Больш за 70 % беларусаў давяраюць праваахоўным органам, заявіў намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандр Пасталоўскі. Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар упэўнены, што гэтая лічба абсалютна не адлюстроўвае рэальнасці. «Белсат» запытаўся, як сітуацыя можа выглядаць насамрэч.
Аляксандр Пасталоўскі сцвярджае, што паказчык даверу беларусаў да праваахоўнікаў вырас больш чым у два разы з 2004 года. У якасці доваду, што гэта праўда, ён кажа пра тое, што людзі нібыта разумеюць, што ў 2020 годзе краіна магла апынуцца «на краі якой прорвы». А сілавікі забяспечылі «стабільнасць».
Уладзімір Жыгар падкрэслівае, што лічбам Інстытута сацыялогіі НАН няма веры, таму што ніякай сацыялогіі ў дыктатуры быць не можа.
«Калі чалавек выказвае меркаванне, адрознае ад лініі, якую праводзіць рэжым, ён можа падвергнуцца рэпрэсіям. Таму ні пра якія рэальныя сацапытанні гаворка ісці не можа. Тыя лічбы, якія яны намалявалі, не маюць ніякага значэння, як і тыя лічбы, якія яны малююць падчас усіх магчымых на тэрыторыі Беларусі выбараў – хоць 70%, хоць 170 %.
Яны паказалі тое, што хацелі паказаць. Маглі б намаляваць і 100 %, але складана сабе ўявіць дзяржаву, дзе ў тым ліку людзі, якія здзейснілі правапарушэнне і адбывалі пакаранне, могуць застацца задаволенымі працай так званых праваахоўных органаў», – кажа Жыгар.
За час працы ў беларускай міліцыі да 2020 года ён таксама не заўважыў асаблівага даверу людзей.
«Калі ты прыходзіш у шматкватэрны дом і спрабуеш знайсці панятых, то большасць людзей табе проста не адкрываюць. А тыя, хто адкрываюць, кажуць "не" і сыходзяць. Па маіх адчуваннях, можна казаць пра давер не больш за 30% і гэта ў самыя лепшыя гады.
Большасць беларусаў, на мой погляд, наогул не ставяць пытанне менавіта так. Ніхто не думае пра давер да міліцыі», – заключае Уладзімір Жыгар.
Арсен Рудэнка belsat.eu