Галоўны дарадца абранай прэзідэнткі Франак Вячорка расказаў «Белсату», што Офіс загадзя запрасілі сустракаць палітвязняў. «Мы вельмі ўдзячныя ЗША за гэтую супрацу і каардынацыю, за такі вынік супольных намаганняў», – адзначыў палітык.
Напярэдадні ўлады Беларусі вызвалілі грамадзяніна ЗША, асоба якога не раскрываецца, і двух палітвязняў: журналіста Андрэя Кузнечыка і актывістку Алену Маўшук. З Беларусі ў Літву іх вывез намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыс Сміт.
Галоўны дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў размове з «Белсатам» адзначыў, што Офіс даўно камунікуе і каардынуецца з амерыканскімі дыпламатамі ў пытанні вызвалення палітвязняў. Паводле палітыка, Вашынгтон рэгулярна тузае Менск наконт гэтай праблемы, аднак «нейкі плён гэта пачало даваць у апошнія тыдні, і вызваленні, што адбыліся ўчора, гэта вынік тых намаганняў, якія зрабілі амерыканскія дыпламаты»:
,,«Ясна, што для ЗША найперш важнае вызваленне амерыканскіх грамадзянаў, для нас найважнейшае – вызваленне беларусаў. Учорашняе вызваленне вельмі добрае тым, што вызвалілі і амерыканскага грамадзяніна, і ўдалося вызваліць дваіх беларускіх грамадзянаў. Гэта вялікае дасягненне».
У Офісе загадзя ведалі пра вызваленні, што планаваліся 12 лютага:
«Мы чакалі, што будзе гэтае вызваленне. Нас загадзя запрасілі сустракаць у амбасаду. Сміт паехаў забіраць вязняў, іх прывезлі ў Вільню, у амбасадзе ЗША мы іх разам сустракалі. Нас папрасілі паклапаціцца пра Маўшук, а амерыканцы ўзялі на сябе амерыканскага грамадзяніна і Кузнечыка».
Вячорка ўпэўнены, што выцягнуць людзей удалося дзякуючы «амерыканскай прынцыповасці»:
«Несумненную ролю сыграла новая адміністрацыя, прэзідэнт Доналд Трамп і дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў, таму што яны ўмову вызвалення найперш амерыканскіх грамадзянаў ставілі вельмі жорстка да ўсіх – і да Пуціна, і да Лукашэнкі. Гэта дало плён дзякуючы амерыканскай прынцыповасці».
Як зазначыў дарадца Ціханоўскай, цяпер важна працягнуць намаганні, каб палітвязні працягвалі выходзіць на волю:
«Мы працягнем сустрэчы, чыталі заяву дзяржсакратара Руб'ёў, які заклікаў да вызвалення ўсіх палітвязняў, гэта значыць, што працяг абавязкова будзе. Галоўнае не спыняцца, настойваць, працягваць патрабаваць, каб вызваліць усіх. Мы працуем у розных трэках, і пра бальшыню нельга расказваць. Гэта і ўрады, і міжнародныя арганізацыі, і пасярэднікі, шукаем тых, хто можа дагрукацца, знайсці падыходы. На жаль, усё ўпіраецца ў глухую сцяну рэжыму, які не хоча вызваляць, лічыць палітвязняў тэрарыстамі і экстрэмістамі, увогуле не прызнае іх палітвязнямі. На жаль, шмат чаго не атрымліваецца».
Франак Вячорка падкрэсліў, што «такія справы любяць цішыню» і немагчыма загадзя ведаць, каго і калі вызваляць наступным:
«Думаю, амерыканцы хацелі б больш людзей выцягнуць, Ігара Лосіка не аказалася ў спісе. З гэтым трэба працаваць і галоўнае, каб працэс працягваўся».
Цяпер у Офісе плануюць больш актыўна падштурхоўваць Арганізацыю Аб'яднаных Нацыяў у справе вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў, паведаміў суразмоўца «Белсату»:
,,«Мы хочам таксама зрабіць упор на ААН, таму што маштаб тэрору патрабуе ўмяшання ААН – і камісара ў правах чалавека, і генеральнага сакратара ААН. Яны маглі б сыграць большую ролю. На жаль, у свеце шмат праблемаў. І тут нашая праца ў тым, каб Беларусь паставіць у прыярытэт. Мюнхенская канферэнцыя, што пачынаецца заўтра, стане такой магчымасцю».
Амерыканскі бок запэўнівае, што Менск нічога не атрымаў за вызваленне траіх асобаў. Вячорка не схільны называць гэты крок лукашэнкаўскіх уладаў вялікай саступкаю:
«Вялікія саступкі – гэта калі б вызвалілі Калеснікаву, Ціханоўскага, Лосіка і яшчэ, скажам, 500 палітвязняў. Гэта такі жэст, магчыма, як гуманітарнае вызваленне, але гэта не змена палітыкі. З гэтага выснова адна, што трэба працягваць працу, працягваць настойваць на вызваленні іншых. Трэба памятаць, што беларускія палітвязні найперш цікавыя беларусам. І ўжо нашая задача, беларусаў, – пераканаць іншыя дзяржавы, міжнародную супольнасць імі займацца».
Сцяпан Кубік belsat.eu