Аналітыка

«Ядравы парасон» Расеі, культ асобы Лукашэнкі, чаканне «адлігі»: перадвыбарныя трэнды ў Беларусі

Беларускія вайскоўцы назіраюць за вучэннямі «Захад-2017», сумеснае стратэгічнае вучэнне Збройных сілаў РФ і РБ, на палігоне пад Асіповічамі, Беларусь
Здымак мае ілюстратыўны характар. Беларускія вайскоўцы назіраюць за вучэннямі «Захад-2017», сумеснае стратэгічнае вучэнне Збройных сілаў РФ і РБ, на палігоне пад Асіповічамі, Беларусь. 18 верасня 2017 года. Фота: Brendan Hoffman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Беларускія эксперты ў партнёрстве з Фондам імя Фрыдрыха Эберта прадставілі справаздачу з цыклу «Беларускі трэкер пераменаў» – «Аналіз перадвыбарных трэндаў». Аўтары дакладу аналізуюць падзеі ў беларускай палітыцы, эканоміцы і грамадстве, на фоне якіх праходзіла электаральная кампанія. Часавыя рамкі даследавання: чэрвень – снежань 2024 года. Распавядаем пра яго галоўныя тэзісы.

Вонкавая палітыка: уцягванне ў ваенна-стратэгічныя ініцыятывы Расеі


Самы яскравы трэнд апошняга паўгоддзя – усё большае ўцягванне Беларусі ў ваенна-стратэгічныя ініцыятывы Расеі, зазначае палітолаг, суаўтар «Беларускага трэкеру пераменаў» Арцём Шрайбман.



Агулам, з чэрвеня па снежань 2024 года ў беларуска-расейскай інтэграцыі не назіралася значнага інстытуцыянальнага ці палітычнага прагрэсу. Бакі прасунуліся толькі ў шэрагу тэхнічных пытанняў, як заключэнне ў верасні пагаднення аб узаемным прызнанні электроннага подпісу ці ўхваленне ў снежні дамовы аб адзіным рынку электраэнергіі. Яшчэ было прыняцце рэзалюцыі аб адмене мабільнага роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве з сакавіка 2025 года.

,,

 «Больш заўважнае паглыбленне супрацы адбылося ў ваенна-палітычнай сферы, – кажа Шрайбман. – Менск паўдзельнічаў у ядравых вучэннях з Расеяй. У лістападзе Уладзімір Пуцін абнавіў ядравую дактрыну Расеі, распаўсюдзіўшы «ядравы парасон» на тэрыторыю Беларусі. Выдзяленне ў дакуменце Беларусі сярод іншых саюзнікаў можна інтэрпрэтаваць як сігнал, што Масква разглядае нашую краіну як прастору свайго поўнага ваеннага кантролю і апекі».


Працягам ваеннай інтэграцыі стала падпісанне 6 снежня Пуціным і Лукашэнкам дамовы аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, Пуцін анансаваў магчымае размяшчэнне ў Беларусі новага расейскага міжкантынентальнага ракетнага комплексу «Арэшнік» у 2025 годзе.


«Расея знаходзіць новыя фарматы выкарыстання тэрыторыі Беларусі для спробаў ядравага стрымлівання і шантажу Захаду», – зазначае палітолаг.


Спробы наладзіць дыялог з Захадам


Другі трэнд у вонкавай палітыцы, паводле Арцёма Шрайбмана – усё больш актыўныя запрашэнні Захаду з боку Менску да дыялогу на фоне дэградацыі адносінаў. З ліпеня па снежань Лукашэнка памілаваў восем групаў палітзняволеных – агулам 227 чалавек. Заявы ўлады аб выключна гуманітарнай матывацыі гэгага жэсту не падмацоўваюцца партрэтам памілаваных, кажа эксперт: толькі меншасць з іх былі сталымі людзьмі ці мелі цяжкія захворванні. Большасць – маладыя мужчыны з адносна кароткімі тэрмінамі пакарання.


«Гэта значыць, што пры аналізе можна ўлічваць як базавую менавіта знешнепалітычную матывацыю такіх крокаў улады», – падкрэслівае Шрайбман.


Суаўтар справаздачы таксама нагаваде, што, за выключэннем кароткага ўсплеску ў верасні, ужо не адзначаецца такой інтэнсіўнасцю, як увесну, міграцыйны крызіс на межах Беларусі і Еўразвязу, і больш за тое –беларускі МЗС запрашаў прадстаўнікоў ЕЗ на канферэнцыю па барацьбе з нелегальнай міграцыяй у Менску напрыканцы лістапада. Пазней у ведамстве пацвердзілі, што канферэнцыя была праведзеная менавіта для пабуджэння бліжэйшых краінаў ЕЗ да дыялогу, але «яны не ацанілі гэтую працягнутую да супрацы руку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нелегальныя мігранты пасля прыбыцця ў Менск, Беларусь. 15 лістапада 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нелегальныя мігранты пасля прыбыцця ў Менск, Беларусь. 15 лістапада 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images

Усе гэтыя сігналы Менску, аднак, былі беспаспяховымі. У лістападаўскай канферэнцыі ад Захаду ўдзельнічалі толькі амбасарад Вугоршчыны, прадстаўнікі амбасадаў Вялікай Брытаніі і Швейцарыі. Санкцыі Захаду тым часам узмацняліся.


