26 лютага на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублік генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед распавёў пра негатыўныя змены ў статыстыцы адносна дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Паводле Андрэя Шведа, за апошняе пяцігоддзе колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), узрасла на 60%, а дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў, – на 64%.
«З-за адсутнасці станоўчых зменаў у ладзе жыцця бацькоў у сем’і вяртаецца менш за палову дзяцей», – цытуе пракурора прэс-служба Генпракуратуры.
«Для выпраўлення сітуацыі» ведамствам унесены законапраект, якім прадугледжана «кардынальнае змяненне падыходаў да работы з нядобранадзейнымі сем’ямі».
«Закон закліканы забяспечыць аператыўнасць рашэнняў, дэбюракратызацыю працэдур, персанальную адказнасць кіраўнікоў дзяржорганаў і камісіяў па справах няпоўнагадовых», – адзначыў Швед.
Паводле дадзеных Вярхоўнага суда, у 2024 годзе 2 558 чалавек было пазбаўлена бацькоўскіх правоў. За ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, у 2024 годзе было асуджана 6 212 чалавек.
Нагадаем таксама, што Урад распрацаваў Палажэнне аб парадку прызнання дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Гэты дакумент уступіў у сілу 1 студзеня 2025 года.
Паводле яго статус сацыяльна-небяспечнага становішча, які першапачаткова прызначаны для абароны дзяцей, цяпер можа выкарыстоўваецца дзяржавай як інструмент ціску на сям’ю. На разгляд адпаведнай камісіі «могуць трапіць бацькі нават з бездакорнай рэпутацыяй». Бо з яго вынікае, што дзеці, чые бацькі прыцягваліся да адказнасці за нелаяльнасць уладам, могуць атрымліваць статус тых, хто знаходзіцца ў небяспечным становішчы.
Надзея Вольная belsat.eu