У сталічныя школы прыйшло распараджэнне ад кіраўніцтва гораду не выкарыстоўваць падчас святочных імпрэзаў вобразу Санта-Клаўса.
Разам з забаронаю на ўжыванне вобразу Санта-Клаўса не дазваляецца выкарыстоўваць і англамоўныя песні, паведамляе «Еўрарадыё».
Пры гэтым акцэнт рэкамендуецца рабіць на беларускіх традыцыях.
«Паважаныя класныя кіраўнікі, распараджэнне кіраўніцтва гораду: на ранішніках, музычных імпрэзах, карпаратывах ЗАБАРОНЕНЫЯ САНТА-КЛАЎС, калядныя і англійскамоўныя песні (тыпу Jingle Bells). ВЫКАРЫСТОЎВАЕМ: нашыя вядомыя песні і нашых казачных персанажаў. Акцэнт на беларускія традыцыі. Тое самае датычыць і навагодніх упрыгожанняў!» – гаворыцца ў дакуменце, што цытуе выданне.
Нагадаем, што ў снежні Берасцейскі гарвыканкам скіраваў прадпісанні адносна калядных і навагодніх упрыгожанняў ва ўстановы гандлю і грамадскага харчавання гораду, згодна з якімі забараняецца выкарыстанне вобразу Санта-Клаўса і ўжыванне калядных вянкоў. Падобныя рэкамендацыі распаўсюджваюцца ў школах і дзіцячых садках Берасця.
Раман Шавель belsat.eu