Берасцейскі гарвыканкам накіраваў прадпісанні адносна калядных і навагодніх упрыгожванняў ва ўстановы гандлю і грамадскага харчавання гораду. У дэкоры цяпер будуць вітацца выключна «элементы славянскага паходжання», якія «не супярэчаць гістарычным, культурным і духоўным каштоўнасцям беларускага народу», піша BG Media.
Гарадскія ўлады Берасця рэкамендуюць выключыць «выкарыстанне элементаў і вобразаў, не ўласцівых нашым нацыянальным традыцыям» з мэтай «забяспечання адзінага падыходу да выкарыстання традыцыйных навагодніх і калядных вобразаў» і «прасоўвання беларускай культуры і традыцыі».
Супрацоўніца аднай з берасцейскіх крамаў распавяла, што патэлефанавала ва ўпраўленне ідэалогіі, каб удакладніць, што ж павінна быць у дэкоры:
,,«З размовы я зразумела, што Дзед Мароз і Снягурка – так, а вось Санта Клаўс ужо пад забаронай. Нават сані і алені, на якіх ён ездзіць, могуць выклікаць падазрэнне. Спачатку я думала, што гэта жарт. Але ўсё пацвердзілася праз пару дзён, калі нас сабралі ўжо ва ўпраўленні гандлю і растлумачылі дакладна так, як мне казаў ідэёлаг».
Нядаўна Міністэрства культуры таксама сфармавала плэйліст для фонавай музыкі ў гандлёвых цэнтрах – у ім савецкія і сучасныя песні беларускіх і расейскіх выканаўцаў. Замежную калядную музыку рэкамендавана звесці да мінімуму. На ўкраінскай мове таксама нельга ўключаць песні, распавёў дзіджэй аднаго з рэстаранаў Берасця.
Падобныя рэкамендацыі распаўсюджваюцца ў школах і дзіцячых садках. Маці вучаніцы адной з берасцейскіх школ распавяла, што сёлета настаўнікам забаранілі ўпрыгожваць класы каляднымі вянкамі з хвойных галінак – іх прызналі «элементамі чужой культуры».
Марыя Міхалевіч belsat.eu