«Дысананс паміж усё больш актыўнымі спробамі Менску ініцыяваць дыялог з Захадам і ізаляцыяй Беларусі, якая толькі ўзмацняецца, сведчыць аб тым, што заходнія сталіцы і далей успрымаюць сігналы Менску як прынцыпова недастатковыя і непаслядоўныя», – кажа Шрайбман.


Адначасова Менск усё актыўней спрабуе атрымаць падтрымку новых, незаходніх партнёраў. На пачатку чэрвеня Лукашэнка здзейсніў свой першы візіт у Манголію, напрыканцы ліпеня беларуская дэлегацыя пабывала ў КНДР, у канцы лістапада Лукашэнка наведаў Пакістан, у снежні – Аман і ААЭ. У ліпеня Беларусь была прынятая ў ШАС. У кастрычніку на саміце БРІКС у Казані Менск стаў адным з партнёраў аб’яднання.


У дэмсілаў – дысананс на тэме палітвязняў


У беларускіх дэмакратычных сілаў за апошнія паўгода назіраецца фокус на тых жа тэмах, што і раней – лабіраванні новых санкцыяў супраць Менску, міжнародным пераследзе функцыянераў рэжыму, недапушчэнні легалізацыі рэжыму Лукашэнкі, супрацьдзеянні дыскрымінацыйным практыкам і абмежаванню мабільнасці беларусаў. Разам з тым заўважны ўсё большы дысананс па тэме палітвязняў, зазначаюць аўтары даследавання.


У справаздачы распавядаецца, што дэмсілы працавалі над пашырэннем міжнародных кантактаў і фарматаў узаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі. У лістападзе адбыліся першыя «стратэгічныя кансультацыі» з Канадай, што стала аналагам стратэгічнага дыялогу дэмсілаў з ЗША.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстрацыя ў падтрымку беларускіх вязняў сумлення ў Варшаве, Польшча. 18 траўня 2024 года. Фота: Jaap Arriens / NurPhoto / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстрацыя ў падтрымку беларускіх вязняў сумлення ў Варшаве, Польшча. 18 траўня 2024 года. Фота: Jaap Arriens / NurPhoto / East News

Абмен вязнямі паміж заходнімі краінамі і Расеяй напрыканцы ліпеня, у рамках якога Лукашэнка вызваліў грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, а таксама былі вызваленыя расейскія, але не беларускія палітвязні, выклікаў у грамадзянскай супольнасці усплеск спрэчак наконт стратэгіі дэмсілаў у гэтым пытанні. Стымулявалі гэтыя дыскусіі і далейшыя памілаванні палітвязняў.


На штогодняй канферэнцыі дэмсілаў у Вільне экс-спікер КР Андрэй Ягораў прапанаваў Захаду прызнаць легітымнасць таго, што адбываецца ў Беларусі, і накіраваць у Менск еўрапейскіх амбасадараў узамен на вызваленне палітвязняў, нагадвае Шрайбман.


У лістападзе і снежні былыя сябры АПК Валер Кавалеўскі і Вольга Гарбунова, а таксама сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч наведалі Аўстрыю, ЗША, Нямеччыну, Францыю і Швейцарыю, прасоўваючы сваё бачанне пытання палітвязняў, альтэрнатыўнае пазіцыі Офісу і Кабінету Ціханоўскай. З падобнымі прапановамі аб неабходнасці прамых перамоваў з рэжымам Лукашэнкі падчас сустрэчаў з еўрапейскімі палітыкамі і дыпламатамі ў Варшаве і Берліне ўвосень выступіў былы палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў.


Культ асобы Лукашэнкі


Ва ўнутранай палітыцы Беларусі асноўная падзея другога паўгоддзя 2024 года – выбарчая кампанія. Яна адзначылася ўзмацненнем трэнду апошніх трох гадоў – вычышчэннем з выбарчага працэсу нават дэкаратыўных элементаў плюралізму, кажа Арцём Шрайбман.

