Сёння, 1 верасня, у Варшаве адбываецца фестываль беларускай музыкі «Грай». На сцэне – Volski, «Дай Дарогу!», «Dzieciuki», «J:Морс», «:B:N:», «The Superbullz» і «Papa Bo Selektah». Грошы, сабраныя за продаж квіткоў, а таксама на кірмашы беларускіх вытворцаў і з аўкцыёну пойдуць на падтрыманне сем’яў палітычных вязняў у Беларусі.
«Павітаем усіх, хто застаўся там, у Беларусі, і не можа быць цяпер з намі!» – сказаў са сцэны вядоўца Аляксандр Памідораў.
Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай Дарогу!», пасля выступу зняў з сябе кеды і выставіў іх на аўкцыён. Наведнік фестывалю набыў іх за 2400 злотых (580 долараў).
Вядоўца фестывалю Марына Савіцкая прадала шорты Алеся-Францішка Мышкевіча за 600 злотых (145 долараў). А тышортку з надпісам «Мова» – за 500 злотых (120 долараў).
Хлопец з Менску набыў саколку гурта «Dzieciuki» за 750 злотых (180 долараў).
«Увогуле я люблю «Дай Дарогу!», але саколкі «Dzieciuki» ў мяне яшчэ не было. І, вядома, я хачу падтрымаць нашых палітычных вязняў», – пракаментаваў маладзён свае набыткі.
Мужчына, які набыў кеды Стыльскага і шорты Мышкевіча, пажадаў застацца ананімным, бо баіцца за бяспеку сваёй сям’і ў Беларусі.
Ваяры палка Каліноўскага на кірмашы прадавалі саколкі са сваім дызайнам. Грошы пойдуць на лекаванне параненых беларускіх байцоў.
Наперадзе – лоты гурта «J:Морс» і Лявона Вольскага, якія выступяць у канцы фестывалю.
Аліса Ганчар belsat.eu