Як расейскія палітыкі паразітуюць на галечы ветэранаў

У Расеі на сённяшні дзень засталося толькі 7 тысяч ветэранаў ВАВ. Гэтую лічбу агучыў міністр абароны Белавусаў. Пра іхны подзвіг бясконца распавядаюць на дзяржаўных каналах, Пуцін увесь час пра іх згадвае ў сваіх прамовах. 

Прамова на 23 лютага сёлета не стала выключэннем:

,,

«Цяперашні год 80-годдзя Вялікай Перамогі аб'яўлены ў Расеі Годам абаронцы Айчыны – на славу нязломнага пакалення пераможцаў, у імя памяці пра іх гераізм і ахвярнасць, пра эпахальную перамогу, якую яны падарылі свету, і ў гонар герояў, якія сёння на полі бою годна працягваюць ратную справу сваіх продкаў».


Трэба адзначыць, што сёлета ветэраны нават атрымаюць параўнальна з апошнімі гадамі прыстойную выплату да 80-годдзя перамогі. Кожнаму па 80 тысяч рублёў – або 880 еўраў. Чаму параўнальна? Таму што яшчэ ў мінулым – не юбілейным – годзе краіны куды менш багатыя за Расею, дзякавалі сваім ветэранам куды шчадрэй. Рэкардсменам быў Таджыкістан, які кожнаму ветэрану Другой сусветнай вайны выплаціў суму роўную 3 374 еўраў. Гэта амаль у чатыры разы больш, чым сёлета плануе выплаціць ветэранам Расея. Крыху менш – мінімум 2867 еўраў – уручылі кожнаму ветэрану ўлады Казахстану. Больш за тысячу еўраў да свята летась атрымалі ветэраны Азербайджану, Кыргызстану, Узбекістану і нават Беларусі. У Расеі ж ветэранам выплацілі ў дзесяць разоў менш, чым у Беларусі, і ў 33 разы менш, чым у Таджыкістане. Кожнаму па 100 еўраў.

І нават сёлета 880 еўраў на 7000 ветэранаў для Расеі – сума смешная. Крыху больш за 6 мільёнаў еўраў на ўсіх прадстаўнікоў таго самага нязломнага пакалення, пра якое казаў у чарговай прамове Пуцін. Пры гэтым той жа Пуцін, ведучы вайну супраць Украіны, сёлета на вайсковыя выдаткі вылучыў рэкордныя 13,5 трыльёнаў рублёў або 148 мільярдаў еўраў. Пры гэтым, каб апраўдаць расейскую агрэсію супраць Украіны, Пуцін ледзь не ў кожнай сваёй прамове прыкрываецца менавіта ветэранамі.

Спрабуюць выкарыстоўваць ветэранаў у антыўкраінскай прапагандзе і кіраўнікі рэгіёнаў. У тым ліку часова выконваючы абавязкі губернатара па Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн.

,,

«Гэтыя людзі – не павінны мець патрэбы ні ў чым. Кожная іх праблема – падстава для неадкладнага рэагавання. На жаль, франтавікоў засталося надта мала – страшна сказаць: усяго 38 чалавек на ўсю Курскую вобласць. Дык няўжо нельга арганізаваць пастаяннага догляду і апекі за кожным?», – задаўся пытаннем палітык.


Бадай, можна. Тым больш калі кіраўнік рэгіёну прызнае: 38 чалавек на цэлую вобласць – гэта даволі мала. Але праходзіць месяц і той жа кіраўнік рэгіёну зноў здзіўляецца таму, што адна з тых самых 38 герояў вайны, Ганна Тарасенка, знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Хінштэйн сам паабяцаў дапамагчы ветэранцы. Праўда, праз два тыдні ў аматара справаздач у Telegram ні слова больш пра Ганну Тарасенка не было. Але па іншых ветэранам у атачэнні фота- і тэлекамер – дарыць букеты і адкрываць старонкі ва «УКантакце» – ён ездзіць не перастаў.


Таксама ў новым выданні «Лукавых навінаў»:

  • Колькі Расея плаціць ветэранам сваіх войнаў?
  • Бандыт, гвалтаўнік, забойца – профіль «героя СВА»

belsat.eu / ЮК