Беларуская мова ва Украіне больш не будзе разглядацца як мова, што патрабуе асобнай абароны ці падтрымання. Пра такую небяспеку напісаў у Telegram'е сталы прадстаўнік Кабінету Міністраў у Вярхоўнай Радзе Тарас Мэльнычук. Ён паведаміў, што на пасяджэнні Кабінету Міністраў зацвердзілі праект Закону аб унясенні зменаў у некаторыя законы Украіны ў звязку з абнаўленнем афіцыйнага перакладу Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасцяў.
Мэльнычук сцвярджае, што законапраект прапануе актуалізаваць пералік моваў, да якіх будзе ўжывацца адпаведны рэжым падтрымання, прадугледжаны Хартыяй. Чыноўнік піша: «У прыватнасці прадугледжана, што ва Украіне палажэнні Хартыі будуць ужывацца да наступных моваў: балгарскай, гагаузскай, крымскататарскай, навагрэцкай, нямецкай, польскай, румынскай, славацкай, вугорскай, чэшскай і іўрыту».
На афіцыйным сайце Кабінету Міністраў гэты праект не апублікаваны, бо, згодна з заканадаўствам, яго спачатку мусіць разгледзець профільная камісія Вярхоўнай Рады, і толькі ў выпадку, калі праект ўхваляць, яго прапануюць на гласаванне дэпутатам.
Інфармацыя з прыватнай Telegram-старонкі Мэльнычука выклікала розгалас у беларускім асяродку. Украінскі святар Сяргей Горбік сказаў «Белсату»: «Што мы можам рабіць? Пікет у ваенны час немагчымы. Мы цяпер дасылаем паведамленні ў сацсетках групам украінцаў. Найбольшая колькасць замежных добраахвотнікаў ва Украіне ‒ гэта беларусы. Большасць з замежнікаў, якія загінулі на фронце за Украіну, ‒ таксама беларусы. Трэба змагацца з рэжымам Лукашэнкі, з тымі, хто падтрымлівае Расею, а не з тымі, хто абараняе і падтрымлівае Украіну».
Дарадца Святланы Ціханоўскай, Франак Вячорка, мяркуе, што ўкраінскім дэпутатам неабходна тлумачыць неабходнасць абароны беларускай мовы: «Закон яшчэ не прыняты, і, безумоўна, калі будзе трэба, мы будзем тлумачыць дэпутатам, чаму беларуская мова патрабуе абароны. Для нас беларуская мова ‒ гэта зброя ў барацьбе з Лукашэнкам і "русским миром". Мы разумеем, чаму такі законапраект мог з'явіцца: Беларусь успрымаецца як суагрэсар. Адпаведна многае, што звязана з дзяржаваю Беларусь, негатыўна ўспрымаецца. Але праўда і тое, што тыя, хто размаўляюць і найбольш дбаюць пра беларускую мову, ‒ на баку Украіны».
Дасюль акрамя паведамлення чыноўніка Тараса Мэльнычука ніякай афіцыйнай інфармацыі не з’явілася. Праект закону, калі ён існуе, журналістам не паказвалі. Ці будзе разглядацца Вярхоўнаю Радаю пытанне аб абароне беларускай мовы, якую, згодна з паведамленнем Мэльнычука, паставілі ў адзін шэраг з расейскаю, пакуль невядома.
У свой час у 1992 годзе 11 краінаў ‒ сябраў Рады Еўропы падпісалі Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў і моваў меншасцяў. Сёння канвенцыя ахоплівае 25 дзяржаваў і распаўсюджваецца на амаль 80 рэгіянальных моваў.
Любоў Лунёва