Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 1 верасня заклікала нобэлеўскія камітэты Швецыі і Нарвегіі не запрашаць амбасадара рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, каб не парушыць каштоўнасцяў Альфрэда Нобэля, а таксама прасіла патрабаваць вызвалення нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Hавiны
Што Алесь Бяляцкі хацеў бы сказаць на Нобэлеўскай лекцыі. Жонка перадала ягоныя словы
2022.12.10 15:52

Патэнцыйнае рашэнне запрасіць амбасадараў Беларусі і Расеі на нобэлеўскую цырымонію раскрытыкаваў таксама спікер Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Ніколенка. У прэс-рэлізе Фонду Нобэля гаворылася аб супрацьстаянні падзелу свету на розныя сферы і спрыянні дыялогу між людзьмі з рознымі поглядамі. Ніколенка завочна адказаў на гэта: «Даводзіць каштоўнасці гуманізму да Расеі і Беларусі – сізіфава праца».

Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе разам з праваабаронцамі з Украіны і Расеі. Шэраг беларускіх і праваабарончых арганізацыяў лічаць Бяляцкага палітвязнем. Нобэлеўскі камітэт такога слова не ўжываў, але заўважаў, што ўлады Беларусі перасладуюць Бяляцкага за ягоную праваабарончую дзейнасць, а таксама што Бяляцкі ў час леташняй нобэлеўскай цырымоніі быў зняволены на радзіме.

Беларусь у Швецыі і па сумяшчэнні ў Нарвегіі цяпер афіцыйна рэпрэзентуе амбасадар Дзмітрый Мірончык. Гэтай вясною шведскія дэпутаты высылалі яму ліст з заклікам вызваліць палітвязняў – ён адказаў лістом без згадкі палітычных зняволеных, але з заявай аб тым, што дэпутатамі «маніпулююць» невядомыя, якія «злоўжываюць пачуццём салідарнасці». У адказе на ліст пра беларускіх палітвязняў амбасадар расказаў шведам аб затрыманнях у Швецыі за ўдзел у беспарадках.

Інтэрв’ю
Бяляцкі ведаў, што па яго прыйдуць, а чаму не з’ехаў? Інтэрв’ю з Наталляй Пінчук – жонкай зняволенага
2023.03.26 22:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў