Кіраўнік ІТ-кампаніі беларускага паходжання «EPAM Systems» Аркадзь Добкін і фінансавы дырэктар Джэйсан Пітэрсан падчас справаздачы акцыянерам абмеркавалі вынікі 2024 года і планы на 2025-ы. Сярод іншага яны закранулі і Беларусь.
Джэйсан Пітэрсан згадаў беларускі офіс, адказваючы на пытанне аб тым, як магчымае завяршэнне вайны можа паўплываць на бізнес «EPAM» у Беларусі і Украіне – і што адбываецца з камандамі на гэтых рынках, перадае DEV.by.
,,«Мы назіраем зніжэнне колькасці персаналу ў Беларусі і ўмеранае зніжэнне колькасці персаналу ва Украіне ў гадавым вымярэнні. Але мы бачылі таксама невялікі рост у чацвёртым квартале ва Украіне. У выпадку заканчэння канфлікту мы думаем, што гэта можа зрабіць кліентаў больш адкрытымі для рэалізацыі большай колькасці праектаў і праграмаў, асабліва ва Украіне», – сказаў ён.
Колькі цяпер людзей у «EPAM Systems»
Пры гэтым топ-менеджары «EPAM» не агучылі колькасці спецыялістаў, якія цяпер працуюць у Беларусі і Украіне. Апрача таго, упершыню за апошнія некалькі гадоў яны не апублікавалі ў дадатку да гадавой справаздачы пашыранай інфармацыі пра колькасць у персаналу ў буйных еўрапейскіх офісах: у Беларусі, Украіне, Польшчы. Цяпер прадстаўленыя толькі абагульненыя лічбы ў цэлым па Еўропе, Амерыцы і Азіі, а таксама асобна ў Індыі. Летась жа статыстыка была больш падрабязнай.
Паводле звестак kartoteka.by, сярэдняя колькасць працаўнікоў «EPAM» у Беларусі па выніках 2024 года склала 4425 асобаў. Па выніках 2023 года яна была на 12,2 % большай – амаль 5000 асобаў.
А вось глабальны штат «EPAM Systems» за 2024 год вырас. Асноўны прырост адбыўся ў апошнім квартале – адразу на 15 % да 61,2 тысячы спецыялістаў. Гэта рэкорд за апошнія два гады. Рэзка павялічыць каманду дапамагло набыццё кампаніяў «Neoris» і «First Derivative», што дазволіла «EPAM» выйсці на новыя рынкі ў Лацінскай Амерыцы і некаторых краінах Еўропы. Паводле Аркадзя Добкіна, за кошт угодаў глабальны штат вырас на 6000 спецыялістаў.
Даходы кампаніі летась і сёлета
Таксама было заяўлена, што за 2024 год «EPAM» атрымаў 4,72 млрд долараў выручкі – на 0,8 % больш, чым у 2023 годзе. Паводле Добкіна, у дачыненні 2025 года кампанія захоўвае асцярожны аптымізм. З аднаго боку, попыт на паслугі ў рэгіёнах стабілізуецца, з другога – кампанія вымушаная ўлічваць макраэканамічныя рызыкі і геапалітычную няпэўнасць.
З улікам асноўных фактараў уплыву «EPAM» чакае сёлета росту выручкі мінімум на 10-14 %. Калі гэтыя прагнозы апраўдаюцца, то выніковая выручка за год перавысіць 5 млрд долараў.
Кампанія чакае росту даходаў на ключавых рынках, у Лацінскай Амерыцы і Індыі, а таксама бачыць перспектывы росту ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ва Украіне.
У 2020 годзе колькасць працаўнікоў у беларускім IT дасягнула піку: на 1 студзеня 2021 года ў сектары працавалі 102 715 чалавек (з іх больш за 80 тысячаў – у ПВТ). На 1 студзеня 2024 года ў сектары засталося 78 273 асобы. «EPAM» за гэты час страціў у Беларусі 6157 працаўнікоў.
Якуб Хруст belsat.eu