Адно толькі адэкватнае стаўленне ўладаў да пандэміі каронавірусу магло б уратаваць 60 тысяч жыццяў беларусаў. Ды не менш маглі б уратаваць адмова ад курэння і прыхільнасць здароваму ладу жыцця.
«Кіберпартызаны» здабылі засакрэчаную статыстыку выплатаў па цяжарнасці і родах, з якой зрабілі выснову: у Беларусі з 2020 года смяротнасць удвая перавышае нараджальнасць, паказнікі падаюць ужо чатыры гады. Такімі тэмпамі беларусы хутка трапяць у «Чырвоную кнігу».
Лекар Станіслаў Салавей, намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы, адказны за пытанні аховы здароўя, расказаў у перадачы «Zoom» на «Белсаце», што паказнікі нараджальнасці і смяротнасці цяжка фальсіфікаваць: можна напісаць несапраўдную прычыну смерці, але ва ўнутранай статыстыцы дзяржавы павінна быць запісана, колькі людзей памерла і колькі нарадзілася.
З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі, чалавецтва агулам расхацела размнажацца. Ды ёсць нямала прыкладаў больш эфектыўнага падтрымання нараджальнасці за тое, якое прапануюць у Беларусі.
Арганізацыя аб’яднаных нацыяў, адзначае Салавей, цяпер заклікае не займацца барацьбой за высокую нараджальнасць: не варта ўспрымаць жанчыну як сродак падвышэння колькасці насельніцтва. Спрыяць нараджэнню дзяцей дзяржаве варта, але ставіць гэта ў абсалют не трэба. Як заўважае Салавей, можна забараніць дзяўчатам вучыцца і гвалтоўна выдаваць іх замуж у 14 гадоў – тады нараджальнасць, канешне, падвысіцца. Але ў сучасным свеце клапаціцца заклікаюць не пра колькасць, а пра якасць жыцця людзей: змагацца са смяротнасцю, з алкагалізмам, з няякасным харчаваннем. А яшчэ з прычынамі таго, што людзі хочуць эміграваць з краіны.
,,«На самой справе, ад беларусаў залежыць адсоткаў 70, – падкрэслівае Салавей. – Ніхто іх гвалтам не прымушае спажываць алкаголь ці паліць, не займацца спортам».
Так і з нараджальнасцю: не ва ўсім вінаваты Аляксандр Лукашэнка, даводзіць Салавей. Напрыклад, у беларускім грамадстве захоўваецца хатні гвалт, стаўленне «б’е, значыць любіць» – і хатні гвалт пераехаў у эміграцыю разам з беларусамі, без Лукашэнкі. Адэкватнае стаўленне да жанчын і дзяцей магло б у тым ліку дапамагчы выправіць дэмаграфічную статыстыку.
Ды ад уладаў таксама шмат залежыць. Тыя ж «Кіберпартызаны» падлічылі, што за 2020–22 гады ў Беларусі было каля 90 тысяч «лішніх» смерцяў – і падвышэнне смяротнасці супала з пандэміяй каронавірусу, якую ўлады Беларусі практычна ігнаравалі. Беларусь страціла ад ковіду ці не столькі ж людзей, колькі Расея ад нападу на Украіну. У суседніх краінах, дзе з каронавірусам змагаліся, надмерная смяротнасць была ніжэйшая. Салавей падлічвае: у Польшчы на душу насельніцтва смерцяў ад ковіду было амаль утрая менш, чым у Беларусі, а значыць, амаль 60 тысяч смерцяў – на сумленні ўладаў.
За першыя 6 месяцаў 2024 года захворванне на вірусны гепатыт А ў Беларусі павялічылася ў 7,5 раза, і гэты паказнік можа быць яшчэ вышэйшым па выніках года. «Белыя халаты» знайшлі цікавую інфармацыю ў матэрыялах да адной з расейскіх медычных канферэнцыяў, з якой зрабілі выснову, што гепатыт А маглі завезці з прадуктамі з Блізкага Усходу і Афрыкі, як то з мараканскімі клубніцамі. Салавей нагадвае, што супраць гепатыту А можна абараніцца мыццём рук і ежы, таксама ад гепатыту А ёсць вельмі добрая вакцына. Але ўсплёск захворванняў азначае, што санэпідэмслужба Беларусі дапусціла «касяк», кажа Салавей: прадукты мусілі б правяраць пры ўвозе ў краіну, але чамусьці прапусцілі такія, якія, магчыма, хтосьці грузіў рукамі, кепска памытымі пасля прыбіральні.
Тым часам «BELPOL» даведаўся, што ў Менску будуюць медычны цэнтр для супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бяспекі і іхных сем'яў за 16 мільёнаў долараў. Салавей лічыць, што гэта адзін з дадатковых бонусаў для тых, хто служыць рэжыму: кватэры, падвышаныя заробкі, вось яшчэ асабісты медычны цэнтр. І напэўна ж, супрацоўнік КДБ не будзе чакаць у чарзе столькі, колькі чакаюць звычайныя беларусы, і лекавацца будзе на лепшым абсталяванні.
Алесь Залеўскі, Алесь Наваборскі belsat.eu