Рахункі за камуналку ў лютым пацяжэюць прынамсі на Br 17. Яшчэ на Br 4 – улетку, калі вырастуць тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Агулам гэта 21 рубель. Таксама даражэе электраэнергія і газ, хоць атамная станцыя мелася даваць таннейшую энергію. Якія змены тарыфаў найбольш удараць па нашых гаманцах?
На 12 %, ці інакш – на дазволеную дзяржавай палову базавай велічыні, вырасла «камуналка». Гэта Br 21, калі разлічваць на прыкладзе тыпавой двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі, што нарматыўна спажываюць паслугі. Чаму тарыфы растуць на 12 %, калі прагнозная інфляцыя на гэты год – толькі 5 %, каментуе былая дэпутатка Менгарсавету Вольга Цесакова:
«Грошай у бюджэце не хапае на пакрыццё «сацыяльных гарантыяў». Гэта тэндэнцыя апошніх гадоў – улады імкнуцца да 100 % аплаты насельніцтвам камунальных і транспартавых паслуг».
Гэтак выглядае крывая росту камунальных паслуг: у 2022 годзе – рост толькі на 11 рублёў, летась і сёлета – на 20–21 рубель.
Выдаткаў будзе больш і за паслугі паводле лічыльнікаў. На 11,9 % урад павысіў кошты на электраэнергію для насельніцтва. Насуперак абяцанням Лукашэнкі, што электрычнасць патаннее дзякуючы нашым уласным атамным кілават-гадзінам.
,,«Насамрэч атамная станцыя будавалася не дзеля гэтага. Яна будавалася, каб прадукаваць электрычнасць, прадаваць яе суседзям і багацець. Пабудавалі АЭС, з суседзямі пасварыліся, падаваць электрычнасць няма куды... А грошы – мільярды долараў выдаткаў, іх жа трэба кампенсаваць», – кажа Андрэй Махоўскі, вядоўца праграмы «Оптимум» на YT-канале «Белорусы и рынок».
У тым ліку за кошт унутранага спажыўца. Гэта $ 10 млрд, рэфінансаваць якія Расея не збіраецца. Пастанову пра рост тарыфаў на электрычнасць для насельніцтва прынялі адразу пасля канчатковага адключэння краінаў Балтыі ад энергетычнай сістэмы Беларусі і Расеі.
«Мы падлучаем краіны Балтыі да нашай кантынентальнай еўрапейскай электрасеткі. Лініі электраперадачы з Расеяй і Беларуссю дэмантуюцца», – канстатавала Урзуля фон дэр Ляен, прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі.
Паднялі тарыфы і на звадкаваны газ для насельніцтва – на 5 %, што супадае з інфляцыйным прагнозам. Здаецца, справядліва. Але пытанне ў тым, як гэтыя тарыфы налічваюцца:
Андрэй Махоўскі летась рабіў разлікі. Тады, як і цяпер, расейскае блакітнае паліва набывалі па $ 128 / тыс. м³. Айчынным прадпрыемствам рэжым прадаваў газ і цеплаэнергію ўжо з разліку $ 207 / тыс. м³ (+ $ 79). А так званым дармаедам дзяржава налічвае тарыфы з разліку $ 307 тыс. м³ (+ $ 179). Эксперт кажа:
,,«Гэта тое, што яны называюць эканамічна абгрунтаваным тарыфам, але як гэты тарыф абгрунтаваны? Як са 128 долараў атрымалася 300 долараў – вельмі цікавае пытанне. Як разлічвалася – мы спраўдзіць не можам. Тут дзяржава вельмі выразна карыстаецца сваім абсалютна манапольным становішчам і тым, што нікому ні ў чым «не абавязаная» справаздачыцца».
Цэны на энергарэсурсы і камунальныя паслугі растуць незалежна ад вонкавых фактараў. Напрыклад, праз цёплую зіму ў Літве на 15 % знізілі аплату на ацяпленне. Эксперты Махоўскі і Цесакова не бачылі такой практыкі ў Беларусі.
Юлія Цяльпук belsat.eu