Ад расейцаў схавалі важную частку дакладу выведкі ЗША

Паводле перакладу даклада выведкі ЗША, агучанага на расейскім «Першым канале», перамога Пуціна над Украінай непазбежная. Пераклад не проста недакладны, але і далёка няпоўны. Што ж паспрабавалі схаваць ад расейцаў?

У эфіры расейскага «Першага канала» вядоўца Кацярына Андрэева заявіла: «У Вашынгтоне фактычна прызналі: перамога Масквы немінучая. Магчыма, менавіта з гэтым звязана жаданне сесці за стол перамоваў».

Далей закадравы голас працытаваў пераклад дакладу Нацыянальнай выведкі ЗША, дзе гаворыцца пра вайну ва Украіне: «Гэтая вайна на знясіленне прывядзе да паступовага, але няўхільнага паслаблення пазіцый Кіева на поле бою, незалежна ад любых спробаў ЗША ці хаўруснікаў навязаць Маскве новыя і больш значныя выдаткі».

Вось толькі правільней было б назваць гэта не перакладам, а пераказам. Даклад амерыканскай выведкі сведчыць: «Нягледзячы на тое што прэзідэнт Расеі Пуцін не зможа дамагчыся поўнай перамогі, якую ён уяўляў сабе, калі ініцыяваў буйнамаштабнае ўварванне ў лютым 2022 года, Расея захоўвае імпульс, бо знясільваючая вайна на знясіленне вядзе да вайсковай перавагі Расеі».

Такім чынам, «Першаму каналу» давялося перапісаць дакумент, каб прыбраць словы «Пуцін не зможа дамагчыся поўнай перамогі». А таксама апусціць працяг тэксту, дзе яшчэ і пералічаныя праблемы, якія Пуцін стварыў для Расеі, напаўшы на Украіну: «Расея заплаціла высокую цану крывёю, грашыма і стратай міжнароднай рэпутацыі і замежнапалітычных магчымасцяў праз сваё маштабнае ўварванне ва Украіну».

На жаль, падобныя маніпуляцыі выдаюць за праўду не толькі на «Першым канале». З прыходам да ўлады Дональда Трампа рыторыка Вашынгтона ў дачыненні да Масквы змянілася настолькі, што заявы амерыканскіх чыноўнікаў вышэйшага рангу ад словаў Кацярыны Андрэевай адрозніць часам бывае складана.

Таксама ў новым выпуску праграмы «Лукавыя навіны»:

  • Прадстаўнік Дональда Трампа Стыў Ўіткаф распавёў Такеру Карлсану пра слана ў пакоі і малітвы Пуціна
  • Жыхары акупаваных тэрыторый адмаўляюцца глядзець журналістаў-калабарантаў
  • Прапагандысты шукаюць 300 тысяч украінцаў – не тое яны гераічна загінулі, не тое збеглі да Аляксандра Лукашэнкі

Праграму «Лукавыя навіны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва Sirius 4), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашым сайце або на канале YouTube.


Калаж з фота: «Первый канал»; Tucker Carlson / YouTube


belsat.eu / МВ