Ці праўда, што новыя санкцыі Еўразвязу ўдараць па сельскай гаспадарцы Беларусі?


Журналісты «Bloomberg» і радыё «Свабода» паведамілі, што Еўразвяз падрыхтаваў новы пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ананімны дыпламат расказаў «Нашай Ніве», што абмежаванні могуць закрануць сельскагаспадарчыя тавары. Разабраліся, якія менавіта, і спыталі эканаміста, ці забарона магчымая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уборка ўраджаю цукровых буракоў. Гальшаны, Беларусь. 26 верасня 2022 года.
Фота: oshmiany.gov.by

Паводле «Нашай Нівы», Польшча прапаноўвае забараніць экспарт з Захаду ў Беларусь тавараў сельскагаспадарчага прызначэння: «Маецца на ўвазе насенне, сродкі абароны раслінаў, сперма жывёлы і гэтай далей — гэта тое, чаго сама Беларусь і Расея не вырабляюць», – перадае выданне словы дыпламата.

Гэтая фармулёўка не зусім дакладная: у Беларусі вырабляюць і насенне, і сродкі абароны раслінаў, і сперму жывёлы. Але, вядома, не вырабляюць усіх магчымых відаў і патрэбных аб’ёмаў. Глядзім, колькі Беларусь раней закупляла за мяжой і колькі сама прадавала за мяжу.

Насенне. Галоўная бяда можа стацца з цукрам

Белстат з сярэдзіны мінулага года закрыў звесткі аб імпарце і экспарце, таму прааналізаваць можна толькі «даваенныя» паказнікі ад Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

За апошнія гады Беларусь істотна павялічыла экспарт насення за мяжу ў грашовым вымярэнні: ад 1,68 млн долараў у 2017 годзе да 6,2 млн долараў у 2021-м. Але імпарт насення ў гэты перыяд значна перавышаў экспарт і таксама рос: з 30,2 млн долараў да 39,3 млн, адпаведна.

Асноўны аб’ём імпарту прыпадаў на насенне для пасеву цукровых буракоў (15,5 млн долараў у 2021 годзе), насенне для пасеву люцэрны – кармавой травы для жывёлы (амаль 6 млн долараў у 2021-м) і насенне для пасеву рознай гародніны (12,3 млн долараў у 2021-м).

Асноўнай краінай імпарту насення для пасеву была Нямеччына: у 2021 годзе там купілі насення для пасеву на 11,5 млн долараў, тады як з Расеі, якая на другім месцы, – на 5,3 млн долараў. Яшчэ насенне куплялі ў Францыі – на 4,3 млн, у Італіі –  на 3,8 млн, у Даніі – на 2,2 млн, у Злучаных Штатах –  на 1,9 млн, у Бельгіі і Канады – на 1,3 млн у кожнай, у Чылі і Кітаю – на 0,8 млн долараў у кожнай…

Калі санкцыі сапраўды ўвядуць, Беларусь чакаюць асаблівыя праблемы з цукровымі буракамі, а значыць, і з цукрам.

Агляд
Асартымент у крамах скарачаецца, цэны пасля святочнага павышэння знізіліся
2023.01.18 10:00

Шостую частку ад усяго імпарту насення люцэрны куплялі ў Расеі. Дзясятую частку насення гародніны – там жа, і яшчэ па некалькі адсоткаў – у краінах, якія могуць не далучыцца да санкцыяў. Тэарэтычна, страчанаму імпарту можна знайсці замену ў Расеі ці краінах, якія не ўвядуць санкцыяў. Але ў імпарце насення для цукровых буракоў 98 % прыпадала на краіны Еўразвязу, тады як у Расеі таксама праблемы з насеннем для цукровых буракоў.

Пра тое, што санкцыі могуць ударыць па вытворчасці цукру, падазравалі даўно. Так, увесну 2022 года прадстаўнік Вопытнай навуковай станцыі ў справе цукровых буракоў расказаў выданню «Про бизнес», што Беларусь не мае зоны насеннецтва і заводу дапрацоўвання насення, ды і агулам краіна не падыходзіць для атрымання якаснага насення цукровых буракоў.

І хоць у Беларусі выраблялі ўдвая больш цукру за норму на чалавека, а значную частку цукру экспартавалі, знікненне большай часткі паставак насення цукровых буракоў можа стаць праблемай не толькі для аб’ёмаў экспарту, але і для беларускіх спажыўцоў.

Разбор
Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку
2022.10.02 22:39

Абарона раслінаў. Усё не так кепска, але праблемы могуць з’явіцца

У інсектыцыдах, фунгіцыдах і гербіцыдах імпарт у апошнія гады перавышаў экспарт, але не так моцна, як у выпадку насення. З 2017 да 2021 года экспарт вырас з 73,9 млн долараў, да 106,8 млн, а імпарт – з 104,6 млн да 140,3 млн. Пры гэтым у імпарце звыш 50 млн стабільна прыпадала на Расею.

Калі глядзець проста на лічбы, не выглядае немагчымаю замена імпарту з краінаў, якія могуць увесці санкцыі, на імпарт з Расеі або Кітаю. Ды ў Расеі наракалі на тое, што іхныя вытворчасць сродкаў абароны раслінаў залежыць ад імпартнай сыравіны і што гэтая вытворчасць эканамічна нявыгадная. Да таго ж, нейкім сродкам можа не знайсціся якасных адпаведнікаў у краінах, што не ўвялі санкцыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pxhere.com

Генафонд кароваў сапраўды можа пацярпець

Быкі і каровы могуць пладзіцца і без генетычнага матэрыялу з-за мяжы. Але ў большасці гаспадарак практыкуюць штучнае апладненне – пры «завочным» удзеле быкоў, бо так выходзіць хутчэй і бяспечней для кароў. Да таго ж, у сельскай гаспадарцы важная селекцыя: розныя пароды даюць розныя аб’ёмы малака і мяса, ёсць сэнс браць генетычны матэрыял найлепшых з роду.

Імпарт бычынай спермы за апошнія гады перавышаў экспарт у дзясяткі разоў. У 2019 годзе пачалі купляць сперму быкоў у Злучаных Штатах, у 2020-м ЗША выйшлі на першае месца ў гэтых пастаўках, а ў 2021-м са Штатаў накупілі спермы быкоў аж на 900 тыс. долараў, тады як з Расеі – на 195 тыс., з Нямеччыны – на 65 тыс., а пастаўкі з Вугоршчыны, Нідэрландаў, Канады, Даніі і Аўстрыі ўпалі да нуля.

ЗША, вядома, не ўваходзяць у Еўразвяз, але цалкам могуць падтрымаць еўрапейскія санкцыі. Беларусь у такім выпадку не застанецца без мяса і малака, але эфектыўнасць іх вытворчасці можа пацярпець, калі амерыканскім быкам не знойдзецца годнай замены ў краінах, якія не ўвядуць санкцыі. Да таго ж, амаль уся жывая буйная рагатая жывёла, якую Беларусь імпартавала, ішла з Еўразвязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«…і гэтак далей»? Такія санкцыі праўда могуць увесці?

У выпадку еўрапейскіх санкцыяў, скіраваных на сельскую гаспадарку, можа пацярпець імпарт яшчэ шмат якіх тавараў. Расея ў гэтай галіне – найбуйнейшы гандлёвы партнёр, але шмат у якіх таварах Еўразвяз і краіны, што могуць падтрымаць санкцыі, давалі значную долю імпарту.

Эканаміст Пётр Марозаў у каментары «Белсату» сумняецца, што гэткія санкцыі ўвядуць: цяпер з гуманітарных меркаванняў прынята выключаць з санкцыйных пакетаў харчы і медыкаменты, а згаданыя ў «Нашай Ніве» тавары якраз адносяцца да вытворчасці харчавання. Калі гэта ўключаць у санкцыі, гэта будзе вельмі сур’ёзным узмацненнем санкцыйнай палітыкі – раней жа нават рабілі выключэнні для пэўных катэгорыяў угнаенняў. Да таго ж, няма гарантыі, што да такіх санкцыяў далучыцца, напрыклад, Швейцарыя.

«Я не вельмі веру, што гэта будзе, – кажа Марозаў. – Але калі будзе, то не прывядзе да катастрофы ў кароткатэрміновым перыядзе, гэта выкліча цяжкасці. Мне здаецца, што незамяняльных пазіцыяў тут няма».

У сельскай гаспадаркі Беларусі не было праблемаў з тым, каб забяспечыць беларусаў неабходным, але была бяда з эфектыўнасцю. Калі не будзе доступу да спермы амерыканскіх і еўрапейскіх быкоў, вытворчасць малака не знізіцца да нуля, ды і Беларусь шмат гадоў працавала над уласным генафондам кароў, тлумачыць Марозаў. Як і ў выпадку з санкцыямі ў машынабудаўніцтве, «будуць ставіць свае дэталі».

Калі не будзе насення цукровых буракоў з Еўропы і Штатаў, расказвае эканаміст, дапамагчы могуць Узбекістан і Сербія. Шмат з чым змогуць дапамагчы азіяцкія краіны, якія раней уваходзілі ў СССР і ў якіх шмат што распрацоўвалася для савецкай сельскай гаспадаркі. Без доступу да высокапрадуктыўнага замежнага насення ці генетычнай лініі пяройдуць на менш прадуктыўныя, але з тым жа насеннем гэта можа кампенсавацца даступнасцю ўгнаенняў, для якіх з прычыны санкцыяў скараціліся магчымасці экспарту. У сельскай гаспадарцы Беларусь і так пераважна разлічвала на сябе, як з тым жа насеннем кукурузы. Ёсць Акадэмія навук, ёсць у ёй аддзяленне аграрных навук і галіновыя інстытуты.

У доўгай перспектыве гэткія санкцыі, калі будуць прынятыя, знізяць канкурэнтаздольнасць і запаволяць прагрэс, але не пакінуць беларусаў без ежы, робіць выснову эканаміст.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў