У Беларусі дырэктар прадпрыемства звольніў рэпрэсаванага супрацоўніка пасля таго, як яго самога арыштавалі. Да гэтага ён не звальняў «палітычных». Пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе.
Пасля свайго затрымання дырэктар рэчыцкага завода звольніў супрацоўніка, якога пераследвалі па палітычных матывах, паведамляе «Вясна».
10 студзеня ў Рэчыцы Івана Дзенісенку, які працаваў начальнікам аддзелу забеспячэння Рэчыцкага метызнага завода, пакаралі 5 соднямі арышту за «распаўсюд экстрэмізму».
15 студзеня паводле тых самых падставаў асудзілі Андрэя Старушэнку, які займаў пасаду галоўнага энергетыка прадпрыемства.
Паводле крыніц праваабаронцаў, дырэктар прадпрыемства не звальняў рэпрэсаваных супрацоўнікаў, тлумачачы гэта тым, што яны добра працуюць і іх няма кім замяніць.
,,«28 студзеня дырэктара прадпрыемства Віктара Самончыка вывелі з працоўнага месца ў кайданках. На заводзе казалі, што затрыманне звязанае з адмовай Самончыка звальняць супрацоўнікаў паводле палітычыных матываў. На наступны дзень дырэктар вярнуўся да працы», – піша «Вясна».
Пасля гэтага Дзенісенку звольнілі.
На наступным тыдні ў Менску будуць судзіць сям'ю з трох чалавек за ўдзел у пратэстах, піша «Вясна».
Мікалая, Алену і Мікіту Ляпешкаў абвінавачваюць па артыкуле 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Акавітая.
«BELPOL» пацвердзіў праваабаронцам, што на лаве падсудных будзе цэлая сям'я: 47-гадовы бацька Мікалай, 46-гадовая маці Алена і іх 24-гадовы сын Мікіта.
У Гродне завялі спецвытворчасць на саўладальніка будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства, Станіслава Буйніцкага, паведамляе «Вясна».
Следчы камітэт 31 студзеня распачаў спецвытворчасць у дачыненні Буйніцкага, які жыве ў Беластоку. Яго абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры»).
У 1990-я Буйніцкі быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Эміграваў у Польшчу з палітычных прычын і атрымаў польскае грамадзянства.
Арсен Рудэнка belsat.eu