Абодва энергаблокі Беларускай атамнай электрастанцыі два тыдні запар не працуюць. І калі першы ‒ на планавым рамонце, то другі адлучаны праз няспраўнасць носьбіта радыеактыўнага асяроддзя.
Пра гэта апавядае выданне «Зеркало» са спасылкаю на свае крыніцы на месцы.
«Адлучэнне энергаблока № 2 адбылося ў ноч на 4 снежня. Меркаваная прычына – спрацоўванне абароны праз няспраўнасць (парушэнне герметычнасці) першага контуру. Ён ёсць носьбітам радыеактыўнага асяроддзя і застаецца на абслугоўванні рэактарнага цэху, – кажа крыніца выдання. – Пры гэтым першы энергаблок таксама не працуе. Але яго адлучылі планава для папераджальнага рамонту. Сваёй электраэнергіі БелАЭС не выпрацоўвае ўжо два тыдні і бярэ неабходную для працы электрычнасць з агульнай энергасістэмы краіны».
Але пра рамонт першага энергаблока інфармацыя на афіцыйным сайце АЭС ёсць, пра непрацоўны другі – нічога. У раздзеле «Вытворчыя паказнікі» паведамляецца, што на дзень 19 снежня 2024 года ён працуе.
У прыёмнай генеральнага дырэктара БелАЭС пацвердзілі, што другі энергаблок станцыі сапраўды не працуе, але не адказалі, з якога дня, таму далей журналістаў проста перасылалі паміж рознымі кабінетамі.
Спыненне працы энергаблокаў станцыі пакуль не паўплывала на радыялагічную абстаноўку на прылеглых да яе тэрыторыях.
«Згодна з інфармацыяй на электронных стэндах, у тым ліку ў Астраўцы, што за 22 кіламетры ад АЭС, узровень радыяцыі ў межах нормы», – сцвярджае наш суразмоўца.
Пры штатнай працы двух энергаблокаў БелАЭС забяспечвае каля 40 % патрэбаў краіны ў электраэнергіі, але штатна станцыя працуе каля паловы часу, астатні час прастойвае на бясконцых рамонтах.
Абноўлена. У канцы працоўнага дня 19 снежня ў Мінэнерга нарэшце падрыхтавалі тлумачэнне непрацоўнай АЭС:
«Другі энергаблок БелАЭС часова адключаны ад сеткі праз спрацоўванне аднаго з датчыкаў. Рашэнне адключыць блок ад сеткі было прынятае для правядзення штатнай дыягностыкі працы датчыкаў забяспечвальных сістэм. Адпаведныя работы зараз праводзяцца на БелАЭС. Яны не ўплываюць на бяспеку працы станцыі і яе абсталявання», – паведаміў тэлеграм-канал Мінэнерга.
Тэса Анэйда belsat.eu