«Беларускі Гаюн» знайшоў яшчэ адну лакацыю, дзе могуць быць найміты ПВК Вагнэра


У Беларусі пачалі выкарыстоўваць старыя вайсковыя склады на тэрыторыі былога вайсковага мястэчка № 28 Паплавы каля Асіповічаў для наймітаў ПВК Вагнэра. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Былое вайсковае мясіэчка № 28 Паплавы каля Асіповічаў, дзе, імаверна, цяпер вагнэраўцы. Здымак з відэа: Hajun_BY / Telegram

Актыўнасць на тэрыторыі былога вайсковага мястэчка назіралася з сярэдзіны ліпеня пасля пачатку прыбыцця буйных арганізаваных калонаў Групы Вагнэра ў намётавы лагер у вёсцы Цэль.

У Паплавах месцяцца 15 будынкаў, з якіх 10 – гэта вайсковыя склады плошчаю да 1070 кв. м. Таксама там ёсць старое сховішча тэхнікі і некалькі вартавых памяшканняў.

Паводле «Беларускага Гаюна», склады пачалі выкарыстоўваць прыкладна 18 ліпеня, што пацвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі. Параўноўваючы здымкі 17 і 24 ліпеня, можна ўбачыць, што з розніцаю сем дзён на тэрыторыі былога вайсковага мястэчка з’явіліся мінімум шэсць зонаў з бачнымі зменамі. Можна разгледзець, што да 24 ліпеня ўжо былі разʼезджаныя некаторыя падʼезды да ангараў.

Адлегласць ад лагеру ў вёсцы Цэль да вайсковых складоў каля вёскі Паплавы складае 27 км.

Яшчэ 24 ліпеня маніторынгавая група паведамляла пра калону вагнэраўцаў, якая складалася як мінімум з 80 машынаў. Яна рухалася трасаю М5 з боку лагеру ў вёсцы Цэль і збочыла з трасы да вёскі Верайцы. Калона магла ехаць як на асіповіцкі палігон, гэтак і да вайсковых складоў каля Паплавоў. Абодва павароты з трасы на Верайцы дазваляюць прыбыць па значна менш заўважнай дарозе, інакш трэба было б ехаць праз Асіповічы, дзе больш людзей магло іх убачыць.

Паводле ацэнак «Беларускага Гаюна», у Беларусі цяпер прынамсі 3500–3700 баевікоў Групы Вагнэра. У адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, сцвярджалася, што ў Беларусь прыбудуць да 10 тысяч наймітаў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы трэнуюцца разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі, што ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад украінскай мяжы. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў