Генеральнага дырэктара найбуйнейшай у Беларусі хостынгавай кампаніі hoster.by Сяргея Павалішава вызвалілі з СІЗА, паведамілі ў кампаніі.
Паводле адваката Сяргея Павалішава, яму змянілі меру стрымання. Але ён усё яшчэ пад следствам.
«Мы не маем іншых падрабязнасцяў у сувязі з тым, што ўдзельнікі крымінальнага працэсу застаюцца пад падпіскаю пра неразгалошванне», – паведамілі ў hoster.by.
Сяргея Павалішава затрымалі 18 траўня ў межах «справы TUT.by». 25 траўня праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Між тым у канцы жніўня стала вядома, што з 1 студзеня 2022 года замест hoster.by тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны стане СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», гандлёвая марка – «beCloud».
МГ belsat.eu