,,

«Склад выбарчых камісіяў, як і раней, а спіс кандыдатаў упершыню не прадугледжвае ўдзелу апазіцыі і дэмсілаў. Нават альтэрнатыўныя кандыдаты, якіх дапусцілі да гэтых выбараў, падкрсэліваюць рэгулярна, што падтрымліваюць Лукашэнку. Я ні ад каго з іх не бачыў крытыкі ў адрас уладаў. Такога яшчэ не было ў беларускай гісторыі электаральных кампаніяў, каб ніводзін кандыдат у прэзідэнты не крытыкаваў дзейную ўладу нават у найбольш агульных словах», – зазначае палітолаг. 


Бюджэтныя грошы ў гэтую перадвыбарную кампанію адкрыта выкарыстоўваюцца на мерапрыемствы ў падтрымку Лукашэнкі – «Марафон адзінства», флэшмоб «Надо». Чыноўнікі ўголас прызнаваліся, што рэгіёны спаборнічалі ў тым, хто збярэ больш подпісаў за Лукашэнку.


І тут мы бачым другі трэнд ва ўнутранай палітыцы – выхад на новы ўзровень культу асобы Лукашэнкі, заўважае Шрайбман і пералічвае найбольш яскравыя прыклады гэтай з’явы.


Перад 30-й гадавінай кіравання Лукашэнкі ідэёлагі па ўсёй краіне атрымалі метадычку, у якой распавядаецца, як тлумачыць важнасць наяўнасці ў Беларусі такога моцнага лідара, як Лукашэнка. Таксама развесілі плакаты «За бацьку».


Азаронак запусціў адмысловы тэлепраект «Слова і справа», дзе Лукашэнку параўноўвалі з Хрыстом. Чыноўнікі прапаноўвалі даць Лукашэнку ордан Героя Беларусі. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты сказаў, што Бог паслаў у ліпені на поўдзень Беларусь ураган, каб Лукашэнка мог парадавацца таму, як беларускі народ змог справіцца са стыхіяй.


«Улады перасталі саромецца і пачалі лічыць, што гэта іхная задача – культываваць асобу Лукашэнкі і ягоную ледзь не богавыбранасць. Можна меркаваць, што пасля выбараў гэты трэнд працягнецца», – рэзюмуе эксперт.


Эканоміка: стагнацыя і банкруцтвы


Перад выбарамі ўрад актыўна ўмешваўся ў эканоміку, кантраляваў цэны, вырашаў лёсы прадпрыемстваў і распрацоўваў планы будучых інвестыцыяў і эканамічнага росту. У той жа час знакавыя замежныя кампаніі працягваюць сыход з Беларусі. Знайсці новых гандлёвых партнёраў не атрымліваецца ў тым ліку ў сяброўскім Кітаі. У выніку галоўнай крыніцай новых крэдытаў застаецца Расея – такія трэнды апошняга паўгоддзя ў беларускай эканоміцы пералічваюць аўтары справаздачы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выбірае сыры ля прылаўка супермаркета. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выбірае сыры ля прылаўка супермаркета. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Бурны рост у першай палове 2024 года змяніўся стагнацыяй. Рост эканомікі ў ліпені склаў 8,4%, але ўжо ў жніўні – 1% у жніўні, 1,6% – у верасні, 2,6% – у кастрычніку і зноў 1% у лістападзе. Хуткі рост у ліпені забяспечыў больш ранні пачатак уборачнай кампаніі.


Высокія тэмпы росту ў першай палове 2024 года былі дасягнутыя ва ўмовах перагрэву эканомікі, зазначаюць эксперты: мела месца спалучэнне залішне мяккай манетарнай палітыкі, высокага ўнутранага і знешняга попыту, а таксама звышнізкага беспрацоўя. Тым не менш, эканоміка пакуль утрымліваецца каля дасягнутых максімумаў і не дэманструе прыкметаў рэцэсіі.


Стагнацыя, якая назіраецца на працягу апошніх шасці месяцаў, указвае на тое, што рост быў хутчэй аднаразовым зрухам, чым доўгатэрміновым трэндам.

,,

«Рост першага паўгоддзя можна разглядаць як «запазычанне з будучыні», і перыяд стагнацыі з часам верне эканоміку да доўгатэрміновай раўнавагі. За такое «запазычанне» Беларусі, верагодна, давядзецца расплочвацца падвышаным інфляцыйным ціскам і эканамічнымі дысбалансамі», – зазначае суаўтар даследавання, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.


Структура драйвераў эканамічнага росту ў Беларусі напрацягу 2024 года перажыла істотную трансфармацыю. Калі ў 2023 годзе і пачатку 2024 года асноўнымі лакаматывамі росту выступалі прамысловасць, звязаныя з ёй аптовы гандаль і будаўніцтва, то ў другой палове года сітуацыя змянілася. На першы план выйшаў ІТ-сектар, які пачаў дэманстраваць прыкметы аднаўлення пасля працяглага перыяду спаду.


