навіны

«Больш, чым адзінкі». Польшча пачала адмаўляць у прыёме прашэнняў аб прытулку

Плот на польска-беларускай мяжы.
Плот на польска-беларускай мяжы. Фота: Памежная ахова Польшчы / Х
podpis źródła zdjęcia

У Польшчы пачалі дзеяць папраўкі да закону аб наданні міжнароднай абароны замежнікам – ужо ёсць пэўная колькасць мігрантаў, якім адмовілі ў прыёме заяваў аб прытулку на мяжы з нашай краінаю. Пра гэта апавёў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў эфіры «RFM24».

Дакладную колькасць адмоваў Сікорскі не назваў.

,,

«Гэта нізкія лічбы, але закон ужо быў ужыты. <…> Гэта больш, чым адзінкі, але менш, чым дзясяткі», – сказаў міністр.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Straż Graniczna / Х

У Польшчы прынялі закон, які абмяжоўвае права на міжнародную абарону

навіны

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што папраўкамі ў закон у Польшчы было прыпыненае не права на прытулак, а права на падачу прашэнняў аб абароне «ў вельмі абмежаваным часе і на абмежаванай тэрыторыі»:

«Нагадваю, гэтыя асобы па-ранейшаму маюць права на прытулак і права прасіць міжнародную абарону ў Польшчы. Гэта можна зрабіць у польскім консульстве ў Менску ці Маскве. Гэта асобы, якіх Расея сцягвае з Блізкага Усходу, прывозіць у Беларусь, каб яны гвалтоўна прарываліся ў Еўразвяз. Мы гэтага не дазваляем».

Сікорскі паведаміў, што апошнім часам назіраецца ўзмацненне атакаў мігрантамі ўсходняй мяжы Польшчы.

«Папярэдні ўрад пачаў будаваць плот, ён аказаўся слабым, мы яго ўзмацнілі», – зазначыў міністр.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 26 сакавіка падпісаў Закон аб часовым і тэрытарыяльным абмежаванні права на прыём хадайніцтваў аб міжнароднай абароне. Прашэнні не будуць прымаць у мігрантаў на польска-беларускай мяжы цягам 60 дзён. Тэрмін можа быць працягнуты яшчэ на 60 дзён паводле ўхвалення Сейму.

Памежная служба, нягледзячы на абмежаванні, будзе прымаць заявы аб міжнароднай абароне ад няпоўнагадовых без суправаджэння дарослых, цяжарных жанчын і асобаў, якім можа спатрэбіцца адмысловае стаўленне, асабліва праз іхны век або стан здароўя. Абмежаванне не будзе датычыць чалавека, якому, на думку памежнай службы, «сапраўды пагражае сур'ёзная шкода ў краіне, з якой ён ці яна беспасярэдне прыбылі ў Польшчу».

Бальшыню беларусаў новаўвядзенні не павінны датычыць. Кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская раней падкрэслівала, што праект прадугледжвае беспасярэдняе выключэнне для грамадзянаў Беларусі. То бок беларусы будуць мець магчымасць надалей падаваць заявы на абарону ў памежнай зоне, адзначала яна.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10