Беларуская супольнасць звярнулася да літоўскіх уладаў з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто здзяйсняе напады супраць беларусаў у Літве.
Аўтары звароту заклікалі літоўскія ўлады прыцягнуць вінаватых да адказнасці і «гарантаваць бяспеку ўсіх жыхароў Літвы, незалежна ад іх нацыянальнасці і паходжання».
«Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацыяў з просьбай звярнуць увагу на гэтую сітуацыю», – напісана ў заяве.
Вядома, што свае подпісы пад дакументам паставілі Беларускі ПЭН, Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі», праваабарончыя арганізацыі Human Constanta, «Вясна» і іншыя – усяго 13 праваабарончых арганізацыяў і культурніцкіх ініцыятываў.
Нагадаем, у ліпені 2024 года невядомы разбіў шыбы ў краме «Kropka» і напісаў па-літоўску «Вяртайцеся дадому, беларускія свінні».
У верасні ў сталіцы Літвы стралялі па вокнах храма Беларускага праваслаўнага прыхода і Цэнтра беларускай культуры, а крыху пазней ля шэлтару беларускіх уцекачоў чырвонымі фарбамі хтосьці напісаў абразлівы для беларусаў надпіс.
Былі і іншыя напады. Так, да прыкладу, на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту таксама з'явіўся абразлівы надпіс у дачыненні да беларусаў, ксенафобскія надпісы з'явіліся і на беларускай кавярні «Карчма 1863»...
Беларусы схільныя меркаваць, што ўсё гэта робяць спецслужбы, у тым ліку дзеля таго, каб пасварыць беларусаў з літоўцамі.
Надзея Вольная belsat.eu