Працаўнікі Беларускай чыгункі цяпер абавязаныя паведамляць у міліцыю пра людзей, якія фатаграфуюць ці здымаюць на відэа чыгуначныя каляіны, інфраструктуру і цягнікі, а таксама пра замежнікаў. Гэтыя патрабаванні вынікаюць з дакументу, які трапіў у распараджэнне Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі.
Загад быў разасланы з аддзелаў унутраных справаў на транспарце ў аддзяленні Беларускай чыгункі напрыканцы снежня 2024 года.
Абавязак інфармавання ўводзіцца ў сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Дакумент з патрабаваннямі падпісаны часовым выканальнікаў абавязкаў кіраўніка Менскага аддзелу ўнутраных справаў на транспарце Сяргеем Папковым.
Неадкладна паведамляць у міліцыю трэба пра выпадкі фота- і відэаздымкі аб’ектаў чыгункі.
Асобна МУС прапісвае неабходнасць інфармаваць «пра грамадзянаў іншых дзяржаваў, якія выклікаюць падазрэнне сваімі паводзінамі, у тым ліку тых, хто праяўляе цікавасць, звязаную з працай чыгуначнага транспарту».
Загад аб інфармаванні датычыць усіх працаўнікоў чыгункі, чыя дзейнасць хоць неяк звязаная з узаемадзеяннем з пасажырамі і магчымасцю кантролю стану інфраструктуры. Гэта лакаматыўныя брыгады, пуцейцы, асабліва чыгуначныя абходнікі, «якія ў сілу спецыфікі сваёй працы бачаць усё, што адбываецца каля чыгуначных каляінаў», а таксама работнікі гатэлю «Экспрэс».

Пасля некалькі эпізодаў так званай рэйкавай вайны, якая пачалася ў Беларусі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, і пашкоджання чыгуначных каляінаў, улады звярнулі асаблівую ўвагу на чыгунку. Вынікам быў шэраг затрыманняў, у тым ліку замежнікаў, якіх цікавіла фатаграфаванне чыгуначных каляінаў і цягнікоў. Затрыманых абвінавацілі ў выведча-дыверсійнай дзейнасці.
У снежні сталася вядома пра затрыманне ў Беларусі грамадзяніна Японіі за тое, што ён нібыта здымаў пуцеправод Гомель ‒ Кобрын непадалёк станцыі Калінкавічы-Заходнія 1 снежня. Яго заўважыў машыніст электравіка і перадаў гэта дыспетчару. Далей інфармацыю перадалі ваенізаванай ахове і міліцыі, якія затрымалі замежніка. Яго перадалі супрацоўнікам КДБ для далейшага расследавання.
У верасні 2024 года затрымалі грамадзяніна Японіі, выкладчыка японскай мовы Масатосі Наканісі, якога абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці.
Паводле КДБ, Наканісі збіраў інфармацыю пра сацыяльна-палітычнае становішчы ў Беларусі, кітайскі праект «Адзін пояс – адзін шлях», сітуацыю на мяжы Беларусі і Украіны ды нібыта здымаў вайсковую інфраструктуру і чыгуначныя аб'екты.
Марыя Міхалевіч belsat.eu