У Беларусі ў 2024 годзе анамальна хутка раслі рэальныя заробкі. Гэта было абумоўлена як агульным перагрэвам эканомікі, так і неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыяй, якая стварыла дэфіцыт працоўнай сілы на рынку працы.


Напрыканцы года пачалі праяўляцца наступствы сістэмы адміністратыўнага кантролю цэн. Агульны прыбытак прадпрыемстваў знізіўся на 12%. Прадпрыемствы апынуліся заціснутымі паміж выдаткамі, якія раслі і якія было немагчыма рэгуляваць, асабліва на аплату працы, і немагчымасцю карэктаваць уласныя адпускныя цэны.


«1 лістапада віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў публічна прызнаў негатыўныя эфекты існай сістэмы кантролю цэн і нават намякнуў на магчымасць яе поўнага скасавання ў будучыні. На канец жніўны аб банкруцтве заявілі 12 буйных кампаніяў з галіны рытэйлу і каля 300 дробных рэгіянальных рытэйлераў. 41,8% усіх банкруцтваў прыйшліся на рознічны гандаль – гэта сведчыць пра тое, што сектар апынуўся найбольш уразлівым да цэнавага рэгулявання», – зазначаюць эксперты.


Чаго чакаць пасля выбараў?


Беларускія ўлады прыкладаюць высілкі, каб у вонкавых і ўнутраных назіральнікаў склалася ўражанне, нібыта ўзровень рэпрэсіяў у краіне зніжаецца, зазначаюць аналітыкі. На гэтым фоне, нягледзячы на тое, што захоўваецца палярызацыя ў палітычнай камунікацыі, у абодвух лагерах назіраюцца спробы знізіць градус напружання ў рыторыцы.


Сацыёлагі фіксуюць рост даверу да ўладаў у грамадстве, што тлумачыцца эксплуатацыяй Лукашэнкам страху беларусаў перад вайной і перадухіління бачнага эканамічнага спаду. Лукашэнка ўспрымаецца як гарант міру. Упершыню адзначаны невялік рост тых, хто падтрымлівае ідэю ўдзелу арміі Беларусі ў вайне – імаверна, гэта адбылося за кошт часткі беларусаў, якія вераць у перамогу Расеі і разлічваюць на прэферэнцыі для Беларусі па выніках вайны. Аднак агульны беларускі антываенны кансэнсус захоўваецца – большасць насельніцтва супраць удзелу краіны ў канфлікце.

Датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі. Менск, Беларусь. 21 студзеня 2025 года. Фота: IMAGO / Viktor Tolochko / Imago Stock and People / East News
Датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі. Менск, Беларусь. 21 студзеня 2025 года. Фота: IMAGO / Viktor Tolochko / Imago Stock and People / East News

Заўзятыя прыхільнікі Лукашэнкі і беларусы, схільныя давяраць уладам, перакананыя, што ў бліжэйшы пасля выбараў год настане пэўная разрадка. Гэтыя людзі жывуць у сітуацыі нармальнасці і спакойнай унутрыпалітычнай абстаноўкі ўжо працяглы час і гатовыя да большай мяккасці рэжыму ў дачыненні да сваіх апанентаў, кажуць эксперты.


Адначасова самая песімыстычна настроеная група – заўзятыя праціўнікі рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя людзі, паводле даследчыкаў, не вераць у «адлігу», бо лічаць, што ў рэжыму няма матывацыі расціскаць ціскі.


«Для ўсіх астатніх частак грамадства «нармальнасць» настала адносна даўно. <…> На фоне гэтага трэнду мы бачым першае за ўвесь час назіранняў статыстычна значнае зніжэнне сацыяльнай дыстанцыі заўзятых прыхільнікаў у дачыненні да перакананых праціўнікаў Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што ўзровень непрыязні да супрацьлеглай групы па-ранейшаму высокі, лёгкае пацяпленне заўзятых прыхільнікаў можа быць пачаткам трэнду да больш спакойнага стаўлення да апанентаў рэжыму», – гаворыцца ў справаздачы.


Гэты рух, аднак, не ўзаемны. Заўзятыя праціўнікі захоўвацюь былы ўзровень сацыяльнай дыстанцыі адносна перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі. Аднак людзі, якія могуць прыняць рашэнне аб пачатку адлігі, наўрад ці арыентуюцца на грамадскае меркаванне, таму сумнеўна, каб гатовасць беларусаў да перамір’я стала сур’ёзным матыватарам для рэжыму, мяркуюць аналітыкі.


Датычна ўласна выбараў, рэальная яўка на іх, паводле незалежных экспертаў, чакаецца ўдвая ніжэйшая, чым у 2020 годзе, якія б лічбы не малявалі афіцыйныя праўладныя крыніцы. Большасць беларусаў скептычна ставяцца да магчымасці сумленных выбараў, мяркуюць аўтары справаздачы.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10