Увечары 26 лістапада ў Гданьску назвалі пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця. Лаўрэатам прэміі стаў беларускі пісьменнік і філосаф Валянцін Акудовіч – аўтар кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Хронікі беларускага інтэлектуала». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску. «Белсат» пабываў на цырымоніі і дзеліцца ўражаннямі.
На першыя аўтарскія сустрэчы, якія папярэднічалі ўрачыстасці, з'явілася з пошумам мора ў галаве. «Быць у Гданьску і не пастаяць на беразе Балтыкі – злачынства», – казаў мне мой калега. Дык стаялі на халодным беразе, думалі пра бязмежнае, чысцілі галовы і згадвалі пра Уладзіміра Караткевіча, якому б у гэты дзень, 26 лістапада, споўнілася 94 гады. Ці быў ён у Гданьску, ці стаяў вось так калі-небудзь ля мора?..
Неба над Гданьскам
Галоўную беларускую літаратурную прэмію другі год запар уручаюць у горадзе, дзе нарадзіліся Гюнтэр Грас, Артур Шапенгаўэр і Лех Валэнса. Прычым сёлета – у зале Еўрапейскага цэнтру салідарнасці, на тэрыторыі славутай Гданьскай верфі, дзе заявіла пра сябе польская «Салідарнасць». Таму ключавымі словамі на імпрэзе ўзнагароджання былі: «салідарнасць», «літаратура», «Беларусь».
Але самую Беларусь выдумала якраз літаратура. Стварыла яе, выгадавала ідэю незалежнай краіны. Пра гэта кажа падчас ўрачыстасці беларускі паэт Уладзімір Някляеў (пераможца прэміі Гедройця ў 2013 годзе), апошняя паэтычная кніга якога называецца «Без Айчыны».
«Гэта літаратары стварылі Беларусь – не палітыкі. І калі сёння мяне пытаюцца, што самае важнае ў той сітуацыі, у якой мы ўсе апынуліся, і што рабіць, калі інтэлект беларускі выгналі за мяжу, чым займацца – я маю на гэта адказ. Тым, чым займаюцца сённяшнія намінанты і былыя лаўрэаты гэтай прэміі – ствараць, ствараць і ствараць. Культуру і літаратуру, падмурак нацыі. Пісаць кніжкі!» – казаў Уладзімір Някляеў.
,,«Пры ўсім адчаі, які жыве ў маім сэрцы, я з радасцю бачу, як развіваецца, нягледзячы на страшэнна неспрыяльныя ўмовы, нашая літаратура. Усе намінаваныя сёння кніжкі заслугоўваюць гэтай прэміі. Проста бліскучае мастацтва!» – сцвердзіў паэт.
Акудовіч: У магчымасць сваёй перамогі я не надта веру
Нагадаем, у сёлетні шорт-ліст прэміі трапілі 6 кніг прозы – Евы Вайтоўскай, Марыі Вайцяшонак, Ганны Янкуты, Валянціна Акудовіча, Змітра Бартосіка і Валера Гапеева. Пра іх на цырымоніі распавядалі агучаныя ў межах праектаў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by» буктрэйлеры. А больш падрабязна – паэтка і старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. Яна ж і абвясціла пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця.
Калі Таццяна Нядбай называе імя аўтара кнігі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча – зала выбухае апладысментамі.
«За змястоўную і шырокую панараму інтэлектуальнага беларускага жыцця» – такая фармулёўка журы. Першае месца – Акудовічу.
«Нядаўна я залез у «Вікіпедыю», каб спраўдзіць нейкі факт пра Ежы Гедройця і ўразіўся колькасцю ўзнагарод, атрыманых ім амаль за 100 гадоў жыцця. Падумалася, што, напэўна, і мне тады нясорамна паймець якую-кольвек прэмію, асабліва калі яна ад такога апекуна. Хоць у магчымасць сваёй перамогі я не надта веру, але, натуральна, неверагодна радасна будзе атрымаць такую ўзнагароду. Таму я бязмежна ўдзячны кожнаму і кожнай, хто падтрымаў Сізіфа ў яго безнадзейнай працы, і падставіў сваё плячо пад нялёгкую ношу пад назвай «мая краіна». Дзякую!» – словы Валянціна Акудовіча з нагоды перамогі агучыла падчас цырымоніі ягоная дачка Вераніка.
Валянціну Акудовічу 74 гады. Ён аўтар кніга «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015), зборніку «Шолах моўчы» (2024).

Кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» у 2023 годзе.
«Новая кніга «беларускага прарока постмадэрнізму» і «хроснага бацькі Бум-Бам-Літу» – гэта досыць складаны па структуры і стракаты стылістычна тэкст, у якім знайшлося месца і для біяграфічных успамінаў аўтара, і для ягоных ранейшых твораў у розных жанрах (у тым ліку, апавяданняў і вершаў), і для хронікі інтэлектуальнага і мастацкага жыцця Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў, і для партрэтаў знакавых постацяў беларускай культуры і навукі…» – цытуем урывак з рэцэнзіі на кнігу Акудовіча сябра журы сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця Сяргея Кавалёва.

Ганну Янкуту – на Готланд, трэцяе месца – Бартосіку
Ужо пасля цырымоніі ўзнагароджання ў размове з «Белсатам» Сяргей Кавалёў прызнаецца, што насамрэч кніга Валянціна Акудовіча была толькі «адным з фаварытаў». Інтрыгу – каго вызначыць пераможцам? – падсілкоўвала моцная канкурэнцыя.
«Бываюць рашэнні, калі думка журы падзяляецца і патрэбнае дадатковае галасаванне. Дык вось у гэтым выпадку ніякага дадатковага галасавання не было. Але Акудовіч не быў адзіным фаварытам – асноўнай прэтэндэнткай некаторымі сябрамі журы называлася кніга Ганны Янкуты «Час пустазелля», – распавядае крытык, драматург і сябра журы Сяргей Кавалёў.
Кнізе «Час пустазелля» было прысуджанае другое месца, якое, у якасці ўзнагароды, дае магчымасць правесці месяц у творчым адпачынку ў Доме пісьменніка на шведскім востраве Готланд.
«Для мяне прэміі – не пра тую кнігу, якая ўжо напісаная, а пра кнігі, якія яшчэ будуць напісаныя. І я вельмі ўдзячная сябрам журы, якія паверылі ў тыя кнігі, якія я яшчэ напішу. І цяпер я ведаю, што я буду пісаць на востраве Готланд», – казала са сцэны Ганна Янкута.

Трэцяе месца журы аддала кнізе колішняга пераможцы прэміі Змітра Бартосіка – «Забіць упалмінзага». Гэта кніга падарожжаў «да месцаў, звязаных з лёсамі ахвяраў паваеннага савецкага тэрору». Кніга пра ўзброеных паўстанцаў паваенных часоў, пра якіх да выхаду кніжкі Бартосіка мы сапраўды нічога не ведалі.
«За свой адчай і свой ліхі кураж Мы заплацілі мерай найвышэйшай. Хоць зрэдку ўспамінайце нас. Інакш… Нішто не мела і не мае сэнсу», – дэкламаваў Зміцер Бартосік радкі ўласнага вершу, прысвечанага героям яго кнігі.
Быў абвешчаны таксама пераможца спецыяльнай ўзнагароды для аднаго з фіналістаў прэміі імя Ежы Гедройця, якую заснаваў партнёр прэміі – рэдакцыя «Еўрарадыё». Лаўрэат ўзнагароды атрымлівае права на бясплатны запіс аўдыёкнігі у студыі «Еўрарадыё». Пераможцу назваў галоўны рэдактар выдання Павел Свярдлоў. Перамог «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» Евы Вайтоўскай.

Усмешкі, абдымкі, поціскі рук
Прысутныя фіналісты і пераможцы прэміі шчыра дзякавалі арганізатарам цырымоніі і гаспадарам прасторы, якая яе прыняла – Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці ў Гданьску.
З польскага боку перад гледачамі выступілі дырэктар Цэнтру Базыль Керскі, былы польскі консул у Горадні і Берасці, каардынатар стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага цэнтру усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту Ярослаў Ксёнжэк, прадстаўніцы польскага Пэн-клубу і Фонду міжнароднай салідарнасці.
Фінальным акордам цырымоніі ўзнагароджання стаў пранізлівы выступ спявачкі і акторкі Дар'і Новік. У суправаджэнні струннага квартэту «Anima Eterna» яна выканала песні на вершы беларускіх палітвязняў.
Пад яе тонкае «Жыве вера» да нас вяртаецца шум мора…
Абдымаем (атрымліваем аўтограф) Змітра Бартосіка, перадаем гарачыя віншаванні дачцэ Валянціна Акудавіча, якая ў гэты момант размаўляе з татам па тэлефоне, абменьваемся поціскамі з выдаўцамі Андрэем Янушкевічам і Яраславам Іванюком («Камунікат») і цёплымі ўсмешкамі з Ганнай Янкутай.
Вяртаемся ў Варшаву глыбокай ноччу з заплечнікамі, поўнымі новых кніг. Бо сваё неба трэба насіць з сабой. Ну і мора, канешне.
Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Сёлета яе ўручылі ў 13 раз. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў былі Уладзімір Някляеў, Сяргей Дубавец, Ева Вежнавец, Віктар Казько, Ігар Бабкоў ды іншыя. Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Цырымонія ўзнагароджання 26 лістапада ў Гданьску адбылася дзякуючы Беларускаму ПЭНу, Беларускаму культурнаму таварыству «Хатка», Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці ў Гданьску, Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў і Польскаму ПЭН-клубу. Праект быў фінансаваны ў межах праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця МЗС Польшчы.
Зміцер Міраш belsat.eu