навіны

Косава будзе кансультаваць Офіс Ціханоўскай у справе пашпарта Новай Беларусі

Пашпарт Новай Беларусі
Пашпарт Новай Беларусі. Фота: tsikhanouskaya.org
podpis źródła zdjęcia

Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на запрашэнне Офісу Прэзідэнта Косава наведала сталіцу краіны, горад Прыштыну. З косаўскім бокам размаўлялі сярод іншага і пра пашпарт Новай Беларусі.

Беларускія дэмакратычныя сілы прадстаўлялі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька. Да дэлегацыі далучыўся Павел Лібер – заснавальнік лічбавай платформы «Новая Беларусь».


Беларусы сустрэліся з кіраўніцай Офісу Прэзідэнта Косава Леартай Холлай, віцэ-мэрам Прыштыны Фларыянам Душы, прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства замежных справаў, прэзідэнтам Гандлёвай палаты Косава, арганізацыяй Germin, якая працуе з дыяспарай, амбасадарам Албаніі ў Косава.


Адной з тэмай, што абмяркоўвалася падчас сустрэчаў, стаў пашпарт Новай Беларусі. Паводле Франака Вячоркі, гэтае пытанне паднялі, бо Косава ў свой час пасля вайны праходзіла «складаны шлях прызнання, выдачы дакументаў, а цяпер пашпарты Косава прызнаюцца большасцю краінаў свету».

,,

«У Міністэрстве ўнутраных справаў мы распавялі пра свае праблемы, пра тое, што лукашэнкаўскі рэжым цяпер адмаўляе беларусам у абнаўленні пашпартоў. У некаторых краінах з’явілася вырашэнне: выдача пашпартоў замежніка для падарожжаў. Але, на жаль, гэтае рашэнне не ўніверсальнае. Мы паказалі і свой праект – пашпарт Новай Беларусі, які цяпер мае сімвалічны характар, але, магчыма, у будучыні напоўніцца і практычным зместам, і беларусы змогуць ім карыстацца як нацыянальным пашпартам. І косаўскія ўлады пагадзіліся нас кансультаваць, падказваць, раіць і дзяліцца тым досведам, які іх краіна прайшла да таго, каб іх дакументы былі прызнаныя рознымі краінамі свету», – распавёў дарадца Ціханоўскай.


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка з пашпартам Новай Беларусі падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Чым Генпракуратуры Літвы не спадабаўся пашпарт Новай Беларусі? Спыталі ў дэпутатаў Сейму

навіны

Сярод іншых тэмаў, якія падымалі на сустрэчах з косаўскім бокам:


•   праграма працаўладкавання для беларускіх журналістаў і блогераў у Косава;


•   падтрыманне ІТ-сектару і вывучэнне магчымасцяў бізнес-супрацы ў рэлакацыі;


•   праграмы навучання ў сферы гуманітарнай бяспекі і размінавання для беларускіх добраахвотнікаў;


•   стварэнне міжпартыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Косава і магчымасць падпісання пагаднення аб супрацы з беларускімі дэмакратычнымі структурамі;


•   абмен досведам у працы з дыяспарамі.


Пашпарт Новай Беларусі мае стаць заменаю дзяржаўнага пашпарта для тых беларусаў, якія з увагі на палітычны пераслед не могуць з'ездзіць на радзіму, каб атрымаць дакумент. Галоўны выклік праекту – дамагчыся, каб пашпарты Новай Беларусі прызнавалі ў свеце.


Выраб дакументаў планаваўся ў Літве, аднак у студзені Генеральная пракуратура рэспублікі выслала ліст Беларускаму пашпартаваму цэнтру, які можна ўспрыняць як пагрозу крымінальнай адказнасцю за выраб і выдаванне пашпартоў, пакуль гэтыя дакументы не будуць прызнаныя ў вызначаным законам парадку.


Неўзабаве пасля гэтага Святлана Ціханоўская абвясціла пра перанос «нашага «чырвонага пашпарта» ў тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашаная». Таксама беларуская лідарка падчас прамовы ў Сейме Літвы з нагоды Дня Волі заклікала ўлады суседняй краіны «выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства сумленным беларусам». Яна канстатавала: шмат якія беларусы не могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакументаў, а бацькі не могуць аформіць нованароджаных дзяцей.


Марыя Міхалевіч belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10