навіны

Як здабыць грошы мясцовых бюджэтаў на ініцыятывы беларусаў? З’явіўся сайт з падказкамі

Праект «Мой бюджэт»
Калаж выяваў праекту «Мой бюджэт». Выява: Mojbudzhet.com
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі цяжка ўплываць на тое, куды ідуць грошы, сабраныя дзяржавай з беларусаў: дэпутаты не адчуваюць ад выбарнікаў пагрозы страціць працу. Але ёсць механізм, які дазваляе папрасіць з мясцовага бюджэту да 90 % сумы, неабходнай на дзіцячую пляцоўку ці эка-сцяжынку. Праект «Мой бюджэт» падказвае, як гэтыя грошы здабыць.

Праекты «Кошт ураду» і «Гэта наш горад» 27 лістапада прэзентаваў лічбавую платформу «Мой бюджэт», прысвечаны магчымасцям уплыву грамадзянаў на мясцовыя бюджэты. 


Як беларусы могуць паўплываць на мясцовыя бюджэты


Вольга Цесакова, лідарка ініцыятывы «Гэта наш горад» і былая дэпутатка Менскага гарадскога савету адзначыла, што бюджэтны цыкл у Беларусі вельмі доўгі: трывае год і супадае з каляндарным годам, а бюджэт любога ўзроўню зацвярджаюць на наступны год яшчэ да 1 снежня. Гэта не заўсёды выконваецца: Цесакова са свайго дэпутацкага досведу ведае, што бюджэт Менску прымаюць у 20-х днях снежня.

,,

«Калі ўлады кажуць, што грошай няма, гэта цяпер так і можа быць», – падкрэслівае Цесакова. Ды «цяпер» не значыць, што не будзе ў наступным годзе.


Даходы бюджэтаў – падаткі, даходы з выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, адміністратыўныя плацяжы і штрафы, міжбюджэтныя трансферы і гэтак далей. У тэорыі, бюджэт фармуюць на падставе даходаў – з таго, колькі грошай будзе. Але, кажа Цесакова, па факце бюджэты складаюць з часткі выдаткаў – што хочуць зрабіць. І калі вырашаюць, што хочуць зрабіць, думаюць, адкуль узяць грошы. Выдаткі бюджэтаў бываюць бягучымі (як то заробкі і падтрыманне дзейнай інфраструктуры) і капітальнымі (фінансаванне нечага новага). 


У мясцовых бюджэтах ёсць свае нюансы. Галоўны – яны не забяспечваюць спажыўцоў на сваёй тэрыторыі, кажа Цесакова. Сабраных сродкаў не хапае на запланаваныя выдаткі. Горад, раён, пасёлак і вобласць маюць розную ступень пакрыцця выдаткаў сваімі сродкамі. Раён не можа залежыць ад буйнога прамысловага комплексу, які здае свае даходы ў рэспубліканскі бюджэт, Наваполацк не забяспечваюць даходамі «Нафтану».

Структура мясцовага бюджэту Крычаўскага раёну ў 2023 годзе. Скрыншот: Mojbudzhet.com
Структура мясцовага бюджэту Крычаўскага раёну ў 2023 годзе. Скрыншот: Mojbudzhet.com
Дах будынку ў Гомлі, пашкоджаны пры падзенні беспілотніка. Фота: МНС / Telegram
Жыхары Хойніцкага раёну папрасілі выканкам абараніць іх ад беспілотнікаў. Што адказалі чыноўнікі? навіны

Зміцер Кухлей, кіраўнік праекту «КОТОС» расказвае, што ў «нармальных і дэмакратычных» краінах грамадзяне ўплываюць на мясцовыя бюджэты праз выбраных дэпутатаў. Але ў Беларусі выканаўчыя органы маюць слабае дачыненне да «выбраных» – і вядома, як тыя дэпутаты «выбіраюцца». Прызначаныя дэпутаты галасуюць за спушчаныя зверху ініцыятывы і не адчуваюць адказнасці перад выбарнікамі. Дзяржава бярэ на сябе абавязкі перад грамадзянамі, якія загадвае выконваць на мясцовым узроўні, і цэнтралізацыя гіпертрафаваная: быў выпадак, калі з Менскага гарадскога бюджэту прафінансавалі на 100 млн рублёў вырашэнне праблемаў Смалявічаў, бо так сказалі зверху.


Ды дэпутаты маюць розныя камісіі, у тым ліку бюджэтную. У Менску бюджэтная камісія складаецца з 7–8 чалавек, згадвае Цесакова. Паводле яе, не ўсе дэпутаты фактычна чытаюць і вывучаюць дакументы, якія ім прысылаюць. Але Кухлей лічыць, што гэтыя дэпутаты могуць быць «пунктам уваходу» грамадзянаў ва ўплыў на бюджэт: можна хаця б папрасіць у дэпутатаў праект бюджэту, каб падказаць, што варта выправіць. На практыцы гэта няпроста, але не немагчыма.


У 2023 годзе былі прынятыя змены ў закон аб мясцовым самакіраванні, якія апісалі панятак грамадскіх ініцыятываў і механізм іх фінансавання. Пастаянныя жыхары канкрэтнай тэрыторыі, старэйшыя за 18 гадоў, могуць прапанаваць праекты паляпшэння якасці жыцця, апісаць праблему і механізм вырашэння, пралічыць выдаткі і ўнесці не менш за 10 % патрэбнай сумы. На думку Кухлея, улады зацікаўленыя ў тым, каб грамадзяне самі прыносілі грошы на вырашэнне сваіх праблемаў. Але станоўчы момант ён бачыць у тым, што ідэю, якую мясцовыя актывісты прасоўвалі 10–15 гадоў, усё ж прынялі. І ў 2024 годзе, згадвае Кухлей, на грамадзянскія ініцыятывы па ўсёй Беларусі вылучылі звыш 2 млн рублёў. 

Зміцер Кухлей і Вольга Цесакова на прэзентацыі праекту «Мой бюджэт». Варшава, Польшча. 27 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Зміцер Кухлей і Вольга Цесакова на прэзентацыі праекту «Мой бюджэт». Варшава, Польшча. 27 лістапада 2024 года. Фота: Белсат
Колькі падаткаў плацяць у Беларусі
Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай навіны

Адзінага шаблону таго, як праводзяцца конкурсы грамадзянскіх ініцыятываў, пакуль няма, працэс у розных месцах розны. Але палажэнні аб конкурсах можна адшукаць на сайтах абласных выканкамаў і Менгарвыканкаму. Схема звычайна такая: высланую заяўку спачатку правяраюць на адпаведнасць фармальным патрабаванням, пасля Савет дэпутатаў перасылае заяўку на вышэйшы ўзровень, нарэшце адбываецца конкурс ініцыятываў, на якім камісія выстаўляе балы прэзентаваным праектам. Калі праект падтрымаюць, цягам пэўнага часу заяўнік мусіць унесці сваю частку сумы (мінімум 10 %) і знайсці падрадніка. Любая маёмасць, створаная ў межах ініцыятывы, устане на баланс мясцовага ЖЭСу.


Пазітыўныя прыклады ўжо ёсць: вулічныя трэнажоры на вуліцы Маскоўскай у Берасці, экасцяжынка ў Скідзелі, цэнтр дапамогі «Вера» ў Горадні, пляцоўка выгулу хатніх жывёлаў у 94-м мікрараёне Гомля, праект «100 крокаў да Івана Мележа» ў аграгарадку Глінішча Хойніцкага раёну… Сродкі даюць у асноўным на ўпарадкаванне мясцовасці, але могуць даць і на некаторыя гістарычныя, культурныя, экалагічныя і звязаныя са здароўем.


Паводле Цесаковай, нават у Беларусі 2024 года можна дамагчыся рэалізацыі прабеларускіх гістарычных і культурных ініцыятываў рэальна, калі «не размахваць бел-чырвона-белымі сцягамі». А Кухлей адзначыў, што ў Беларусі няма «ідэалагічнага маналіту», на месцах не абмяжоўваюцца дзяржаўнай ідэалогіяй і Вялікай айчыннай вайной.


Гэтаму вырашылі дапамагчы


Беларускія няўрадавыя арганізацыі запусцілі супольны праект на сайце Mojbudzhet.com, на якім сабралі мноства дапаможных матэрыялаў аб тым, як і на што выдаткоўваюцца грошы ў розных раёнах Беларусі (пакуль склалі справаздачы толькі аб дзясятку раёнаў). Дадаткова стварылі чат-бот, у якім можна канструктаваць звароты. Паводле стваральнікаў, сайт таксама дапамагае скласці ў галаве карціну аб тым, колькі грошай ёсць у бюджэтах і на што яшчэ могуць застацца сродкі.


Чат-бот – не столькі інструмент зваротнай сувязі, колькі інструмент выбару шаблонаў зваротаў. Пакуль у канструктары прапануюць шаблоны пра праблемы з вадой, дарогамі, смеццем і ўпарадкаваннем тэрыторыі. У атрыманыя шаблоны карыстальніку трэба будзе ўнесці толькі толькі апісанне праблемаў і свае асабовыя звесткі (якія стваральнікі бота не збіраюць і не захоўваюць – іх трэба ўносіць у прысланы PDF-файл), выслаць зварот на адрас выканкаму.

Фрагмент шаблону калектыўнага звароту. Скрыншот: Mojbudzhet.com
Фрагмент шаблону калектыўнага звароту. Скрыншот: Mojbudzhet.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: rbc.ua
Беларусы папрасілі Савет Міністраў вярнуць зімовы час навіны

Цесакова падкрэсліла, што цяпер самы час дамагацца рэалізацыі сваіх ініцыятываў, бо ўлады Беларусі «на піку электаральнага цыклу» і зацікаўленыя ў тым, каб нейкім шляхам улагодзіць жыхароў Беларусі. Тое-сёе з механізмаў цяпер працуе, але невядома, ці будуць працаваць пазней, таму лепш карыстацца імі зараз.


Агулам жа ідэальны час для запытаў на наступны год (напрыклад, на капітальны рамонт дому ці паляпшэнне дарогі перад домам), паводле Цесаковай, гэта вясна бягучага, бо праекты бюджэтаў складваюцца звычайна ўжо ў верасні. 


А за гэта не пасадзяць?


Ці бяспечна патрабаваць чагосьці ад уладаў цяпер, калі гэтыя ўлады пагражаюць крымінальнымі справамі за ўдзел у дваровых чатах і нават на відэа чэргаў у паліклініцы бачаць «дыскрэдытацыю Беларусі»?


Цесакова адказвае, што ўлады, канешне, могуць правяраць бэкграўнд чалавека: ці не ўдзельнічаў заяўнік у пратэстах, ці не надта ім «дзейнічае на нервы» іншымі зваротамі. Тэарэтычна, могуць зрабіць так, каб скарга на праблемы ў двары абярнулася новымі праблемамі для заяўніка. Але чыноўнікі – асабліва ў рэгіёнах – больш зацікаўленыя ў тым, каб паказаць вынік і «наверх», і людзям. 


Кухлей дадае: чыноўнікі – не сілавікі, і абсалютную бальшыню рэпрэсіяў чыняць не мясцовыя чыноўнікі, а супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў ці Камітэту дзяржаўнай бяспекі. За прапанову палепшыць дзіцячую пляцоўку ў двары, лічыць ён, у 99,99 % выпадкаў на заяўніка не стануць выклікаць міліцыю. Ды й на год больш за 100 тысяч чалавек звяртаюцца са скаргамі на праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, практычна нікога з іх за гэта не караюць. Паводле Кухлея, цэнтралізаванай кампаніі супраць тых, хто патрабуе вырашыць мясцовыя праблемы, у Беларусі не вядуць.


Звароты праз традыцыйныя «папяровыя» шляхі эфектыўнейшыя за абурэнні ў TikTok, падкрэсліла Цесакова, бо не выклікаюць ва ўладаў абурэння апублічваннем незадаволенасці. Разам з тым, улады намагаюцца закрыць як найбольш звестак пра тое, на што грамадзяне маюць права, і зрабіць так, каб людзі ведалі, што маюць толькі абавязкі. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10