Падобна, што абмен паміж Расеяй і Захадам адбыўся, і на волю вышлі некаторыя расейскія палітвязні. У гэтай «аперацыі», імаверна, была задзейнічаная і Беларусь, дзе ў закладніках трымалі нямецкага грамадзяніна, але пра вызваленне нашых палітвязняў гаворкі не ідзе.
Расейскае выданне «The Insider» сцвярджае, што даведалася поўны пералік тых, каго вызвалілі для абмену: асуджаны і памілаваны ў Беларусі Рыка Крыгер, карэспандэнт «The Wall Street Journal» Эван Гершкавіч, былы амерыканскі марскі пехацінец Пол Ўілан, палітыкі Уладзімір Кара-Мурза і Ілья Яшын, праваабаронца Алег Арлоў, грамадзянін Нямеччыны і Расеі Кевін Лік, журналістка Алсу Курмашава, мастачка Аляксандра Скачыленка, актывісты і актывісткі Лілія Чанышава, Ксенія Фадзеева, Андрэй Півавараў, Вадзім Астанін, Герман Мойжэс, палітолаг Дэмуры Варонін, нямецкі грамадзянін Патрык Шобэль, якога арыштавалі ў аэрапорце Пецярбургу з мармеладам з марыхуанаю.
Паводле гэтых звестак, Расея атрымала агента Вадзіма Красікава, якому далі ў Нямеччыне пажыццёвы тэрмін за забойства ў цэнтры Берліна былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі, Арцёма і Ганну Дульцавых, якія жылі ў Славеніі з пашпартамі Аргентыны і былі асуджаныя за шпіянаж, арыштаванага ў Польшчы агента ГРУ Паўла Рубцова, хакера Рамана Селязнёва, якога ў ЗША асудзілі на 27 гадоў за махлярства і крадзеж персанальных дадзеных, бізнесоўцу Уладзіслава Клюшына, асуджанага ў ЗША на 9 гадоў за гандаль інсайдарскай інфармацыяй, агента ГРУ Міхаіла Мікушына, затрыманага ў Нарвегіі, афіцэра ФСБ Вадзіма Канашчонка, абвінавачанага ў кантрабандзе ў Расею высокатэхналагічнага абсталявання з ЗША ў Расею праз краіны Еўразвязу.
Напярэдадні старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў сваім Telegram-канале напісаў:
«Без вызвалення беларускіх палітвязняў, прынамсі з гуманітарнага спісу, вызвалення Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай і многіх іншых, такі абмен не можа лічыцца справядлівым у дачыненні беларускага грамадства. Бальшыня якога – за дэмакратыю, супраць дыктатуры і супраць вайны. Адпаведны зварот мы накіравалі на адрас нямецкіх палітыкаў».
Офіс абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай выказаўся з нагоды цяперашняга абмену:
«Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах і маем абмежаваную інфармацыю. На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен можа ці мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквою, і Менск у іх не ўдзельнічаў.
Безумоўна, мы вітаем факт вызвалення палітвязняў з расейскіх турмаў. Сам факт такога абмену вязнямі, калі закончыцца паспяхова, можа быць важным прэцэдэнтам, які дапаможа і ў вызваленні беларусаў. Натуральна, абмен дзеля вызвалення падразумявае, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расейскай».
У Офісе таксама запэўнілі, што «карыстаюцца кожнай магчымасцю, кожным інструментам, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў». «Мы ставім гэтае пытанне рэгулярна перад заходнімі партнёрамі. У нас адбываюцца кансультацыі ў самых розных фарматах, натуральна, непублічна. І мы ведаем, што робяцца самыя розныя намаганні па вызваленні беларусаў. На жаль, праблема не з боку заходніх партнёраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленні людзей і адкрыта гэта дэманструе», – адзначаецца ў каментары. Пытанні адносна таго, ці лабіявалі неяк беларускія дэмакратычныя сілы вызваленне нашых палітвязняў падчас цяперашняга абмену, чаму Захад дамагаецца вызвалення палітвязняў у Расеі, але не ў Беларусі, мы таксама задавалі Паўлу Латушку і прадстаўніку ў міжнародных справах Пераходнага кабінету Уладзіміру Астапенку, але яны не сталі каментаваць гэта «Белсату». Сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч у размове з «Белсатам» адзначыла, што цяперашні момант быў добры для таго, каб паспрабаваць выцягнуць вязняў з беларускіх турмаў:
,,«У гэтай сітуацыі шанец выявіўся ў той момант, калі стала вядома пра затрыманне нямецкага грамадзяніна ў Беларусі. У нас былі шанцы, каб беларусы трапілі ў гэтую ўгоду, улічваючы працу, якая вялася апошнія гады, што мэсідж беларускіх дэмакратычных сілаў чулі нашыя заходнія партнёры, у тым ліку Нямеччына і ЗША».
