На люты ў Менску запланаваныя некалькі адміністратыўных працэсаў за «парушэнні на выбарах», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
3 лютага ў судзе Першамайскага раёну Менску плануецца разгляд справы супраць Багдана Літванава – яго будуць судзіць паводле арт. 10.9 КаАП РБ («Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў»). Суддзя – Аляксандр Сяргей.
Літванаву можа пагражаць штраф да 15 базавых велічыняў (630 рублёў).
Таксама 3 лютага і паводле гэтага ж артыкулу ў Навабеліцкім раёне Гомля будуць судзіць Андрэя Цімашэнку. Суддзя – Генадзь Калацэй.
4 лютага справу «за парушэнне на выбарах» будзе разглядаць суд Ленінскага раёну Менску ў дачыненні Максіма Біткова. Суддзя – Марына Клімчук.
Агулам праваабаронцам вядома пра шэсць такіх судоў, якія маюць адбыцца ў найбліжэйшы час.
ЦВК Беларусі паведамляў, што падчас выбараў былі зафіксаваныя адміністратыўныя правапарушэнні – фатаграфаванне запоўненых бюлетэняў, а таксама спробы вынесці іх з участку.
Выбары прэзідэнта ў Беларусі адбыліся 26 студзеня. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясціла папярэднія афіцыйныя вынікі – за Лукашэнку нібыта прагаласавалі 86,82 % тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Канчатковыя афіцыйныя вынікі плануюць назваць 3 лютага.
Шэраг заходніх краінаў не прызналі выбары ў Беларусі легітымнымі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu