ЗША і Еўропа прыбіраюць Зяленскага, бо ён перашкода ў мірных перамовах? Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка пры справе. Разбіраем расейскі фэйк. За што Доналд Трамп пакрыўдзіўся на Украіну. Новыя «Лукавыя навіны» з Ганнай Галётай.
У праграме « Место встречи» на НТВ расейскія прапагандысты распавялі пра змову еўрапейскіх чыноўнікаў супраць Зяленскага. Нібыта брытанская Times высветліла, што нават еўрапейскія чыноўнікі, – тыя ж, што на публіцы захапляюцца Зяленскім, – шэптам абмяркоўваюць ягоную замену, бо ён «знясілены і стаў перашкодай на шляху да міру».
Мы знайшлі гэтую публікацыю. Гэта калонка Марка Урбана. Так, у тэксце сапраўды ёсць наступныя словы: «Мінулай восенню адзін брытанскі міністр у размове са мной назваў Зяленскага "перашкодай на шляху да міру"».
Так, мінулай восенню. Задоўга да інаўгурацыі Трампа і, магчыма, нават да ягонае перамогі на выбарах у ЗША. Змова супраць Зяленскага – паводле версіі НТВ – ужо выспявала.
Пры гэтым журналіст у тэксце падкрэслівае, што неназваны чыноўнік кажа пра Зяленскага як пра «дасканалага вайсковага лідара», чыя праблема зводзіцца да адмовы весці дыялог з расейцамі. Чаму ананімная крыніца Times не мае рацыі, мы падрабязна тлумачылі ў мінулым выданні.
Але дзе ж другая частка цытаты, што выкарыстоўвалі супрацоўнікі НТВ у сваім аглядзе прэсы? Пра знясіленне. Яна, выходзіць, належыць наогул іншаму чалавеку. І гэта вельмі выразна прапісана ў тэксце артыкула: «іншы брытанскі чыноўнік, адкінуўшы ідэю пра тое, што Зяленскі няздольны заключыць мір з Пуціным, распавёў мне пра наступствы больш чым трох гадоў жорсткай вайны. «Ён, мае быць, неверагодна знясілены, – сказаў адмыслоўца па справах Расеі. – Ён рызыкуе прымаць дрэнныя рашэнні».
Падсумуем: нішто не сведчыць пра змову супраць Зяленскага як у самой Украіне, так і ў Вялікабрытаніі і нават у Злучаных Штатах.
Таксама глядзіце ў новым выданні праграмы «Лукавыя навіны»:
- Уладзімір Зяленскі дзякаваў не тым
- За што Доналд Трамп пакрыўдзіўся на Украіну
- Суджа у Курскай вобласці страчана праз гэта?
- Перамовы ЗША і Украіны ў Джыдзе: важная дэталь
- Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка рыхтуюць змову супраць Зяленскага?
- Мір паміж Расеяй і Украінай: што кажуць звычайныя ўкраінцы пра перамовы
- Вынікі разбору расейскай прапаганды
Праграму «Лукавыя навіны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва Sirius 4), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашым сайце або на канале YouTube.
belsat.eu / ЮК