навіны

«Ніколі не бачыла такога магутнага дажджу і ветру». Вынікі буры ў Гомлі 3 чэрвеня

Залева ў Гомлі 3 чэрвеня 2025 года. Фота: «Гомельщина официально»
Залева ў Гомлі 3 чэрвеня 2025 года. Фота: «Гомельщина официально»
podpis źródła zdjęcia

Вынік: 142 паваленыя дрэвы і 10 знесеных дахаў, але пацярпелых няма.

Пасля наймацнейшай залевы і парываў ветру да 15-20 м/с у Гомлі і трох раёнах вобласці МНС зафіксаваў 142 падзенні дрэваў. З іх 134 упалі ў самім Гомлі, паведамляе канал «Гомельщина официально».


Працаўнікі МНС 10 разоў за дзень выязджалі прыбіраць і распілоўваць паваленыя дрэвы. Як мінімум у шасці выпадках у Гомлі дрэвы ўпалі на аўтамабілі, у дзесяці выпадках – на дахі будынкаў.


Праз непагадзь там-сям знікала электраэнергія, якая, аднак, «аператыўна аднаўляліся працаўнікамі РУП «Гомельэнерга».


Са звестак МНС, пацярпелых няма.


«Гадзіны чатыры ліло бесперапынна: я была проста заблакаваная ў краме з цэлым натоўпам такіх жа людзей – выйсці ніхто не наважваўся», – распавяла «Белсату» жыхарка Гомля. – Я яшчэ ніколі не бачыла такога магутнага дажджу і ветру! Шчыра кажучы, страшна было вяртацца дадому: спачатку трэба было неяк ехаць на аўце па гэтай "Венецыі", каб упэўніцца, што мой дом не знесла там ці не заваліла дрэвамі. А потым я ўзгадала, што не ўпусціла ў дом ката – і панеслася хутчэй. Але дзякуй Богу, усё абышлося, хоць крыху і заліло сцяну ў калідоры».


Нагадаем, 3 чэрвеня на Гомель і вобласць найшла моцная залева, што затапіла дарогі і дамы. У сацыяльных сетках беларусы паказвалі, як плывуць у горадзе на байдарках і спрабуюць уратаваць кватэры ад вады, што цячэ са столі.


«У выніку падзення дрэваў выпадкаў траўмавання людзей не зафіксавалі. Выпадкаў вымыкання электразабеспячэння на гэты момант не зафіксавалі», – пісала 3 чэрвеня «Гомельщина официально».


Людзі паказвалі, што адбываецца на дварэ і ў дамах. Напрыклад, у адным са шматпавярховікаў вымакнуць можна было нават не выходзячы з пад'езду, у адной з кватэраў таксама цякло проста са столі. Хтосьці ставіўся да сітуацыі з гумарам і плыў дарогаю на байдарцы.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10