Напрыканцы года, 27 снежня, Гарадзенскі абласны суд распачне завочны разгляд справы супраць блогера Антона Матолькі, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Працэс будзе весці суддзя Ігар Собалеў.
Блогеру інкрымінаваныя 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
• ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу ўлады»),
• ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»),
• ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»),
• ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»),
• ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў)»),
• ч. 2 арт. 366 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы»),
• ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»),
• ч. 1 і 2 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»),
• арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Беларусі»),
• ч. 1 і 2 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»),
• ч. 2 арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»),
• ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»),
• ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»).
Паводле абвінавачвання, у 2020 годзе Антон Матолька «дзейнічаў у складзе ўстойлівай і кіраванай групы ўдзельнікаў змовы», якія мелі дачыненне да «дэструктыўных тэлеграм-каналаў» «МотолькоПомоги» і «Диаспоры Беларуси против войны Дзечат: dze.chat», інтэрнэт-сайту dze.chat, а таксама сетак каналаў NEXTA і «БГМ».
,,«Пры гэтым ён з’яўляецца адным з кіраўнікоў арганізаванай групы. Шляхам падрыхтоўкі і вырабу інфармацыйнай прадукцыі (публікацыяў) экстрэмісцкай накіраванасці Матолька таксама арганізаваў масавыя беспарадкі на тэрыторыі Беларусі, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Ён жа арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады», – заяўляе пракуратура.
Таксама, паводле пракуратуры, дзеяннямі Матолькі дзяржаве была нанесеная шкода ў памеры больш чым 30 мільёнаў рублёў.
Антон Матолька цяпер знаходзіцца за мяжой. Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва ўпраўленне Следчага камітэту Гарадзенскай вобласці.
Марыя Міхалевіч belsat.eu