Украінская грамадская арганізацыя «ДрукАрмія» падала субсідыярны пазоў супраць Расеі і Уладзіміра Пуціна і Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць Ірану і Паўночнай Карэі, піша радыё «Свабода».
Пазоў утрымлівае патрабаванне кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай грамадзянам Украіны ў выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі.
Аўтар пазову просіць адзін з раённых судоў Украіны далучыць у якасці трэціх асобаў Кабінет Міністраў Украіны, урады ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю, ААН, Еўрапейскую камісію, а таксама амерыканскую тэхналагічную кампанію «Alphabet Inc.» і ICANN – Карпарацыю кіравання даменнымі імёнамі.
Арганізацыя мяркуе, што Расея, Беларусь, Іран і Паўночная Карэя павінныя выплаціць украінцам 1,9 дэцыльярда грыўняў (лічба ў 37 знакаў). Аўтар пазову не падаў разлікаў, на падставе якіх быў вызначаны такі памер кампенсацыі.
На дадзеным этапе суд пакінуў пазоў без руху: прапанаваў выправіць памылкі і даплаціць судовы збор, што ў выпадку патрабавання кампенсацыі залежыць ад памеру вызначанай прэтэнзіі і складае 1,5 % ад агульнай сумы пазову або не менш за адзін памер пражыткавага мінімуму і не больш за 350 памераў пражыткавага мінімуму для працаздольных.
Грамадская арганізацыя «ДрукАрмія» заснаваная на падставе аднайменнай грамадзянскай ініцыятывы, удзельнікі якой ствараюць альбо друкуюць пры дапамозе 3D-прынтару ўсё патрэбнае для дронаў і іншага ўзбраення ўкраінскага войска. «ДрукАрмію» ачоліў вядомы ўкраінскі юрыст Анатоль Тарасенка. Ён валодае адвакацкай кампаніяй, але ягоная ліцэнзія на адвакацкую дзейнасць спыненая. Тарасенка – жорсткі прыхільнік перадачы Украіне ўсіх расейскіх актываў, што замарозілі ў ЗША і Еўропе.
Падачу субсідыярнага пазову Тарасенка анансаваў яшчэ ў лістападзе 2024 года. Ён хацеў дамагчыся кампенсацыі ўкраінскім грамадзянам маральнай шкоды з боку Расеі і «кожнай краіны, што атрымала ад Расеі хаця б адзін рубель». Пазоў меў грунтавацца на палажэннях Будапэшцкага мемарандуму, чым і тлумачыцца запрашэнне прадстаўнікоў урадаў ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі ў якасці трэціх асобаў на судовым працэсе.
Пазоў Тарасенкі – першы з боку Украіны, у якім фігуруе Беларусь. Раней, ад моманту пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, ніводнае прадпрыемства ці грамадзянін Украіны не патрабаваў у судзе кампенсацыі маральнай шкоды ад Беларусі ці іншых краінаў, акрамя Расеі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu