навіны

Беларусы папрасілі Савет Міністраў вярнуць зімовы час

перавод гадзіннікаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: rbc.ua
podpis źródła zdjęcia

На сайце petitions.by з’явілася петыцыя з прапановаю вярнуць у Беларусі пераход на зімовы час. Зварот быў накіраваны ў Савет Міністраў, а адтуль – у Дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі. Што адказалі чыноўнікі?

У петыцыі беларусы зазначаюць, што «ў зімовы час шмат хто сутыкаецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі, выкліканымі недахопам натуральнага святла».

,,

«Ранняе абуджэнне і вяртанне дадому ў цёмны час дня негатыўна адбіваюцца на нашым здароўі, самаадчуванні і агульнай прадуктыўнасці. Нягледзячы на тое, што для школьнікаў ужо зробленыя змяненні ў раскладзе – пачатак заняткаў ссунуты на 9:00, дарослае насельніцтва па-ранейшаму вымушанае пачынаць працоўны дзень ва ўмовах цемры, што стварае тыя ж праблемы», – падкрэсліваецца ў звароце.


Аўтары петыцыі перакананыя, што вяртанне да пераходу на зімовы час дапаможа палепшыць фізічны і псіхаэмацыйны стан насельніцтва праз адаптацыю рэжыму сну да натуральнага светлавога цыклу, падвысіць эфектыўнасць працы, бо працоўны дзень будзе пачынацца пры дзённым святле, а таксама паспрыяе зніжэнню ўзроўню стрэсу і хранічнай стомленасці, пазітыўна адаб’ецца на здароўі і настроі людзей.


Савет Міністраў перанакіраваў петыцыю для супольнага разгляду ў Дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Вынікі разгляду прэзентаваў Дзяржстандарт.


У адказе за подпісам намесніка старшыні інстытуту Аляксандра Буракова зазначаецца, што яшчэ ў жніўні 2014 года сярод усіх міністэрстваў і ведамстваў было праведзенае апытанне пра неабходнасць змянення парадку падліку часу, і тады большасць выказалася за захаванне парадку, які быў прыняты ў 2011 годзе, – без пераходу на зімовы час.

,,

«Па выніках разгляду прапановаў, пазначаных у звароце, камісія прыняла рашэнне захаваць парадак падліку часу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 2011 года № 1229 «Аб падліку часу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. […] Вяртанне «зімовага» часу лічым немэтазгодным», – гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.


Краіны Еўразвязу і Украіна перайшлі сёлета на зімовы час у ноч з 26 на 27 кастрычніка. У Беларусі перавод гадзіннікаў быў адменены ў 2011 годзе.


З апытання, праведзенага ў Польшчы сёлета ў кастрычніку на замову выдання «Rzeczpospolita», вынікае, што амаль 70 % палякаў выступаюць супраць змянення часу з летняга на зімовы. У 2022 годзе тых, каму не падабаецца перавод стрэлак гадзіннікаў, было 80 %.


Цягам некалькіх гадоў у Еўразвязе ідзе дыскусія пра магчымую адмену пераводу гадзіннікаў. Праведзенае Еўрапейскай камісіяй яшчэ ў 2018 годзе апытанне 4,6 мільёна чалавек паказала, што супраць змены часу выступаюць 84 % рэспандэнтаў. Тады Еўракамісія прапанавала адмовіцца ад пераводу гадзіннікаў, аднак працу над ініцыятываю прыпыніла пандэмія COVID-19. Цяпер да абмеркавання мэтазгоднасці змены часу з летняга на зімовы вярнуліся зноў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10