З'явілася расшыфроўка перамоваў экіпажу рэйсу Баку – Грозны з дыспетчарам. Усё сведчыць пра тое, што самалёт падбілі зенітнаю ракетаю.
Тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» сцвярджае, што ім удалося азнаёміцца з поўнай расшыфроўкай перамоваў экіпажу гэтага рэйсу з дыспетчарам у Грозным.
Як паведамляе «Наша Ніва», з дыялогаў вынікае, што першапачаткова судна стала ахвярай глушылак для БПЛА, якія тады працавалі ў сувязі з атакаю беспілотнікаў. Як толькі лайнер пачынаў зніжацца, каб сесці, у яго перастаў працаваць GPS, а дыспетчар губляў «radar contact».
Пілот не мог у такіх умовах пасадзіць самалёт і пастанавіў ляцець у Баку. Калі ён стаў разварочвацца для гэтага, побач адбыўся выбух – усё сведчыць пра тое, што ў борт трапілі сродкі СПА.
З расшыфраваных матэрыялаў вынікае, што экіпаж неаднаразова паведамляў, што адмовілі датчыкі GPS. Пры тым, што борт ужо чакалі ў аэрапорце, запальваліся агні пасадачнай паласы. Але як толькі самалёт зніжаўся, адбываліся непаладкі, якія, відаць, былі выкліканыя глушылкамі БПЛА.
А 07:53 і 07:55 сістэмы адключаліся амаль цалкам, экіпаж паведамляў, што не можа выкарыстоўваць занальнай навігацыі (метад кіравання) ды іншых магчымасцяў. Прычым дыспетчар таксама губляў «radar contact» і ў такіх умовах не мог весці самалёт на пасадку.
Вынікае, што самалёт у аэрапорце Грознага ніхто не разварочваў і ўмовы надвор'я тут ні пры чым.
Борт спрабавалі пасадзіць з 07:36 (першая сувязь з дыспетчарам Грознага). У працэсе часта знікала сувязь або ў эфіры былі перашкоды, а экіпаж спрабаваў заходзіць на пасадку амаль усляпую, удакладняючы звесткі ажно да вышыні, на якой ляціць самалёт.
Апошняя спроба зайсці на пасадку прайшла амаль у поўным маўчанні. З 08:10 да 08:11:50 у эфіры маўчалі ўсе, але замест прызямлення на паласу нумар 26 экіпаж паведаміў: «Рушым на Баку».
А 08:12 экіпаж ізноў паведамляе пра страту сігналу на абодвух датчыках GPS і просіць каардынаваць палёт дыспетчара, што той і робіць наступныя некалькі хвілінаў.
А 08:16 экіпаж паведамляе трывожную інфармацыю: «У нас адмовіла кіраванне, удар птушак у кабіне. Удар птушак у кабіне (неразборліва)». Потым некалькі разоў паўтарае адно і тое ж, пры гэтым называючы птушак у множным ліку.
Якраз у гэты час побач з суднам адбыўся выбух, таму ўдары паражальнымі элементамі экіпаж мог прыняць за сутыкненне з чарадою птушак.
Далей дыспетчар пытаецца, ці патрэбная нейкая дапамога, а экіпаж перш за ўсё запытвае звесткі пра надвор'е ў аэрапорце ў Мінеральных водах і потым пацвярджае, што дапамога патрэбная. Следам трывогу чуваць ужо ў дыспетчара – той некалькі разоў у эфіры паўтарае: «у 16-ую хвіліну», як быццам ён размаўляе адначасова з кімсьці яшчэ і з тым супастаўляе іншыя падзеі.
Той самы ўдар, са звестак крыніцы «ВЧК-ОГПУ», адбыўся над Наурскім раёнам Чачэніі, у гэтай мясцовасці размешчаныя адразу некалькі вайсковых частак, у тым ліку і са сродкамі СПА.
А 08:18 экіпаж паведаміў дыспетчару, што губляе кіраванне самалётам. Далей экіпаж запытаў звесткі пра аэрапорт у Махачкале і неаднаразова паведамляў, што перастала працаваць яшчэ і гідраўліка.
Нагадаем, у выніку аварыі самалёта ў Актаў загінулі 38 асобаў, 29 ацалелі і атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пры гэтым у тэлеграм-пабліках з’явіліся відэа, дзе на фюзеляжы самалёта можна заўважыць адтуліны, падобныя да тых, што застаюцца пасля абстрэлаў.
Паводле рэсурсу «КазАэроНавигация», самалёт зрабіў некалькі колаў, але пасля сутыкнення з (нібыта) птушкамі экіпаж абвясціў аварыйную сітуацыю і скіраваў борт у Актаў для пільнай пасадкі.
Пры гэтым у некаторых тэлеграм-каналах з’явіліся кадры, дзе на хваставой частцы самалёта відаць адтуліны, падобныя да кулявых. Амаль адразу прагучала думка, што гэта можа быць вынікам абстрэлу з зенітна-ракетнага комплексу падчас збіцця дронаў, што атакавалі Грозны.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu