1 сакавіка набудзе моц указ Лукашэнкі, што рэгламентуе, якія асобы ці дэлегацыі могуць афіцыйна рэпрэзентаваць Беларусь на міжнародных конкурсах ці спартовых спаборніцтвах. Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» назваў гэтыя высілкі «спробаю манапалізаваць тое, што не манапалізуецца».
Гэты ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ ў снежні, дакумент набудзе моц 1 сакавіка.
Нарматыўны акт прадугледжвае, што назвы любых культурніцкіх, спартовых, адукацыйных імпрэзаў, дзе вызначаюцца асобы, якія будуць рэпрэзентаваць Беларусь на міжнародных імпрэзах, могуць утрымліваць словы «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» толькі ў тым выпадку, калі такі адбор ладзіць дзяржаўны орган або дзяржаўная арганізацыя.
Указ таксама рэгулюе, як асоба, каманда ці дэлегацыя можа рэпрэзентаваць Беларусь на міжнародных конкурсах, дзе вызначаюць пераможцаў. Для гэтага патрабуецца прайсці нацыянальны адбор або атрымаць скіраванне «дзяржаўнага органу ці ўпаўнаважанай арганізацыяй». Яшчэ варыянт: прадстаўнік Беларусі, які самастойна пастанавіў узяць удзел у міжнароднай імпрэзе, мае паведаміць пра гэта «ўпаўнаважанаму органу».
Парушэнне такога парадку дзяржава называе «парушэннем законных інтарэсаў Беларусі» і пагражае судовым спагнаннем кампенсацыі памерам да 1000 базавых велічыняў.
«Гэта спроба дзяржавы ўзмацніць манаполію на рэпрэзентацыю ўсяго беларускага і нават нацыянальнага, што асабліва смешна, бо нешта можа быць нацыянальным і не мець дачынення да сённяшняй дзяржавы, напрыклад, нейкая суполка беларусаў у Аўстраліі можа існаваць сотню гадоў і не быць ніяк звязанаю з Рэспублікай Беларусь», – так ініцыятыву цяперашніх уладаў пракаментаваў «Белсату» палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.
Паводле суразмоўцы, у Менску намагаюцца паўплываць на тое, што не прыціснеш ГУБАЗіКам:
,,«Спроба манапалізаваць тое, што не манапалізуецца. Спроба ўсіх застрашыць, але гэта застрашванне тых, хто і так у курсе. Калі спартовец у Еўропе пад бел-чырвона-белым сцягам дзесь рэпрэзентуе Беларусь, дык ён і не ўважае, што яму бяспечна вяртацца на радзіму».
«Вельмі смешна, калі ўлады Беларусі чамусьці ўважаюць, што яны могуць рэгуляваць сваймі нормамі права тое, што адбываецца на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Чамусьці Беларусь лічыла, што можа сваім правам рэгуляваць тое, што адбываецца ў Варшаве ці ў Італіі недзе. Гэта ж за межамі беларускага права. Не важна, што Менск думае пра марш у Варшаве, важна, што думае Варшава».
Як сказаў Мажэйка, гэтым указам беларусам яшчэ раз нагадалі, што калі нават у эміграцыі яны робяць нешта, што не падабаецца ўладам, то «рэжым будзе разглядаць вас як ворагаў і паводле сваіх прыдуманых законаў караць»:
«На шмат якіх міжнародных імпрэзах адбываюцца дыскусіі, канферэнцыі, звязаныя з Беларуссю, вядома, гэта не мае ніякага ўзгаднення беларускай дзяржавы, і гэта ўсё можа Менск не задавальняць. Але смешна думаць, што гэта можна спыніць нейкім указам Лукашэнкі. Тыя, хто, напрыклад, запрашаюць Ціханоўскую на канферэнцыі, дык яны і не лічаць Лукашэнку легітымным выдаваць указы».
Суразмоўца «Белсату» падсумаваў, што цяперашняя ініцыятыва камічная і «не будзе мець рэальнага ўплыву».
Сцяпан Кубік belsat.eu