«Кіберпартызаны» здабылі афіцыйную статыстыку пра страты беларускага IT-сектару. А літоўская статыстыка сведчыць, што беларускіх айцішнікаў цяпер губляе і Літва.
Беларускія хакеры-актывісты «Кіберпартызаны» апублікавалі засакрэчаную статыстыку пра страты спецыялістаў на беларускім рынку высокіх тэхналогіяў. Згодна з здабытымі дакументамі, цягам 2021–2024 гадоў кампаніі Парку высокіх тэхналогіяў страцілі 18 500 спецыялістаў, а 15 тысяч спецыялістаў наагул пакінулі беларускі IT-рынак.
У 2020 годзе колькасць працаўнікоў у беларускім IT дасягнула піку: на 1 студзеня 2021 года ў сектары працавалі 102 715 чалавек (з іх звыш 80 тысячаў – у ПВТ). На 1 студзеня 2024 года ў сектары засталося 78 273 чалавекі. «EPAM» страціў за гэты час 6157 працаўнікоў у Беларусі, «Game Stream» – 1673, «iiTechArt» – 1493…
Буйныя IT-кампаніі, паводле «Кіберпартызанаў», у Беларусі «пад асобым улікам». Дзяржаўныя органы вядуць сярод іншага спісы IT-спецыялістаў, якія пакінулі краіну, сцвярджаюць хакеры.
Нямала беларускіх айцішнікаў пераехала ў Літву, але цяпер яны з’язджаюць і адтуль. Партал «Dev.by» звярнуў увагу на літоўскі рэестр юрыдычных асобаў: у пачатку 2024 года ў кампаніях з беларускімі каранямі ў Літве працавалі амаль 3,9 тысячы чалавек, цяпер жа – толькі 3,4 тысячы.
Некаторыя кампаніі з беларускімі каранямі ў Літве за гэты час павялічылі свае штаты. Але літоўскі «EPAM Sistemos» за год страціў 179 працаўнікоў, «Wargaming Vilnius» – 79…
«Dev.by» мяркуе, што адна з магчымых прычынаў – аптымізацыя выдаткаў кампаніяў ва ўмовах нестабільнага попыту і дэфіцыту праектаў. Кампаніі могуць звальняць працаўнікоў або проста пераводзіць у іншыя лакацыі, самі айцішнікі могуць пакідаць Літву ў пошуках працы і жытла ў іншай краіне.
Але асноўнаю прычынаю можа быць ануляванне Літвою дазволаў на жыхарства для беларусаў праз «пагрозу нацыянальнай бяспецы». Пра гэта сярод іншых казаў кіраўнік літоўскай «Sam Solutions» Рамунас Адамоніс у інтэрв’ю літоўскаму «Delfi»: спецыялісты баяцца раптоўнага анулявання дазволу на жыхарства. У ягонай кампаніі быў прэцэдэнт, калі дазвол на жыхарства страціла працаўніца ў дэкрэтным адпачынку – яна і ейны муж, таксама працаўнік кампаніі, былі вымушаныя вярнуцца ў Беларусь.
У Літве на пачатак 2025 года жыў 57 511 грамадзянін Беларусі з дазволам на жыхарства, з іх 53,5 тысячы – з часовым ДНЖ. За мінулы год колькасць грамадзянаў Беларусі скарацілася на 7,5 %, або на больш як 4,6 тысячы чалавек.
Колькі беларусаў Літва назвала «пагрозаю нацыянальнай бяспецы», невядома: паведамлялі толькі, што з лістапада 2022 года да лістапада 2023-га такіх было 1644. Прыкметаю пагрозы могуць прызнаць службу ў беларускім войску, працу на БелАЭС ці працу ў кол-цэнтры банку. На момант публікацыі невядома пра справы супраць беларусаў у Літве за шпіянаж на карысць Беларусі, але вядома, што ў Беларусі вярбуюць літоўцаў – прынамсі аднаго літоўца ўжо асудзілі за шпіянаж на карысць рэжыму Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu