навіны

Санкцыйны ўдар па «Інтэграле» і абмежаванне доступу да крыптабіржаў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
podpis źródła zdjęcia

24 лютага 2025 года Еўразвяз увёў 16-ы пакет санкцыяў супраць Беларусі і Расеі. Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як яны закранулі нашу краіну. Пад удар трапіла фінансавая дзейнасць грамадзянаў Беларусі, а таксама буйны вытворца паўправаднікоў і мікрасхемаў – ААТ «Інтэграл».

Акцыя салідарнасці з Украінаю з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай вайны. Токіа, Японія. 24 лютага 2025 года. Фота: David Mareuil/Anadolu via Getty Images

«Самыя маштабныя санкцыі». ЕЗ ухваліў 16-ы пакет абмежаванняў супраць Расеі

навіны

Паводле тэксту санкцыяў, беларусам, якія не маюць дазволу на жыхарства ў Еўропе, забаронена карыстацца еўрапейскімі крыптабіржамі, адкрываць новыя крыптагаманцы і захоўваць на іх актывы. Таксама ім нельга займаць кіраўнічыя пасады і валодаць кампаніямі, што выконваюць крыптапаслугі.

Акрамя таго, новыя абмежаванні ўключаюць забарону на пастаўкі ў Беларусь праграмнага забеспячэння, звязанага з выведваннем нафты і газу. Як адзначаецца ў афіцыйным тлумачэнні, гэта зроблена для мінімізацыі рызыкі абыходу санкцыяў праз беларускую тэрыторыю. Пад забарону трапіла і праграмнае забеспячэнне, што выкарыстоўваецца для кіравання вытворчасцю і прамысловага праектавання.

Адзін з ключавых аб'ектаў, якія трапілі пад новыя санкцыі, – ААТ «Інтэграл», найбуйнейшы беларускі вытворца паўправаднікоў і мікрасхемаў. У дакуменце адзначаецца, што прадукцыя прадпрыемства закупляецца расейскімі кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Украіны, у тым ліку «Раскосмасам», Ульянаўскім канструктарскім бюро і «Радар ММС», і была знойдзеная на полі бою. Гэтыя пастаўкі маюць значны маштаб і складаюць пераважную частку экспарту заводу.

Паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтру, з сакавіка 2022 да чэрвеня 2024 года «Інтэграл» паставіў у Расею больш як 6 мільёнаў мікрасхемаў на суму, большую за 130 мільёнаў долараў. У тлумачэнні санкцыяў падкрэсліваецца, што паўправадніковая прадукцыя ёсць крытычна важнаю для расейскага вайскова-прамысловага комплексу і для падтрымання заводу Масква ўжо інвеставала 350 мільёнаў долараў. Таксама адзначаецца, што «Інтэграл» супрацоўнічае з Ульянаўскім канструктарскім бюро і «Радар ММС», што, паводле ЕЗ, сведчыць пра яго беспасярэднюю сувязь з расейскаю абароннаю сферай.

Увядзенне 16-га пакету санкцыяў стала чарговым крокам Еўразвязу ў адказ на дзеянні, што пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. Новыя абмежаванні накіраваныя не толькі на фінансавую і тэхналагічную сферу, але і на беларускія прадпрыемствы, што аказваюць падтрыманне расейскага рэжыму ў вядзенні вайны.

Нагадаем, што ЕЗ, акрамя таго, ухваліў «новы крытэр» для санкцыяў супраць фізічных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. Што гэта за крытэр, пакуль не вядома.

Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас назвала абмежаванні «самымі маштабнымі за ўсю гісторыю».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10