Хоміч канстатавала, што ва ўсіх паведамленнях медыяў, прысвечаных абмену, фігуравалі толькі расейскія палітвязні, але не беларускія:
«Таму, мне падаецца, гэта пытанне да ўсіх нас, не толькі лідараў дэмакратычнага руху, гэта пытанне да ўсіх беларусаў, ці робім мы дастаткова, у тым ліку ў Нямеччыне і іншых краінах, каб гучаў голас беларусаў, беларускіх палітвязняў».
Суразмоўніца «Белсату» упэўненая, што з уладамі ў Менску варта пачынаць гуманітарныя перамовы:
,,«Тут не можа стаяць пытання: змагацца за чалавечае жыццё ці не, асабліва ў сітуацыі, калі людзі не вытрымліваюць і паміраюць у турмах. Так, варта заклікаць менавіта да гуманітарных перамоваў, і пра гэта мы кажам апошнім часам. Патрэбна ўзмацняць гэтую працу, сапраўды зрабіць гэтае пытанне прыярытэтным у дэмакратычных сілах».
Пры гэтым прадстаўнік абʼяднання беларускіх палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша заявіў «Белсату», што без моцных санкцыяў дамагчыся вызвалення закладнікаў не ўдасца:
«Пакуль нашыя дэмакратычныя сілы будуць стаяць на шляху перамоваў, сітуацыя будзе толькі пагаршацца. Пакуль мы не прымем санкцыі, што будуць тычыцца непасрэдна палітвязняў, нам не трэба чакаць, што штосьці будзе з нашымі палітвязнямі. Шкада, але гэта так. Гэта не азначае, што не трэба спрабаваць абмен, выкуп палітвязняў, іншых захадаў, але галоўны кірунак – санкцыі».
Дыпламат, былы прадстаўнік Пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі ў размове з «Белсатам» не пагадзіўся з высноваю, што для Захаду расейскія палітвязні больш важныя за беларускіх:
,,«Фігуры, у якіх зацікаўлены амерыканскі бок, маюць быць прынятыя расейскім бокам. І тут расейскі бок таксама можа сказаць: вы патрабуеце вызвалення палітвязняў у Беларусі, але ці ёсць у нас магчымасць выцягваць іх адтуль? Яны могуць заўсёды сказаць, што гэта суверэнная дзяржава, і Аляксандр Лукашэнка прымае свае пастановы».
Кавалеўскі звярнуў увагу, што любыя перамовы аб абмене – надзвычай цяжкая і хісткая справа. «Проста патрабаваць і чакаць, што патрабаванне будзе выкананае, – нерэалістычна, бо з таго боку могуць сказаць: значыць, угоды не будзе», – падкрэсліў былы дыпламат. «Гэта не тое, што амерыканцы перадаюць свой спіс, і расейцы кажуць: ну, як вы скажаце, так і будзе. Гэта складаны працэс узгаднення, ацэньваецца важкасць гэтых фігур, якія абменьваюцца, хто важнейшы: афіцэр КДБ ці нобэлеўскі лаўрэат. Таму несправядліва думаць, што для амерыканцаў беларускія палітвязні менш цікавыя і важныя, чым расейскія, але памятаем пра тое, што абмен усё-ткі расейска-амерыканскі найперш. Ва ўмовах, калі ацэньваецца кожнае імя і кожная літара ў імені, разлічваць на тое, што хтосьці будзе думаць пра магчымасць вызвалення яшчэ і беларускіх палітвязняў – прышпіліць туды, – я б сказаў, гэта не вельмі рэалістычна», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».
Сцяпан Кубік, «Белсат»