У Мачулішчах проста падчас прысягі затрымалі мужчыну, які прыйшоў на падзею як наведвальнік, паведамляе «Вясна». Пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі – у аглядзе рэпрэсіяў.
Як сталася вядома праваабаронцам, затрыманне адбылося 24 траўня падчас прыняцця прысягі ў вайсковай частцы 39872, што базуецца ў гарадскім пасёлку Мачулішчы. Затрымалі наведвальніка. Ён быў апрануты ў цывільнае, яму на выгляд 25 – 28 гадоў. Прычына затрымання невядомая.
Палітвязня Сяргея Раманава трэці раз асудзілі паводле артыкулу 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Яго прызналі вінаватым і дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі. Раней суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў Сяргею Раманаву 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, у тым ліку нібыта за акт тэрарызму.
Палітвязню Анатолю Латушку дадалі яшчэ паўгода зняволення паводле артыкулу 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Яму прызначылі яшчэ паўгода пазбаўлення волі ў дадатак да шасці гадоў калоніі. Пра гэта паведаміў падчас IV Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету стрыечны брат палітвязня, палітык Павел Латушка, піша «Вясна».
Раней Анатолю ўжо ўзмацнялі пакаранне: год таму яго перавялі на турэмны рэжым у Горадні. Верагодна, там супраць яго і завялі новую крымінальную справу.
Тым часам адмысловы спавяшчальнік у пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс заявіў, што «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсіяў», паведамляе «Вясна».
Да 59-й сесіі Рады ў справе правоў чалавека ААН ім падрыхтаваны агляд асноўных падзеяў датычна правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2024 года да 31 сакавіка 2025 года. Апроч іншага ў дакуменце заяўляецца, што прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года не могуць лічыцца адпаведнымі праву абіраць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах праз палітычна матываваныя рэпрэсіі, што трываюць у краіне, а таксама поўнае здушэнне свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыяў.
Арсен Рудэнка belsat.eu