У Менску затрымліваюць падлеткаў, якія сабраліся на сустрэчу «ЧВК Редан»


Увечары 1 сакавіка сталі прыходзіць паведамленні пра затрыманне сілавікамі падлеткаў каля менскага гандлёвага цэнтру «Galleria Minsk», піша Telegram-канал «МотолькоПомоги».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі «ЧВК Редан». Крыніца: ЧВК «Редан» / ВКонтакте

Паведамляецца, што падлеткаў нібыта затрымліваюць у ваколіцах Нямігі і каля гандлёвага цэнтру. Імаверна, там мелася адбыцца сустрэча прыхільнікаў «ЧВК Редан».

Нагадаем, увечары 28 лютага ў Гомлі, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Секрет», за «спробу правядзення масавай акцыі» сілавікі затрымалі 200 асобаў, 183 з іх – няпоўнагадовыя. Там, паводле заявы Міністэрства ўнутраных справаў, сабраліся прыхільнікі арганізацыі, якую яны называюць «ЧВК Редан». Днём наступнага дня ўсіх падлеткаў адпусцілі.

Пры апытанні большасць падлеткаў сказалі, што прыйшлі на сустрэчу прыхільнікаў субкультуры «ЧВК Редан» з цікавасці, хтосьці хацеў паглядзець, а некаторыя збіраліся зняць відэа для сацыяльных сетак.

На наступны дзень Следчы камітэт завёў крымінальную справу паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Следчыя хочуць знайсці арганізатараў масавага збору. У СК адзначаюць, што аналагічныя «зборы» такіх падлеткаў-прыхільнікаў у Расеі і Украіне заканчваліся беспарадкамі і масавымі бойкамі ў грамадскіх месцах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў