Нядаўна мы распавядалі гісторыю беларускі Дзіяны, якой некалькі банкаў адмовілі ў адкрыцці рахунку без беларускага пашпарту. Замест яго ў жанчыны быў польскі падарожны дакумент.
Мы запыталіся ў Камісіі па фінансавым надзоры Польшчы, ці законныя такія адмовы, а таксама ў Офісу Святланы Ціханоўскай і намесніка беларускай лідаркі Паўла Латушкі, ці робяць дэмакратычныя сілы штосьці, каб спрасціць беларусам вырашэнне банкаўскіх пытанняў у Польшчы. Распавядаем, што нам адказалі.
Некалькі банкаў, розныя аддзяленні, але рахунак адкрылі
За час, які прайшоў ад публікаціі мінулага матэрыялу, яшчэ адна беларуска – Алена (імя змененае з меркаванняў бяспекі), распавяла нам, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася ў польскім банку. Дзяўчына мае рахунак у Millenium з 2017 года. Нядаўна яна атрымала статус уцекача і «жэнеўскі» пашпарт, а тэрмін дзеяння беларускага пашпарту ў дзяўчыны скончыўся. У выпадках, калі змяняюцца нейкія асабістыя дадзеныя (любыя – пашпартныя, адрас і т.п.) трэба абавязкова паведаміць пра гэта ў банк. Аднак, калі Алена прыйшла ў аддзяленне, ейную інфармацыю адмовіліся абнаўляць праз сканчэнне тэрміну дзеяння беларускага пашпарту.
«Сярод дакументаў, якія яны прымаюць, няма ні «жэнеўскага» пашпарту, ні польскага падарожнага дакументу. Millenium – прыватны банк, і яны самі могуць прызначаць свой спіс. У адным аддзяленні сказалі, што абавязкова павінны быць карта побыту (дазвол на жыхарства) і другі дакумент – пашпарт ці працоўная дамова, дакументы на нерухомасць. Але ўсяго гэтага ў мяне няма. У іншым аддзяленні сказалі, што хопіць карты побыту. Буду спрабаваць там актуалізаваць дадзеныя. Добра, што яшчэ прыкладанне працуе з пратэрмінаваным пашпартам», – распавяла беларуска.
У гераіні ж нашага мінулага матэрыялу Дзіяны ўсё ўрэшце склалася добра. За гэты час жанчына яшчэ раз схадзіла ў Millenium і зноў атрымала адмову. Тады беларуска вярнулася ў Santander, але ўжо ў іншае аддзяленне. Кажа – спачатку рэакцыя на падарожны дакумент была збянтэжаная.
«Супрацоўніца пачала кансультавацца з дарадцай. Тая сказала, што мне можна адкрыць рахунак. Супрацоўніца спрачалася, але дарадца стаяла на сваім – хопіць толькі карты побыту. Баюся, калі б не яна, мне б зноў нічога не адкрылі», – распавяла Дзіяна.
Але ці атрымаецца ўзяць крэдыт на адкрыты рахунак, жанчына не ведае – будзе гэта высвятляць у бліжэйшы час.

Падарожны дакумент не пацвярджае асобу
Мінулым разам Упраўленне па справах замежнікаў, у якога мы пыталіся, ці сапраўды польскі падарожны дакумент не пацвярджае асобу, параіў нам звярнуцца ў Камісію фінансавага надзору. Мы так і зрабілі.
«У адпаведнасці з пунктам 1д раздзелу 1 арт. 36 Закону ад 1 сакавіка 2018 года «Аб супрацьдзеянні легалізацыі (адмыванні) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму», банкі ў рамках прымянення мераў фінансавай бяспекі абавязаныя вызначаць серыю і нумар дакументу, які пацвярджае асобу кліента, а затым у адпаведнасці з арт. 37 гэтага закону – правяраць гэтыя дадзеныя. Немагчымасць прымянення гэтай меры фінансавай бяспекі на падставе п. 1 раздзелу 1 арт. 41 Закону аб барацьбе з адмываннем грошай перашкаджае ўстанаўленню эканамічных адносінаў з кліентам», – адказалі нам у Камісіі.
Дырэктар Дэпартаменту сацыяльных камунікацыяў Камісіі фінансавага надзору Яцэк Баршчэўскі тлумачыць, што каб адкрыць рахунак у польскім банку, у кліента павінен быць дакумент, які пацвярджае ягоную асобу. Што датычыць польскага падарожнага дакументу для замежнікаў, то ён, згодна з арт.253 Закону аб замежніках, у перыяд сваёй дзейнасці дае яго ўласніку права да шматразовага перасячэння мяжы.
,,«Заканадаўца не ўказаў у законе, што ён (падарожны дакумент – рэд.), у адрозненні ад іншых дакументаў, пералічаных у законе аб замежніках, пацвярджае асобу, – кажа прадстаўнік Камісіі фінансавага надзору. – З мэтай пацверджання асобы замежнік павінен карыстацца іншым дакументам».
Пацвярджае асобу замежніка падчас знаходжання на тэрыторыі Польшчы ягоны нацыянальны пашпарт ці польская карта побыту (дазвол на жыхарства).
«Заканадаўца выразна адрознівае дакумент, што пацвярджае асобу, якім з’яўляецца карта побыту, ад падарожнага дакументу, які дае права на перасячэнне мяжы, і патрабуе наяўнасці абодвух дакументаў», – падкрэсліваецца ў адказе нам.
Больш абмежаванняў – у выпадку сувязі з краінай пад санкцыямі
Камісія нагадвае, што пасля надання чалавеку статусу ўцекача на тэрыторыі Польшчы, выдаецца падарожны дакумент, прадугледжаны Жэнеўскай канвенцыяй ці «жэнеўскі» пашпарт, а таксама дазвол на жыхарства на тры гады. «Жэнеўскі» пашпарт пры гэтым нібыта таксама не пацвярджае асобу, бо далей прадстаўнік Камісіі піша:
«Такім чынам, асоба, якой нададзены статус уцекача, атрымлівае разам з падарожным дакументам карту побыту. Таму, незалежна ад наяўнасці падарожнага дакументу, замежнік, які мае статус уцекача, можа карыстацца картай побыту, адносна якой няма сумневаў, што яна пацвярджае асобу».
Пры гэтым кожны банк мае пэўную свабоду ў выкарыстанні ўзмоцненых сродкаў фінансавай бяспекі ў выпадку вышэйшай рызыкі адмывання грошай і фінансавання тэрарызму. Адным з фактараў, які ўказвае на падвышаную рызыку адмывання грошай і фінансавання тэрарызму, а значыць і на неабходнасць выкарыстання большых абмежаванняў датычна ідэнтыфікацыі і верыфікацыі кліента, з’яўляецца сувязь гаспадарчых зносінаў ці транзакцыяў з дзяржавай, у якой, згодна з надзейнымі крыніцамі, існуе высокі ўзровень карупцыі ці іншай злачыннай дзейнасці, ці з дзяржавай, якая фінансуе ці падтрымлівае тэрарыстычныя дзеянні ці арганізацыі, а таксама ў дачыненні да якой ААН ці ЕЗ наклалі санкцыі.

Што кажуць банкі?
Мы атрымалі адказ з банку Santander. Нам патлумачылі, што ў грамадзянаў Беларусі для атрымання банкаўскіх паслугаў павінна быць дзейсная карта побыту Польшчы ці іншай краіны Еўразвязу, Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Швейцарыі. Тэрмін дзеяння такой карты павінен складаць не менш за 12 месяцаў.
Банк таксама падкрэслівае, што падарожны дакумент не з’яўляецца дакументам, які пацвярджае асобу. У якасці такога дакументу банк прымае карту побыту.
У адказе з банку Millenium гаворыцца, што грамадзянам Беларусі для адкрыцця рахунку патрэбныя наступныя дакументы: пашпарт і дакумент, які пацвярджае неабходнасць наяўнасці рахунку ў Польшчы, напрыклад, карта побыту, працоўная дамова, дамова аб куплі жытла, пасведчанне аб шлюбе з грамадзянінам Польшчы.
«На падставе гэтых дакументаў могуць быць адкрытыя рахункі на стандартных умовах. Адначаосва тлумачым, што ў адпаведнасці з асобнымі палажэннямі Закону, штораз у выпадку навязання новых зносінаў з новым кліентам Банк абавязаны до ацэнкі магчымасці ўжывання сродкаў фінансавай бяспекі, акрэсленых у арт.34 Закону аб супрацьдзеянні адмыванню грошай у тым, што датычыць канкрэтных гаспадарчых зносінаў», – гаворыцца ў адказе, падпісаным прэс-сакратаркай Millenium Агнешкай Кубаек.
Пра некаторыя іншыя банкі нядаўна пісаў тэлеграм-канал DzikPic Так, ING Bank Śląski для адкрыцця рахунку прымае пашпарт ці карту побыту, але не падарожны дакумент. Банк папярэджвае, што можа запытаць дадатковыя дакументы, якія пацвердзяць падставы знаходжання на тэрыторыі Польшчы і крыніцу сродкаў. Калі ў ахвочага адкрыць рахунак у ING Bank няма польскага падатквага рэзідэнцтва, ён мусіць прадставіць NIP – ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплацельшчыка.
Банк Pekao патрабуе пашпарт і можа запытаць дадатковыя дакументы – карту побыту, дазвол на пражыванне. У выпадку, калі рахунак адкрывае замежнік, які падаў заяву на атрыманне статусу ўцекача і знаходзіцца ў статусе разбіральніцтва, ён мусіць прадставіць часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC) з тэрмінам дзеяння.
Банк РКО паведамляе, што для адкрыцця рахунку прымае наступныя дакументы: пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу: карту побыту, карту побыту грамадзяніна ЕЗ, польскі дакумент, які пацвярджае асобу замежніка, польскі праязны дакумент для замежніка, часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC).

mBank, які раней адмовіў беларусцы Дзіяне, адказаў DzikPic, што для адкрыцця рахунку патрэбны пашпарт з картай побыту ці “жэнеўскі” пашпарт (не польскі падарожны дакумент) з картай побыту.
Santander у адказе тэлеграм-каналу падкрэсліў, што не прымае падарожны дакумент, аднак «калі ў вас ёсць від на жыхарства тэрмінам мінімум на 12 месяцаў, вы можаце адкрыць у нас рахунак».
Дарадца Ціханоўскай: АПК спрабаваў наладзіць дыялог з польскімі фінансавымі ўстановамі
Тое, што часам беларусы ў Польшчы сутыкаюцца з праблемамі пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў і атрыманні крэдытаў, пацвердзіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Лявон Марозаў.
«Гэтыя праблемы могуць быць звязаныя з узмоцненымі мерамі бяспекі і прадухіленнем фінансавых махінацыяў. Аднак гэта стварае дадатковыя цяжкасці для звычайных грамадзянаў Беларусі, якія не маюць дачынення да санкцыйных спісаў», – кажа прадстаўнік Офісу Ціханоўскай.
У Польшчы банкі, у тым ліку дзяржаўныя, як PKO Bank Polski, абавязаныя выконваць заканадаўства, якое рэгулюе працэдуры адкрыцця банкаўскіх рахункаў. Аднак кожны банк мае права ўсталёўваць уласныя ўнутраныя правілы і патрабаванні адносна дакументаў, неабходных для адкрыцця рахунку, кажа эксперт:
,,«У выпадку з падарожнымі дакументамі сітуацыя можа адрознівацца ў залежнасці ад банка. Некаторыя банкі могуць прымаць падарожны дакумент як дастатковы для ідэнтыфікацыі кліента, асабліва калі ён суправаджаецца дадатковымі дакументамі, якія пацвярджаюць права на знаходжанне ў Польшчы. Іншыя банкі могуць патрабаваць нацыянальны пашпарт або іншыя дакументы».
Паводле Марозава, дэмакратычныя сілы Беларусі супрацоўнічаюць з польскімі грамадскімі арганізацыямі і праваабарончымі ініцыятывамі, каб аказаць падтрымку беларусам, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў. Гэтыя намаганні накіраваныя на абарону правоў беларусаў і забеспячэнне ім роўнага доступу да фінансавых паслугаў у Польшчы.
«Як дарадца па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай, магу пацвердзіць, што з боку Аб’яднанага пераходнага кабінету былі спробы наладзіць дыялог з польскімі банкаўскімі і фінансавымі ўстановамі, а таксама з польскімі ўладамі для змякчэння ўмоваў адкрыцця рахункаў для беларусаў. Яшчэ 28 траўня 2024 года намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага надзору Польшчы. Гэта сведчыць пра намаганні ўсталявання дыялогу з польскімі ўладамі і фінансавымі ўстановамі для вырашэння праблемы», – распавёў Лявон Марозаў.
Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага надзору
Павел Латушка зазначае, што апошнім часам былыя палітвязні сутыкнуліся з праблемамі пры адкрыцці рахункаў у Польшчы, у прыватнасці, у PKO Bank Polski, які нядаўна ўвёў дадатковыя патрабаванні.
«Многія з былых палітвязняў не могуць адкрыць рахунак у банку праз адсутнасць дакументу, які пацвярджае мэту адкрыцця – дамову з працадаўцам, арэнды жытла. Пры гэтым асобам, якія падаюць заяву на прытулак і міжнародную абарону і атрымліваюць сацыяльныя выплаты, неабходны банкаўскі рахунак для гэтых мэтаў. Аднак адкрыць яго яны не могуць, паколькі на момант наяўнасці ў іх на руках беларускага пашпарту, яны яшчэ не маюць ніякага дакументу, які б пацвярджаў мэту адкрыцця рахунку», – кажа Латушка.
Пасля падачы заявы на абарону пашпарт у такіх людзей забіраюць, і яны пазбаўляюцца магчымасці адкрыць рахунак без дакументу, які пацвярджае асобу.
12 лістапада 2024 года Павел Латушка накіраваў другі за год ліст у Камісію фінансавага надзору Польшчы, у якім папрасіў дазволіць банкам прымаць для адкрыцця рахунку часовае пасведчанне асобы замежніка ад тых, хто падаў заяву на прытулак ці міжнародную абарону, а таксама праязны дакумент замежніка ад тых, у каго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарту.
«Раней МУС Польшчы ў сваім лісце пацвердзіў што праязны дакумент можна разглядаць як дакумент, які пацвярджае асобу», – зазначае намеснік Ціханоўскай.
Павел Латушка лічыць, што таксама важным было б без дадатковых патрабаванняў дазволіць адкрываць рахункі ўласнікам гуманітарнай візы, пра што беларускі палітык таксама кажа ў лісце ў КФН.
«Кліенты банкаў у выпадку парушэння іхных правоў могуць падаць скаргу ў сам банк, а таксама атрымаць кансультацыю па сваіх спрэчках у фінансавага амбудсмэна ці рэгіянальных амбудсмэнаў па абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў няўрадавых арганізацыях па абароне правоў спажыўцоў», – кажа кіраўнік НАУ.
Такім чынам, адкрыць рахунак у польскім банку нават калі скончыўся беларускі пашпарт, а замест яго ў вас цяпер - падарожны дакумент, цалкам магчыма, хоць і можа быць няпроста. Калі ў вас ёсць карта побыту з тэрмінам як мінімум 12 месяцаў, рабіце акцэнт на гэтым у размовах з банкаўскімі супрацоўнікамі, бо паводле заканадаўства, яна пацвярджае вашую асобу. Як мінімум, у дзяржаўным банку PKO у адкрыцці рахунку не адмовяць, як вынікае з усёй атрыманай намі інфармацыі.
Што рабіць, калі не адкрываюць рахунак
Лявон Марозаў у сітуацыі адмовы у адкрыцці рахунку ў польскім банку раіць наступныя крокі:
Запытацца пра прычыны адмовы. Паводле польскага заканадаўства, банк павінен растлумачыць прычыны адмовы ў адкрыцці рахунку, хоць часам гэта можа быць абагульнены адказ.
Звярнуцца ў аддзел падтрымкі кліентаў банкау. Многія банкі маюць спецыялізаваныя аддзелы, якія дапамагаюць кліентам у разглядзе складаных сітуацыяў.
Падаць афіцыйную скаргу. Калі адказ банку не здавальняе або калі беларус лічыць, што адмова неабгрунтаваная, можна падаць скаргу на банк у польскую Камісію фінансавага надзору ці звярнуцца да фінансавага амбудсмэна (Rzecznik Finansowy). Гэтыя органы могуць правесці незалежную праверку і ацаніць правамернасць дзеянняў банку.
Атрымаць юрыдычную кансультацыю. Карысна асабліва калі сітуацыя звязаная з больш складанымі абмежаваннямі або палітычнымі прычынамі.
Звярнуцца ў грамадскія арганізацыі. Некаторыя грамадскія арганізацыі, якія займаюцца правамі беларусаў у Польшчы, напрыклад, ЦБС, таксама могуць аказаць дапамогу ў падобных выпадках, параіўшы, як дзейнічаць далей.
Ганна Ганчар belsat.eu