навіны

Галоўчанка заклікае захоўваць грошы ў рублях. Эксперт прапаноўвае падумаць пра валюту

img
Абменнік у Беларусі. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Нацбанку Раман Галоўчанка, спасылаючыся на свае разлікі, пераконвае беларусаў, што зберажэнні трэба захоўваць у беларускіх рублях – маўляў, прыбытковасць высокая. Эксперт BEROC мяркуе, што ўсё залежыць ад мэтаў чалавека, але для доўгатэрміновых зберажэнняў цяпер добры час, каб назапасіць валюту.

Нядаўна Раман Галоўчанка казаў, наколькі выгадныя ўклады ў беларускіх рублях. Паводле «ягонага глыбокага пераканання», лепшага спосабу захаваць грошы няма.

,,

«Мы зрабілі такія падлікі, што калі б год таму чалавек паклаў на безадзыўны дэпазіт тысячу рублёў, дык цяпер ягоны даход склаў бы 120 рублёў. Калі б ён летась уклаўся ў куплю долараў, дык страціў бы цяпер 20 рублёў [праз падзенне курсу долара. – Заўв. рэд.]», – заявіў Раман Галоўчанка.


За два гады беларусу ўдалося б назапасіць 296 рублёў на дэпазіце ў беларускіх рублях, а пры куплі долараў прыбытак склаў бы толькі 113 рублёў, кажа Галоўчанка. А далей ён дае прыклад больш складанай схемы, затое прыбытковай.

«Дапусцім, што ў сакавіку 2016 года вы паклалі тую ж тысячу беларускіх рублёў на безадзыўны дэпазіт паводле фіксаванай стаўкі тэрмінам на два гады, але потым вы б не забіралі гэтых грошай, а капіталізавалі б адсоткі. І разам з адсоткамі па чарзе б перакладалі гэты дэпазіт і адсоткі на новыя безадзыўныя ўклады паводле той жа стаўкі і на той жа тэрмін. У гэтым выпадку ў сакавіку 2025 года ваш даход склаў бы 2871 рубель з адной тысячы рублёў і павялічыўся практычна ўтрая», – сказаў Галоўчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Долар абваліўся да мінімуму за амаль два гады: што адбываецца з валютамі ў Беларусі

навіны

Ён дадаў, што такая ж сума зберажэнняў у доларах з 2016 года дазволіла б павялічыць накапленні на 533 рублі.

Пры гэтым Галоўчанка не тлумачыць, як праводзіліся разлікі. Таксама ён не кажа, колькі беларус страціў бы на інфляцыі. Толькі за 2024 год яна з'ела б 5,2 % зберажэнняў.

Эксперт BEROC Анатоль Харытончык не здзіўлены рэкамендацыямі Галоўчанкі. Пра гэта ён апавёў падчас брыфінгу датычна сітуацыі ў эканоміцы Беларусі 22 красавіка.

«А што яшчэ мог сказаць Раман Аляксандравіч як кіраўнік Нацбанку? Ён абавязаны гаварыць, што трэба захоўваць у рублях», – кажа Харытончык.

Пры гэтым адзначае, што актуальныя стаўкі ў рублёвых укладах даюць прывабную прыбытковасць, што пакрывае і цяперашнюю інфляцыю, якая паскараецца, і рост цэнаў, які чакаецца.

«Такім чынам, гэта цалкам рацыянальны падыход ашчаджаць у беларускіх рублях. Адзінае, варта задумацца пра тое, што курс беларускага рубля да долара цяпер, мабыць, тэстуе лакальныя мінімумы. Складана сказаць, цягам якога перыяду, але будзе паступовы рух у адваротны бок. Гэта значыць долар будзе вяртацца да ўзроўню 3,3–3,4 беларускага рубля.

,,

Выходзіць, кожны мае для сябе вызначыць, колькі ён гатовы чакаць і, адпаведна, калі яму спатрэбяцца гэтыя зберажэнні. Калі доўгатэрміновыя [зберажэнні. – Заўв. рэд.], дык можна задумацца пра куплю валюты паводле даволі нізкага курсу», – параіў Анатоль Харытончык.


Сам Галоўчанка адзначыў, што важна «дыверсіфікаваць партфель» зберажэнняў, гэта значыць, захоўваць іх у некалькіх валютах або нават выбраць аблігацыі, металы, акцыі і гэтак далей.

Арсен Рудэнка / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10