навіны

У Беларусі падаражэлі крэдыты. І рост ставак працягнецца

img
Офіс «БНБ-Банку» ў Менску, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Нацбанк паведаміў пра рост ставак новых крэдытаў для фізічных і юрыдычных асобаў у студзені, а сёння пастанавіў павялічыць разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, і гэта азначае, што пазыкі працягнуць даражэць.

У студзені новыя крэдыты (за выняткам ільготных) выдавалі беларусам у сярэднім пад 10,51 %, год таму – пад 9,85 %. Для кампаніяў пазыкі падаражэлі больш істотна: з 9,72 % у леташнім студзені да 12,01 % – у сёлетнім. Пры гэтым стаўкі крэдытаў для юрыдычных асобаў растуць ужо 8 месяцаў запар, сведчаць звесткі Нацбанку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ЦУМ у Менску, Беларусь. 296 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom/Getty Images

Аптымістычна і рызыкоўна: Нацбанк хоча і цэны стрымліваць, і грошы раздаваць

Аналітыка

Галоўны паказнік, ад якога залежыць цана крэдытаў і прыбытковасць дэпазітаў, – стаўка рэфінансавання. Яна не мяняецца з чэрвеня 2023 года і цяпер складае 9,5 %. Пры гэтым Нацбанк мае іншыя рычагі, каб паўплываць на крэдытныя і дэпазітныя стаўкі, адзін з іх – гэтак званыя разліковыя велічыні стандартнай рызыкі. Гэты паказнік не змяняўся 7 месяцаў запар, аднак сёння рэгулятар паведаміў, што з сакавіка будзе павышэнне: у новых крэдытах з 17,71 % да 18,18 %, для юрыдычных асобаў – з 12,50 % да 12,87 %. Ідзецца пра пазыкі без уліку льготных у беларускіх рублях.


Такім чынам, студзеньскі рост крэдытных ставак, што павялічыліся без змены стаўкі рэфінансавання і велічыні стандартнай рызыкі, – толькі пачатак.


Пакуль жа пазыкі падаражэлі неістотна, канстатавала ў каментары «Белсату» эканамістка Даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна:


«Мы бачым, што агульны такі фон, што сапраўды ідзе пэўнае павелічэнне ставак у банкаўскай сістэме. Аднак яно такое... У фізічных асобаў за год – у межах аднаго з капейкамі адсотка. Мы не можам казаць пра нейкі актыўны рост ставак».


Паводле эксперткі, банкі рэагуюць на дзеянні рэгулятара, а той летась паволі павышаў «некаторыя стаўкі сваіх інструментаў»:


«Банкі пераглядаюць спажывецкае крэдытаванне ў частцы кароткатэрміновых крэдытаў, трохі пераглядаюць крэдыты на нерухомасць. Аднак нейкага жорсткага ўздзеяння з боку Нацбанку няма».


Пры гэтым на наш банкаўскі рынак ціснуць высокія стаўкі ў Расеі, дзе Цэнтрабанк змагаецца з хуткім ростам цэнаў. Там цяпер крэдыты істотна даражэйшыя і прыбытковасць укладаў не параўнальная з беларускімі. Цяпер цалкам выгадная схема ўзяць крэдыт у Беларусі і пакласці ў расейскі банк:

,,

«У пэўнай ступені можа ўплываць высокі ўзровень ставак у Расеі. Там яны нашмат вышэйшыя. На кароткі час укласціся ў расейскі банк, пакласці на дэпазіт – атрымаеш прыбытак нават з улікам інфляцыі».


Раней Нацбанк прызнаваў, што тэмпы, з якімі беларусы летась хапалі крэдыты, «могуць стварыць пагрозу для фінансавай і цэнавай стабільнасці», аднак запэўніваў: цяпер усё ў парадку, «рызыкі трымаюцца на прымальным узроўні».


Рэгулятар чакае, што крэдыты і сёлета застануцца даступнымі, але пры гэтым спадзяецца, што беларусы ўсё ж набяруць менш пазыкаў, чымся летась.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10